.

Джанлука Марчано

Запрошаны галоўны дырыжор


Біяграфія

Выпускнік Музычнай Акадэміі Фларэнцыі, Джанлука Марчано пачынаў музычную кар'еру як піяніст, выступаў на розных канцэртных пляцоўках не толькі Італіі, але і іншых краін, удзельнічаў у юбілеі Дж.Вердзі ў 2001 годзе (тэатр Рэджо ў Парме), оперным фестывалі «Фларэнтыйскі музычны май» і інш.

Марчано цесна супрацоўнічае з Ангельскай нацыянальнай операй, опернымі тэатрамі Заграба, Мінска, Сасары, Прагі. У розныя гады – галоўны дырыжор Харвацкага опернага тэатра ў Заграбе, музычны кіраўнік і галоўны дырыжор Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя З. Паліяшвілі (Грузія), запрошаны дырыжор Румынскага філарманічнага аркестра, ансамбля салістаў «Кіеўская Камерата», камернага аркестра «Gli Armonici», музычны кіраўнік міжнароднага фестывалю «Аль Бустан» у Бейруце.

Прымаў удзел у фестывалях «Лонгбара» (Брытанія) (у 2010 г. пад яго кіраўніцтвам пастаўлена «Травіята» Дж.Вердзі, у 2011 – «Так робяць усе» В.А.Моцарта), Лонгбарскім оперным фестывалі («Чароўная флейта», «Вяселле Фігара», «Дон Жуан», «Так робяць усе», «Травіята»), у арганізацыі «Chelsea Opera Group» («Манон Леско», «Травіята», «Фаварытка», «Альзіра»).

У яго рэпертуары оперы В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Г.Даніцэці, В.Беліні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні, У.Джардана, Р.Леанкавала, П.Масканьі, Ф.Пуленка і інш. Дырыжор працаваў з такімі інструменталістамі, як Гацье Капюсон, Арабэла Штайнбахер, Ганна Ціфу, Аляксандра Сум, Стывен Ісерліс, Барыс Андрыянаў, Марыя Жуан Пірэш, Давід Герынгас, Хація Буніацішвілі, Сяргей Крылоў, Ніна Котава, Джавані Саліма, Сяргей Накаракаў, Дзяніс Кажукін; супрацоўнічаў з вядомымі спевакамі Франчэска Аніле, Паалета Мароку, Даната Ламбардзі, Ніно Сургуладзе, Аляксандру Агачэ, Зоран Тадаровіч, Ганна Куо, Інва Мула і іншымі.

Працаваў з такімі знакамітымі аркестрамі, як Сімфанічны аркестр Масквы "Руская філармонія", BBC Concert Orchestra, Борнмутскі сімфанічны аркестр, Ангельская нацыянальная опера, Філарманічнымі аркестрамі Аўеда і Сараева, Падуанскім аркестрам Orchestra di Padova e del Veneto, Дзяржаўным моладзевым аркестрам Арменіі, The World Orchestra, аркестрам Макао і Пекінскім сімфанічным аркестрам.

Сярод апошніх канцэртных мерапрыемстваў – канцэрты з Аркестрам філармоніі імя Джорджэ Энеску і ліванскім філарманічным аркестрам (Сімфонія № 1 Малера, 2011 г.). Дырыжор цесна супрацоўнічае з Англійскім камерным аркестрам, адкрыўшы іх лонданскі 2011/2012 сезон праграмай, якая ўключала ў сябе Сімфонію № 39 Моцарта і Канцэрт № 2 для скрыпкі з аркестрам Пракоф'ева ў Кадаган-Холе.


 

Партнёры