Жорж Бізэ – Радзівон Шчадрын
Кармэн-сюіта

балет у адной дзеі

Пн | 27 мая 2019|19:02

Узрoст 12+

Узнаўленне

null
Даты спектакля

Лібрэта - народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Елізар'еў па матывах паэтычнага цыкла Аляксандра Блока "Кармэн"
Харэаграфія і пастаноўка - народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Елізар'еў
Дырыжор-пастаноўшчык - народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Яраслаў Вашчак
Дырыжор-пастаноўшчык аднаўлення - народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў
Мастак-пастаноўшчык - народны мастак Украіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны Яўген Лысік
Мастак па святлу - Ніна Іванкіна
Дырыжоры - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў, Алег Лясун

Працягласць - 50 хвілін
Прэм'ера - 30 сакавіка 1974 года
Аднаўленне спектакля - 24 красавіка 2019 года

 

Кармен – Людмила Уланцева

Хозе – Эвен Капитен

Тореро – Олег Еромкин

 

"Ці варта казаць, што балет "Кармэн-сюіта" з’яўляецца харэаграфічнай версіяй знакамітай оперы? Усім вядомы змест навелы П. Мерыме ў оперы раскрываецца ў чатырох актах, тут ён зжаты да аднаго акта, у якім засталося толькі самае істотнае. Балет – своеасаблівы экстракт зместу і музыкі Ж. Бізэ. Ля вытокаў задумы балета паводле оперы "Кармэн" стаіць М. Плісецкая. Праз усю сваю творчую дзейнасць яна пранесла мару аб вобразе Кармэн, неразрыўна звязаную з музыкай Ж. Бізэ. Сваёй марай яна здолела захапіць кампазітара Р. Шчадрына, які стварыў выдатную транскрыпцыю музыкі Ж. Бізэ, і кубінскага балетмайстра А. Алонса, які стварыў лібрэта і харэаграфію "Кармэн-сюіты". У выніку з’явіўся яркі спектакль Вялікага тэатра з М. Плісецкай у галоўнай ролі. На сцэне ДАВТа Беларусі "Кармэн-сюіта" была пастаўлена ў 1974 годзе з арыгінальным лібрэта і харэаграфіяй В. Елізар’ева. Стваральнікі беларускага спектакля пайшлі яшчэ далей у сэнсе адмаўлення ад другарадных сюжэтных ліній і герояў, ад бытавых падрабязнасцей, нацыянальнай характарнасці, засяродзіўшы ўсю ўвагу на ўнутраным, духоўным баку драмы Кармэн…
"Кармэн" па-за Ж. Бізэ, мяркуецца, заўсёды будзе мець пэўнае расчараванне. Занадта моцна звязана наша памяць з музычнымі вобразамі неўміручай оперы. Так з’явілася думка аб транскрыпцыі…

Пасля таго, як быў выбраны жанр, неабходна было выбраць інструментарый і вырашыць, якія інструменты сімфанічнага аркестра здольны дастаткова пераканаўча кампенсіраваць адсутнасць чалавечых галасоў, якія з іх найбольш ярка падкрэсляць відавочную харэаграфічнасць музыкі Ж. Бізэ. У першым выпадку гэту задачу, на мой погляд, былі здольны вырашыць толькі струнныя інструменты, у другім – ударныя. Так вызначыўся састаў аркестра – струнныя і ўдарныя.

Партытура "Кармэн" – адна з самых дасканалых у гісторыі музыкі. Акрамя надзвычайнай тонкасці, густу, майстэрства голасазнаўства, акрамя ўнікальнай у музычнай літаратуры "ашчаднасці" і "эканомнасці" гэта партытура перш за ўсё здзіўляе сваёй абсалютнай опернасцю. Вось прыклад ідэальнага спасціжэння законаў жанру!

Аркестр Ж. Бізэ празрысты і гібкі. Аркестр Ж. Бізэ дапамагае спевакам, "падае" іх галасы слухачу, віртуозна выкарыстоўваючы натуральныя абертоны струнных інструментаў. Менавіта гэта ідэальная опернасць партытуры была яшчэ адным довадам за "транскрыпцыю". Механічная перадача партыі голасу таму ці іншаму інструменту парушыла б усю гармонію партытуры, разарвала б самыя тонкія ніці ўсёй музычнай логікі Ж. Бізэ.

Опера і балет – віды мастацтва, бясспрэчна, брацкія, аднак кожны з іх патрабуе сваёй заканамернасці. Балетны аркестр, мне падаецца, павінен заўсёды гучаць на некалькі градусаў "гарачэй" за оперны. Яму належыць "дараспавядаць" значна больш, чым аркестру опернаму. Даруйце за параўнанне, але "жэстыкуляцыя" музыкі ў балеце павінна быць значна больш рэзкай і прыкметнай.

Я са шчырым захапленнем працаваў над партытурай балета. Хацелася б выкарыстаць усе віртуозныя магчымасці абранага саставу. Як гэта атрымалася – судзіць нашаму гледачу і слухачу".

Кампазітар Радзіон Шчадрын

"Меладраматычны сюжэт навелы П. Мерыме набыў у оперы Ж. Бізэ трагедыйна-філасофскае абагульненне. Менавіта гэту лірыка-трагедыйную сутнасць музыкі Ж. Бізэ сканцэнтравала транскрыпцыя Радзіона Шчадрына. Яе імкнуліся захаваць і мы ў сваёй пастаноўцы балета.

Сюіта ўяўляе сабой карціны з жыцця, а менавіта – духоўнай барацьбы Кармэн. Умоўнасць балетнага тэатра лёгка і натуральна перамяшчае іх у часе, што дазваляе прасачыць не за знешнімі бытавымі падзеямі, а за падзеямі ўнутранага духоўнага жыцця гераіні.

Не, не спакусніца, не ракавая жанчына Кармэн! Нас прываблівае ў гэтым вобразе духоўная прыгажосць Кармэн, цэльнасць і бескампраміснасць яе натуры.

Аляксандр Блок пісаў пра Кармэн: "Сама по себе закон – летишь, летишь ты мимо к созвездиям иным, не ведая орбит…". Гэты палёт незалежнай Кармэн насустрач каханню, шчасцю і… смерці мы пачулі ў музыцы Ж. Бізэ-Р. Шчадрына".

Дырыжор Яраслаў Вашчак

"Вось ужо некалькі год я зачараваны музыкай "Кармэн-сюіты". Пры блізкім знаёмстве з партытурай Радзіона Шчадрына маё захапленне перарасло ў любоў. Час не старыць ні навелу Проспера Мерыме, ні музыку Жоржа Бізэ, а толькі раскрывае нам новыя грані вобраза Кармэн, і сучаснік знаходзіць у ім блізкія сабе праблемы і думкі. Выкарыстоўваючы першакрыніцы, Р. Шчадрын стварыў цудоўную балетную сюіту з тонкімі нюансамі аркестровай палітры.

Слухаючы гэту музыку, я бачыў сваю Кармэн, якая значна адрознівалася ад Кармэн у іншых спектаклях. Для мяне яна не толькі незвычайная жанчына, гордая і бескампрамісная, і не толькі сімвал кахання. Яна – гімн кахання, кахання чыстага, сумленнага, палкага, патрабавальнага, кахання каласальнага палёту пачуццяў, на якія не здольны ні адзін з мужчын, якія ёй сустракаліся.

Кармэн не лялька, не прыгожая цацка, не вулічная дзеўка, з якой многія былі б не супраць пазабавіцца. Для яе каханне – сутнасць жыцця. Ніхто не здолеў ацаніць, зразумець яе ўнутраны свет, схаваны за асляпляльнай прыгажосцю.

Палка пакахаў Кармэн Хазэ. Каханне змяніла грубага, абмежаванага салдата, адкрыла яму духоўныя радасці, але для Кармэн яго каханне хутка ператвараецца ў путы. Захоплены сваім пачуццём, Хазэ не спрабуе зразумець Кармэн. Ён пачынае кахаць ужо не Кармэн, а сваё пачуццё да яе…

Яна магла бы пакахаць і Тарэра, які не абыякавы да яе прыгажосці. Але Тарэра – далікатны, галантны і бясстрашны – унутрана лянівы, халодны, ён не здольны змагацца за каханне. І, натуральна, такога, як ён, не можа кахаць патрабавальная і ганарлівая Кармэн. А без кахання няма шчасця ў жыцці, і Кармэн прымае смерць ад Хазэ, каб не стаць на шлях кампрамісу альбо адзіноты ўдваіх".

Харэограф-пастаноўшчык Валянцін Елізар’еў

Назад

Партнёры