Архiў навiн

Міхаіл Малафій – Ленскі

Сцэна беларускага Вялікага не адпускае маладога тэнара Міхаіла Малафія. У які раз артыст Львоўскай оперы прыязджае да нас – і кожны раз зрывае апладысменты гледачоў і... выкрадае сэрца дам. 30 лістапада на беларускай сцэне ён ужо ў другі раз паўстане ў вобразе Ўладзіміра Ленскага ў адной з найпрыгажэйшых опер Пятра Чайкоўскага «Яўген Анегін».

– Партыя Ленскага – нібы бальзам для лірыка-драматычнага тэнара, – адзначае запрошаны артыст Вялікага тэатра Беларусі Міхаіл Малафій. – А музыка Чайкоўскага – гэта лекі для голасу. Ды і сам персанаж – закаханы малады паэт – мне блізкі, бо я рамантык. Спадзяюся, 30 лістапада падбяру ключык да сэрца кожнага гледача Вялікага тэатра. Бо беларускі глядач – асаблівы. Калі педагогі ці калегі распавядаюць мне пра тое, як іх прымалі ў «Метраполітэн-опера» або ў «Ла Скала», я думаю: а бо сапраўды такі ж цёплы прыём мяне заўсёды чакае ў Мінску! «Яўген Анегін» – першая руская опера ў маім рэпертуары наогул. Прыемна, што мой дэбют адбыўся на вашай сцэне. Хаця... Лічу, што Мінск – мой другі дом. Калі ў мяне пытаюцца, дзе я працую, спачатку называю Львоўскую оперу, а потым абавязкова – Вялікі тэатр Беларусі.

Мінск сапраўды стаў для Міхаіла своеасаблівай стартавай пляцоўкай для яго, безумоўна, паспяховай прафесійнай кар'еры. Чэхія, Польшча, Славакія, Сербія, Італія, Францыя, Аўстрыя (менавіта ў Лінцы ўкраінскі тэнар стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell'Opera-2017) – Малафій выступаў ужо ва многіх тэатрах свету. І ўсё ж такі на пачатку быў Мінск. Менавіта на сцэне нашага Вялікага тэатра ён атрымаў Першую прэмію Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў і Прыз глядацкіх сімпатый – беларуская публіка была ўпакорана прыгожым глыбокім голасам і акцёрскімі дадзенымі ўкраінскага тэнара. З гледачамі цалкам былі згодныя і музычныя крытыкі, якія называлі Міхаіла Малафія няйначай, як «залаты голас». «Галоўныя перамогі і выпрабаванні ў маладога тэнара яшчэ наперадзе, адзначалі аглядальнікі праекта classicalmusicnews.ru, але ўжо цяпер неабходна адзначыць эмацыйную напоўненасць і выразнасць тэмбру, да чаго варта дадаць безумоўны тэмперамент, малады запал і выразную сцэнічную знешнасць».

Застаецца дадаць, што за дырыжорскім пультам ў гэты вечар – маэстра Андрэй Іваноў. А галоўныя партыі праспяваюць выдатныя салісты: Яўген Анегін – Дзяніс Янцэвіч (для маладога барытона гэта будзе першае выкананне), Таццяна – Настасся Масквіна, Вольга – Крыскенція Стасенка, Князь Грэмін – Алег Мельнікаў, Ларына – Святлана Марусевіч.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры