Архiў навiн

Гала-канцэрт

 

 14 лістапада адбудзецца канцэрт, які даўно чакалі нашы гледачы. На сцэне Вялікага тэатра выступяць лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўная прэмія нашай краіны, несумненна, адно з самых ганаровых званняў, якое даецца лепшым. Гэта вышэйшае прызнанне таленту, у якім, як вядома, толькі адзін працэнт аддаецца на водкуп геніяльнасці, усе астатнія 99% – найцяжэйшая праца. І пра гэта, як ніхто іншы, ведаюць нашы лаўрэаты – артысты і музыканты, якія 14 лістапада зоймуць сваё звыклае месца – на сцэне. Святло сафітаў схавае сляды стомленасці на іх тварах, пачнецца вечар, які, як і заўсёды, павінен прынесці гледачам толькі радасць, а калі слёзы і з'явяцца, то выключна ад шчасця, шчасця мець дачыненне да таго дзейства, што здзяйсняецца тут і цяпер. І імя яму – высокае мастацтва.

14 лістапада нашы вядучыя салісты праспяваюць свае каронныя партыі – выйдуць у вобразах, якія даўно любіць наш гледач. Мы абавязкова пачуем арыю Кізгайлы з оперы «Сівая легенда» у выкананні Станіслава Трыфанава. (Нотку светлага смутку прыўнясе ў канцэрт музыка Дзмітрыя Смольскага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі (1980), які адышоў ад нас гэтай восенню.) Сяргей Франкоўскі паўстане ў ролі Каніа з шэдэўра Руджера Леанкавала «Паяцы». На разрыў аорты, як умее толькі яна, Ніна Шарубіна праспявае Ave Maria Джуліо Качыні. Бліскучая Аксана Волкава выканае арыю Далілы з оперы Каміля Сэн-Санса. А як пранікнёна Настасся Масквіна спявае Антаніна Дворжака! Арыя Русалкі абавязкова прагучыць на канцэрце. Як і многія іншыя дуэты і арыі з самых вядомых твораў Пятра Чайкоўскага, Мікалая Рымскага-Корсакава, Джаакіна Расіні, Жоржа Бізэ, Джузэпэ Вердзі, Джакама Пучыні і інш. І вядома, гэты канцэрт проста немагчымы без нашага хору, якім кіруе Ніна Ламановіч, і аркестра, які ў гэты вечар павядзе за сабой Аляксандр Анісімаў.

Важна ведаць!
Сусветна вядомы дырыжор, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат прэстыжнай тэатральнай прэміі «Залатая маска», кавалер ордэна Францыска Скарыны Аляксандр Анісімаў стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за пастаноўку оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана ў 1990-м.
За выдатныя дасягненні вакальнага і выканальніцкага майстэрства, якія маюць высокую эстэтычную каштоўнасць і ўносяць значны ўклад у беларускую нацыянальную культуру, Ніна Шарубіна, народная артыстка Беларусі, ўдастоена Дзяржаўнай прэміі за 2012 год.
Дзяржаўная прэмія за 2016 год у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджана калектыву Вялікага тэатра: галоўнаму хормайстру, народнай артыстцы Беларусі, уладальніцы ордэна Францыска Скарыны Ніне Ламановіч, народнай артыстцы Беларусі Настассі Масквіной, народнаму артысту Беларусі, ўладальніку ордэна Францыска Скарыны Сяргею Франкоўскаму, заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Аксане Волкавай, заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь Станіславу Трыфанаву, галоўнаму мастаку тэатра, ўладальніку медаля Францыска Скорины Аляксандру Касцючэнка – за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» паводле твора Ўладзіміра Караткевіча.

 

 

 

 

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры