Архiў навiн

«Опера-гала»

– Апошнім часам я рыхтавала канцэрты з адзінай мэтай – паказаць, што оперны тэатр зусім не кансерватыўная ўстанова. Менавіта таму на малой сцэне гучалі і музыка 1930-40-х гадоў, і пені з савецкіх кінафільмаў. Мы рыхтавалі тэатралізаваныя канцэрты, навагоднія праграмы а-ля «Блакітны агеньчык» – і гледачы заўсёды іх прымалі з радасцю. Але ўсё-такі гэта лёгкі жанр. А мне захацелася, каб публіка пачула цікавыя творы класічнага кірунку, з якімі, магчыма, гледачы і не знаёмыя. Тое, што прагучыць на малой сцэне 17 студзеня, нельга пачуць у вялікай зале тэатра. І гэта, як мне здаецца, велізарны плюс гэтага канцэрту, якому мы далі назву «Опера-гала», – кажа канцэртмайстар лаўрэат міжнароднага конкурсу Святлана Колас-Іванова. – Арыя Джані Скікі з аднайменнага шэдэўра Джакама Пучыні, дуэт Надзіра і Зургі з оперы Жоржа Бізэ «Шукальнікі жэмчугу», ронда Фарлафа з «Руслана і Людмілы» Міхаіла Глінкі, арыя Электры з моцартаўскага «Ідаменэя», дуэт закаханых з оперы Рыкарда Дзанданаі «Джульета і Рамэа», арыя Рэцыі з «Аберона» Карла Вэбэра, арыя Шамаханскай царыцы з «Залатога пеўніка» Мікалая Рымскага-Корсакава – вы пачуеце сапраўдныя оперныя «хіты», віртуозную музыку, якая надзвычай складаная для вакальнага выканання. Але ў канцэрце прымаюць удзел сапраўдныя зоркі Вялікага тэатра Беларусі, якія справяцца з пастаўленай задачай, у гэтым можна не сумнявацца. Анастасія Масквіна, Таццяна Гаўрылава, Маргарыта Ляўчук, Кацярына Галаўлёва, Станіслаў Трыфанаў, Эдуард Мартынюк, Аляксандр Міхнюк, Аляксандр Гелах,  Дзмітрый Капілаў – вашы любімыя артысты падораць вам радасць сустрэчы з музыкай рэдкай прыгажосці. А «разыначку» ў канцэрт прыўнясуць музыканты нашага аркестра, якія не толькі будуць акампанаваць артыстам, але і праявяць сваё віртуознае майстэрства ў сольных нумарах.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры