Архiў навiн

Дысней. Сапраўдны цуд

Цэлы месяц – з лістапада па снежань 2017-га – артысты аркестра Вялікага тэатра Беларусі былі з гастролямі ў гарадах Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. На вялікіх арэнах Берліна, Кёльна, Гамбурга, Цюрыха, Вены, Фрайбурга, Франкфурта, Нюрнберга, Аберхаўзена, Граца гучала музыка з усімі любімых казачных гісторый геніяльнага мультыплікатара Ўолта Дыснея.

Нашаму аркестру не прывыкаць да падобных тураў, музыканты ўжо ігралі на еўрапейскіх пляцоўках «Музыку кіно» легендарных кампазітараў Ханса Цымера і Джона Ўільямса. Цяпер вялізныя арэны гарадоў Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі былі запоўненыя асаблівай публікай – прыхільнікамі мультфільмаў Уолта Дыснея.

– Аншлагі былі ў кожным горадзе, – успамінае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь канцэртмайстар аркестра Рэгіна Саркісава. – Прыхільнікі мультфільмаў «Аладзін», «Кароль Леў», «Халоднае сэрца», «Рапунцэль. Заблытаная гісторыя», «Тарзан», «Уверх!» з непрыхаваным задавальненнем слухалі музыку з любімых казак, з захапленнем глядзелі на велізарныя экраны, дзе з'яўляліся знакавыя моманты з дыснэеўскіх гісторый, і дапамагалі вакалістам выконваць знаёмыя песні.

Не магу не сказаць пра добра прадуманыя рэжысёрскія хады, якія заваражылі нават нас, артыстаў. Не кажучы ўжо пра гледачоў. Напрыклад, калі мы ігралі музыку з мультфільма «Уверх!», на экране як раз з'яўлялася карцінка з вялікай колькасцю паветраных шароў, а ў глядзельнай зале адкуль ні вазьміся некалькі чалавек таксама пачыналі запускаць рознакаляровыя шарыкі! Трэба было проста бачыць, як на гэта "цуд" рэагавала публіка! Нават дарослыя не маглі стрымаць радасны смех. У зале стаяў рогат, шум і гам. У гэтай забаве прынялі ўдзел, здаецца, усе гледачы... А падчас выканання мелодыі з мультфільма «Рапунцэль» на плазмы вывелі відэашэраг рамантычнай ўласцівасці: закаханыя плылі на лодцы пад зорным небам. І вядучы праграмы заклікаў паўдзельнічаць у гэтым дзействе ўсіх, хто прыйшоў – дастаць тэлефоны і ўключыць ліхтарыкі. Вось гэта было відовішча! Са сцэны зала ператварылася ў цэлую паляну светлячкоў! І так гледачы падыгрывалі нам на кожным выступе. Заўсёды прыемна бачыць раскованых і адкрытых слухачоў. Таму мы з задавальненнем заўсёды зачынялі кожную праграму тэмай з «Піратаў Карыбскага мора» – і пад гэтую музыку адпраўляліся скараць новыя гарады.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры