Архiў навiн

"Лісты да незнаёмкі"

– Габрыэль Фарэ, Клод Дэбюсі, Франсіс Пуленк... Рамансы гэтых кампазітараў і нават некаторыя вакальныя цыклы, якія нячаста можна пачуць на камернай сцэне, прагучаць у гэты вечар. Безумоўна, гледачы пачуюць і музыку ХХ стагоддзя. Акрамя таго, іх чакае сюрпрыз, і не адзін... – кажа лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Таццяна Гаўрылава. – Напрыклад, у праграму мы ўключылі рамансы... Жоржа Бізэ. Так-так! Геніяльны аўтар сусветна вядомай «Кармэн» ствараў і невялікія песенныя творы. Вельмі спадзяюся, што публіка не толькі адкрые для сябе новую музыку, але і нешта новае – у ёй.

Наш вечар – гэта разважанні аб Жанчыне і яе выявах ў жыцці. Жанчына маладая і ва ўзросце, дзяўчынка-падлетак і жанчына, якая стала мамай... Пра гэта і не толькі мы б хацелі пагаварыць з дапамогай французскай музыкі – музыкі вельмі цёплай, пяшчотнай, лірычнай і вар'яцка прыгожай. Так, гэта не забаўляльны канцэрт, але гэты вечар, я спадзяюся, падорыць вам невымоўнае задавальненне ад высокага мастацтва. Таму што французская музыка – незвычайная, своеасаблівая і ні на што не падобная. Яна нібы створана для таго, каб наштурхнуць чалавека на разважанні – пра жыццё, прыгажосць, каханне…

Выступленні ў Камернай зале заўсёды асаблівыя. Па-першае, гэта нагрузка прафесійная: для сольнага канцэрта неабходна вывучыць нямала новага матэрыялу, які трэба данесці да кожнага гледача. Па-другое, гэта нагрузка псіхалагічная: у малой зале ты ні за што не можаш схавацца – публіка сядзіць прама перад табой. Таму працаваць даводзіцца над кожнай дэталлю, над драбнюткімі нюансамі і найтонкімі адценнямі. Прычым кожны нумар неабходна зрабіць па-рознаму. Гэта тая праца, якую ты сам робіш з задавальненнем. І вельмі хочацца, каб такую ж асалоду атрымалі і гледачы.

Заўсёды прыемна бачыць на падобных канцэртах моладзь. Значыць, маладыя людзі цікавяцца не толькі папулярнай опернай класікай, але і інтэлектуальнай музыкай. А яна не заўсёды такая ўжо і складаная, як здаецца на першы погляд. Але неверагодна цікавая!

Застаецца дадаць, што 31 студзеня разам з Таццянай Гаўрылавай на сцэну выйдуць: канцэртмайстар Жанна Варламава, Рэгіна Саркісава (скрыпка), Ларыса Ласоцкая (флейта), Андрэй Варламаў (віяланчэль). Рэжысёр праграмы – Алена Медзякова.

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры