Архiў навiн

Рэквіем Халакосту

Выкананне гэтага велічнага твора пройдзе ў Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту, які ва ўсім свеце штогод адзначаецца 27 студзеня, пры садзейнічанні пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

Рэквіем - адзіны буйны вакальна-сімфанічны твор Джузепе Вердзі, напісаны ў жанры памінальнай імшы. Па сваёй прыгажосці, трагізму і высокай адухоўленасці Рэквіем Вердзі стаіць у шэрагу самых вядомых шэдэўраў сусветнай класікі. Кампазітар выступіў у ім бліскучым оперным майстрам, ператварыўшы Рэквіем у разгорнутае палатно, якое ўражвае як маштабнасцю, так і псіхалагічнай тонкасцю. Сем частак грандыёзнага Рэквіема ўзнаўляюць велізарны свет чалавечага перажывання таямніцы жыцця і смерці.

27 студзеня Вялікі тэатр Беларусі ўпершыню возьме ўдзел у мемарыяльных мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту. І ўпершыню за дырыжорскі пульт сімфанічнага аркестра тэатра ўстане маэстра Амос Тальмон. Яго дырыжорская кар'ера пачалася ў 1999 годзе. І ўжо ў 2000-м ён заснаваў «Music Angels» - фонд для заахвочвання і развіцця маладых музыкантаў. У 2001 годзе маэстра было прапанавана падрыхтаваць праграмы класічнай музыкі для новага Цэнтра выканаўчых мастацтваў у Герцліі. Так узнік творчы праект «Вялікія сімфанічныя серыі», які атрымаў міжнароднае прызнанне, музычным кіраўніком якога з'яўляецца Амос Тальмон.

Маэстра Тальмон працаваў з многімі музычнымі калектывамі, сярод якіх Ізраільскі філарманічны аркестр, Сімфанічны аркестр Чэшскага радыё, Пражскі філарманічны аркестр, сімфанічны аркестр Нацыянальнай радыёкампаніі Украіны, Нацыянальны Адэскі філарманічны аркестр, Нацыянальны сімфанічны аркестр Польскага радыё, Пекінскі сімфанічны аркестр і іншыя.

У рэпертуары маэстра творы розных эпох, у тым ліку сімфоніі Й.Гайдна, Л. ван Бетховена і Ф.Мендельсона, «Дон Жуан» і Рэквіем В.А.Моцарта, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Дон Паскуале» Г.Даніцэці, Нфмецкі рэквіем Й.Брамса, «Травіята», «Баль-маскарад», «Рыгалета» Дж.Вердзі, «Сельскі гонар» П.Масканьі, аркестравыя творы А.Дворжака, Р.Шумана, П.Чайкоўскага і інш.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры