Архiў навiн

Унікальная выстава аднаго дня

Абраз “Божая Маці Вастрабрамская” захоўваецца ў фондах Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэты помнік, які датуецца ХІХ ст., у музей патрапіў з касцёла ў Кобрыне. Абраз з’яўляецца спісам (копіяй) цудадзейнага абраза “Божай Маці Вастрабрамскай”, які і па сённяшні дзень знаходзіцца ў Вільні – колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Размешчаны ён у каталіцкай капліцы над Вострай Брамай – адной з гарадскіх брамаў, ад чаго і атрымаў сваю назву “Вастрабрамская”.

Названы абраз з Вільні здаўна шануецца як цудадзейны. А таму паводле традыцыі з яго рабіліся спісы: выява спісвалася (адтуль і тэрмін “спіс”) для іншых храмаў, бо людзі верылі, што гэтыя спісы возьмуць ад святыні частачку гаючай сілы. Спісы таксама маюць такую ж назву – “Божая Маці Вастрабрамская”. Асаблівасцю іканаграфіі гэтых твораў з’яўляецца тое, што Багародзіца тут паўстае адна, без дзіцяці. Магчыма, іканапісец імкнуўся на сваім творы паказаць Дзеву Марыю ў той момант, калі да яе нечакана з нябёсаў спусціўся Арханёл Гаўрыіл і прынёс ёй вестку пра тое, што яна народзіць дзіця.

У 1927 г. цудадзейны абраз быў каранаваны папскімі каронамі. Паводле каталіцкай традыцыі, каранаванню, як найвышэйшай ступені пашаны, падлягалі найбольш старажытныя і славутыя сваімі ласкамі абразы.

Пра гісторыю цудадзейнага абраза раскажа дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры, кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука.

Шаноўныя сябры, жакаем вас у 18.15 у фае Вялікага тэатра Беларусі.

А працягне гэты незвычайны вечар балет “Страсці (Рагнеда) Андрэя Мдзівані (харэаграфія Валянціна Елізар’ева, сцэнаграфія і касцюмы Вячаслава Окунева).

Спектакль расказвае пра падзеі тысячагадовай даўніны, пра старажытны Полацак князёўну Рагнеду, пра трагедыю першага вадохрышча і пра веліч сапраўднай веры.

Героі спектакля - полацкая князёўна Рагнеда, кіеўскі князь Уладзімір, каханы Рагнеды Яраполк і візантыйская прынцэса Ганна Багранародная. Перад гледачамі паўстане старажытны Полацак, яго попел і адраджэнне. Падзеі старажытнага летапісу аўтарам спектакля ўдалося перадаць з неверагоднай мастацкай праўдзівасцю. Бо ні каханне, ні нянавісць, ні жорсткасць, ні ўседараванне не змяніліся за апошнюю тысячу гадоў.

Вядучыя партыи ў спектакле выканаюць: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Антон Краўчанка (Уладзімір), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Яромкіна (Рагнеда), народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў (Яраполк), Ганна Фокіна (Ганна). Дырыжор – Алег Лясун.

  

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры