Архiў навiн

Чараўніцтва народнай песні

Не арыі і рамансы - а знакамітыя рускія, беларускія і ўкраінскія народныя песні складуць праграму канцэрта, які рыхтуюць вядучыя салісты оперы разам з канцэртмайстрам Святланай Колас-Івановай.

Якімі б сучаснымі ні былі нашы погляды і лад жыцця, лірычныя і шчырыя, звонкія і палымяныя народныя песні заўсёды выклікаюць водгук у нашай душы. Гукі народных перабораў і рытмаў, даверлівая інтанацыя народных песень як быццам рассоўваюць прастору і час і паглыбляюць нас у іншую атмасферу чагосьці вельмі блізкага, знаёмага, роднага.

Народныя песні раскрываюць такія глыбіні, такія тайнікі характару, якія невыказныя, неспасьцігальныя ў іншых жыццёвых сітуацыях. Людзі спявалі заўсёды - падчас працы і ў хвіліны адпачынку, у горы і ў радасці, у будні і ў святы, у юнацтве і ў сталым узросце. У народных песнях выяўляецца не толькі культура народа, але і ўласна нацыянальны характар.

У кожнай народнай песні - свая гісторыя, шматгадовая, а часам шматвекавая. І, дарэчы, многія з іх маюць аўтараў.
Напэўна, няма беларуса, незнаёмага з песняй "Купалiнка". У яе мелодыі і словах - такая прыхаваная драма, у яе лаканічнасці - столькі горкай недасказанасці!
- Купалiнка-Купалiнка,
Цёмная ночка ...
Цёмная ночка, дзе ж твая дочка?

Музыку знаёмай з дзяцінства кожнаму беларусу песні напісаў кампазітар Уладзімір Тэраўскі. Аўтарам яшчэ адной найпапулярнай песні «Живет моя отрада», магчыма, з'яўляецца цыганскі кампазітар Міхаіл Шышкін. А вось шчырая песня «Місяць на небі» з'яўляецца сапраўды народнай, і яе гісторыя налічвае ўжо тры стагоддзі. У канцэрце таксама прагучаць знакамітыя песні «Вдоль по Питерской метелица метет», «Рэчанька», «Зачем тебя, я, милый мой, узнала» і іншыя.
У канцэрце прымаюць удзел салісты оперы: народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Настасся Масквіна, народны артыст Беларусі Васіль Кавальчук, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Шведава, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Таццяна Гаўрылава, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аляксандр Гелах, Алена Таболіч, Ала Губа-Пласкіна, Марына Аксенцова, Андрэй Кліпо.


 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры