Гэтаму калектыву ўсяго два гады – квінтэт быў створаны ў 2020-м, але музыканты актыўна і паспяхова выступаюць на розных пляцоўках краіны. "Класіка не можа быць сумнай!" – упэўненыя хлопцы. І штораз на любым сваім канцэрце таленавітыя артысты гэта пацвярджаюць.
У апошні дзень студзеня духавы квінтэт салістаў Вялікага тэатра Беларусі: Дзіяна Гантарэнка (флейта), Аляксандр Папсуеў (габой), Віктар Пузыня (кларнет), Віталь Карабухін (валторна) і Андрэй Гузееў (фагот) – запрашае вас здзейсніць падарожжа ў Францыю 1930-х гадоў.
Увечары на малой сцэне пройдзе канцэрт, у праграме якога - творы французскіх кампазітараў ХХ стагоддзя: Жана Франсе, Анры Тамазі, Жака Ібера.
Лаканічнасць і прастата музыкі Франсэ надасць вечару французскую лёгкасць і вытанчанасць. Прыгажосць Парыжа, яго яркія вобразы ажывуць у музыцы Анры Тамазі. Амаль Манмартр - у тонкай імпрэсіянісцкай манеры і меладычнай свабодзе - намалюе Жак Ібер.
Не прапусціце гэты канцэрт 31 студзеня. Бо музыкі духавога квінтэта вам падораць галоўнае – талент, прыгажосць, каханне і… вясну.