Навiны

ВЕЧАРЫ З «СЕРЭНАДАЙ»

Гэтую цікавую праграму пад назвай «Сэрца, табе не хочацца спакою...» ужо маглі чуць госці фестывалю "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» у Нясвіжы ў гэтым годзе. Але было б зусім несправядліва пазбавіць задавальнення атрымаць асалоду ад цудоўнай музыкі і песень сталічных гледачоў.

– Радок з вядомай усім песні – «Сэрца, табе не хочацца спакою...» – стаў назвай канцэрту і, увогуле, прадвызначыў усе кампазіцыі, якія будуць гучаць у камернай зале, – распавяла дыпламант міжнародных конкурсаў ўладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк. – Праект прысвечаны музыцы кіно. Такія праграмы вельмі папулярныя зараз у многіх краінах свету, і мне захацелася стварыць нешта падобнае і ў нашым тэатры. Калі я бяру ўдзел у падобных канцэртах за мяжой, становіцца крыўдна, што гледачы ў Еўропе пазбаўленыя магчымасці пачуць проста раскошную музыку з нашых фільмаў – як сучасных, так і савецкіх. Таму праграму, якая прагучыць 23 верасня ў камернай зале, можна назваць унікальнай. Гледачы пачуюць песні з рэпертуару Фрэнка Сінатры: L.O.V.E., Strangers in the Night, Moon River, а таксама з кінафільма «Серэнада Сонечнай Даліны». Струнны квінтэт «Серэнада» выканае выдатную музыку з самых розных заходніх фільмаў, у тым ліку танго Карласа Гардель з оскараноснага «Пах жанчыны». Вядома, прагучаць любімыя песні з савецкіх кінастужак, якія сталі класікай. Напрыклад, Уладзімір Пятроў абавязкова заспявае «Рускае поле». Але ўсе карты адкрываць не буду, таму што гледачоў чакае нямала сюрпрызаў: артысты выступяць у нечаканых для сябе амплуа. Прагучаць не толькі лірычныя кампазіцыі, але і песні з гумарыстычным каларытам – на канцэрце павінна быць цікава і весела. Падпяваць?.. Не толькі можна, але і трэба! Гэтая праграма схіляе да душэўных зносінаў гледачоў з артыстамі. І калі публіка будзе падпяваць нам, мы будзем толькі ўдзячныя!

Застаецца дадаць, што ў канцэрце прымуць удзел Таццяна Траццяк, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Наталля Акініна і струнны квінтэт «Серэнада».

0
0
0
s2sdefault

Партнёры