Навiны

"Травіята"

Увечары 27 кастрычніка на сцэне Вялікага тэатра драма Джузэпэ Вердзі «Травіята» прагучыць у выкананні артыстаў з трох краін: Італіі, Францыі і, вядома, Беларусі. У пачатку гэтай несумненнай культурнай падзеі ў панядзелак, 24 кастрычніка, у тэатры адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам доўгачаканых гасцей.

Генеральны дырэктар Уладзімір Грыдзюшка расказаў, што ідэя гэтага міжнароднага праекта нарадзілася год таму.

– Цяпер нам застаецца толькі прыйсці 27 кастрычніка ў залу Вялікага тэатра, каб атрымаць задавальненне ад бліскучых галасоў артыстаў з Італіі, Францыі і Беларусі, – падзяліўся Уладзімір Паўлавіч. – Дарэчы, гэта перадапошні паказ спектакля ў пастаноўцы рэжысёра Сусаны Цырук, апошні адбудзецца 29 лістапада. А ўжо ў наступным сезоне гледачоў чакае новая «Травіята» – ад вядомага латвійскага акцёра і опернага рэжысёра Андрэйса Жагарса.

– Упершыню тры бакі: Вялікі тэатр Беларусі, Пасольства Італіі і Пасольства Францыі ў Мінску – працуюць разам, – падкрэсліў Стэфана Б'янкі, пасол Італіі ў Беларусі. – Як мне здаецца, гэта невыпадковае супрацоўніцтва. У аснове нашага культурнага праекта – опера «Травіята», якую напісаў італьянскі кампазітар Джузэпэ Вердзі па матывах рамана «Дама з камеліямі» французскага пісьменніка Аляксандра Дзюма-сына. Я вычытаў, што менавіта Мінск быў тым горадам, дзе ўпершыню ў Царскай Расіі паставілі Вердзі. Праўда, гэта была опера «Рыгалета». А беларуская публіка і цяпер у сваёй большасці – гэта знаўцы і аматары опернага мастацтва.

– Опера Вердзі «Травіята» – універсальная, – дадаў пасол Францыі ў Беларусі Дыд’е Канэс. – Яна закранае тэмы, якія актуальны і па гэты дзень. Вядома, гэта і каханне, і смерць, але самае галоўнае – яна кажа пра барацьбу чалавека супраць сацыяльных і маральных забабонаў.

– «Травіята» – гэта італьянская опера з французскай культурай, – усміхнуўся дырыжор Франсуа Рабэр Жыраламі (Францыя). – А сёння яе робіць універсальнай яшчэ і ўдзел у праекце італьянскіх, французскіх, беларускіх артыстаў. Атрымліваецца своеасаблівае міжнароднае братэрства... Я дзякую Мінску за чалавечую дабрыню і цеплыню. Мы вернемся на радзіму сапраўднымі багацеямі, бо мы дакрануліся да беларускай культуры... Наогул, мне здаецца, што мая кар'ера як дырыжора была б няпоўнай без запрашэння Вялікага тэатра Беларусі, – развесяліў усіх маэстра. – Дарэчы, для таго каб дырыжыраваць «Травіятай» на мінскай сцэне, я перачытаў Дастаеўскага!..

– Я вельмі добра ўпісваюся ў гэты міжнародны праект, – распавяла выканаўца ролі Віялеты Марылін Леанэці (Францыя), – бо ў мяне падвойнае грамадзянства – Італіі і Францыі. А Мінск мяне забраў у свой палон адразу ж, таму ў чацверг ўся мая душа і сэрца будуць належаць сцэне тэатра і яго гледачам. Спадзяюся, публіка атрымае сапраўднае задавальненне ў гэты вечар.
– Я узрушаны прыгажосцю Мінска і гараджан! – працягнуў захапляцца беларускай сталіцай Фульвія Абэрт (Італія), выканаўца партыі Альфрэда. – Вельмі рады, што мастацтва і музыка аб'ядноўвае народы, якія, магчыма, геаграфічна і далёкія адзін ад аднаго, але вельмі блізкія сваімі культурнымі традыцыямі.

– Калі сёння на планеце ідуць войны і адбываюцца тэракты, вельмі важна казаць пра тое, што аб'ядноўвае людзей. А гэта

– музыка! Яе мова зразумела ўсім людзям, незалежна ад іх палітычных поглядаў і веравызнанняў... – далучыўся да размовы Марчэла Ліпі (Італія). Артыст паўстане ў вобразе Жармона-бацькі. – Па маіх падліках я выконваў гэтую партыю раз 60, прычым у розных рэжысёраў. Кожны раз, выходзячы на сцэну, ўяўляю, што ў зале сядзіць ... Вердзі. Заўсёды хочацца, каб маё выкананне не расчаравала аўтара ...
– Я проста зачараваная Мінскам, хоць і не была падрыхтавана да такога халоднага надвор'я, – дадала Эмануэль Грас (Італія), выканаўца партыі Флоры. – Але нягледзячы ні на што на сцэне збіраюся выкласціся на ўсе 100 адсоткаў. Вельмі спадзяюся, што 27 кастрычніка ўсіх гледачоў чакае неверагодны спектакль!

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры