Навiны

Жанат Бактай у спектаклі «Мадам Батэрфляй»

24 лютага партыю Чыо-Чыо-сан у спектаклі «Мадам Батэрфляй» Джакама Пучыні выканае заслужаная артыстка Рэспублікі Казахстан Жанат Бактай. Спявачка ўжо знаёмая беларускім гледачам - на сцэне Вялікага тэатра Беларусі яна выканала партыю Ліў у оперы «Турандот» Джакама Пучыні, а таксама выступала ў Гала-канцэрце зорак сусветнай оперы на Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме.

Жанат Бактай - выпускніца Алмацінскай Дзяржаўнай кансерваторыі па спецыяльнасцях «Сольныя спевы» і «Фартэпіяна». Вакальнае майстэрства спявачка ўдасканальвала затым падчас асістэнтуры-стажыроўкі і на міжнародных стажыроўках. У 1998 годзе Жанат Бактай - салістка Прэзідэнцкага аркестра Рэспубліканскай Гвардыі. У гэтым жа годзе спявачка становіцца салісткай Казахскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Абая. Праз два гады яна стала салісткай Нацыянальнага тэатра оперы і балета ім. К. Байсеітавай, які адкрыўся ў 2000 годзе.

У 2009 годзе спявачка прайшла навучанне ў Італіі ў Йезі. Затым стажыравалася ў Associazione Opera Italiana di Bologna у Балонні і ў ACCADEMIA Teatro alla Skala у Мілане. Яна з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх прэстыжных конкурсаў.

У 2013 годзе ў Астане адкрыўся Дзяржаўны тэатр оперы і балета «Астана Опера», у якім Жанат Бактай стала вядучай салісткай. Яна бліскуча выконвае партыі ў операх Джузепе Вердзі: Віялета ў «Травіяце» і Джыльда ў «Рыгалета», Дездемона ў «Атэла» і Одабелла ў оперы «Атыла». У яе рэпертуары таксама партыі Разіны ў оперы «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні і Сюзаны ў «Вяселлі Фігара» Вольфганга Амадэя Моцарта, галоўныя партыі ў операх «Казкі Гофмана» Жака Афенбаха, «Багема», «Манон Леско», «Турандот» Дакама Пучыні.

Партыя Чыо-Чыо-сан у оперы «Мадам Батэрфляй» Джакама Пучыні - адна з каронных у рэпертуары спявачкі. Яна ўдзельнічала ў некалькіх пастаноўках гэтай оперы, адна з якіх была з італьянскім рэжысёрам Ларэнца Амата, а партнёрам па сцэне быў Фабіа Арміліата.

Жанат Бактай выступала на такіх тэатральных сцэнах, як: ДАТОБ ім. Абая ў Алматы, Казанскі оперны тэатр, Вялікі тэатр, Новая опера ў Маскве, Саратаўскі акадэмічны тэатр оперы і балета, а таксама спявала ў сусветна вядомых канцэртных залах, як: «Кэнэдзі Цэнтр», Лінкальн-тэатр у Вашынгтоне, «Карнегі-Хол» у Нью-Йорку, «Сантара-Хол» у Токіо і інш. Супрацоўнічала з многімі знакамітымі дырыжорамі, такімі як: Рэнат Салаватаў, Фуат Мансураў, Рынкявічус. Прыроджаны вытанчаны артыстызм дазваляе спявачцы выконваць не толькі оперны рэпертуар, але і камерную музыку.

Спявачка з'яўляецца лаўрэатам прэміі «Выбар Казахстана», «Чалавек Года-2003», узнагароджана ордэнам «Курмет» (2005).

0
0
0
s2sdefault

Партнёры