Навiны

Прэм'ера оперы «Чароўная флейта»

30 сакавіка і 18 красавіка ў рамках Аўстрыйскага культурнага сезона ў Рэспубліцы Беларусь на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца прэм'ера оперы Вольфганга Амадэя Моцарта «Чароўная флейта».

Над увасабленнем моцартаўскай оперы працуе міжнародная каманда на чале з рэжысёрам-пастаноўшчыкам мастацкім кіраўніком канцэртнай залы «Брукнерхаус» у Лінцы Хансам-Йоахімам Фраем (Германія), дырыжор-пастаноўшчык – Манфрэд Майрхофер (Аўстрыя), мастак-пастаноўшчык – Хартмут Шоргхофер (Аўстрыя), хормайстар-пастаноўшчык – народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, мастак па святлу – Уладзімір Сцерлін (Расія)

Манфрэд Майрхофер, дырыжор-пастаноўшчык: Гэта апошні твор Моцарта, якое ён ствараў як «оперу для народа», у даволі простым стылі. Аднак уклаў у гэты твор увесь свой кампазітарскі вопыт, таму ў «Чароўнай оперы» ёсць і нейкія простыя па мелодыцы моманты, і даволі складаныя, заснаваныя на вялікім вопыце аўтара.

Я бачу, што беларускім выканаўцам падабаецца працаваць над операй, рыхтаваць прэм'еру, з якімі б цяжкасцямі мы не сутыкнуліся. Вядома, я хачу прызвычаіць выканаўцаў да лягчэйшага стылю выканання, уласцівага Моцарту, прашу іх адысці ад такога цяжкага і важкага, як, напрыклад, у Чайкоўскага, або Рахманінава.

Я люблю гэтую оперу за тое, што яна ўяўляе сабой камбінацыю розных стыляў, якія выдатна адчуваюцца, але разам з тым, твор з'яўляецца адзіным цэлым – у гэтым выяўляецца талент Моцарта. У гэтай оперы няма чагосьці, што можна было б зрабіць лепш, яна ідэальная.

«Чароўная флейта» – опера-казка, дзе праслаўляецца перамога святла над цемрай, дабра над злом, кахання над падступствам, дружбы над варожасцю. Менавіта на гэта проціборства і робяць упор пастаноўшчыкі будучай прэм'еры. Рэжысёр-пастаноўшчык Ханс-Йоахім Фрай і мастак-пастаноўшчык Хартмут Шоргхофер, распрацоўваючы канцэпцыю сцэнаграфіі і касцюмаў новай пастаноўкі, за аснову ўзялі стыль неверагодна папулярных цяпер кіна-саг і тэлесерыялаў у стылі фэнтэзі: «Уладар пярсцёнкаў», «Гульня прастолаў» і інш.

В.А.Моцарт умоўна падзяліў свой твор на некалькі частак: «цёмны» свет, якім кіруе Царыца ночы – свет драмы. Свет Зарастра – светлы, сонечны, Боскі. А паміж імі – «сярэдні свет»: свет прыроды, вельмі натуральны і просты, дзе жывуць, напрыклад, Папагена і птушкалоў Папагена. У оперы гэтак жа схаваны элементы, якія датычацца гісторыі масонства і цырыманіялаў масонскай ложы. Усё гэта стваральнікі спектакля падкрэсляць у сцэнаграфіі, дзе будзе задзейнічана камп'ютарная графіка і складаныя механізмы сцэны, а змена дэкарацый будзе адбывацца разам са зменай карцін і месца дзеяння ў оперы.

Ханс-Йоахім Фрай, рэжысёр-пастаноўшчык: «Стыль фэнтэзі не мае нейкіх часовых межаў і дазваляе аднавіць любы часовы пласт, злучыць разам некалькі эпох. У гэтай оперы мы зможам прадставіць сцэны з любога часовага адрэзка апошніх двух тысяч гадоў. Ва ўсіх серыялах і фільмах у жанры фэнтэзі змешаны гісторыі сярэднявечча, каменнага стагоддзя, Рэнесансу, недзе можна назіраць нават элементы футурызму. Мы паспрабуем нашу пастаноўку зрабіць менавіта ў гэтым кірунку. Казка павінна атрымацца напоўненай чараўніцтвам і фантазіяй".

СМІ пра будучую прэм'еру:

Філасофія оперы: На сцэну Вялікага тэатра вяртаецца "Чароўная флейта" Вольфганга Амадэя Моцарта https://www.sb.by/articles/filosofiya-opery.html

Нох айнмаль! http://www.vminsk.by/news/279/79568/

"Чароўная флейта" зайграе і ў Беларусі: http://www.tvr.by/news/kultura/volshebnaya_fleyta_zaigraet_i_v_belarusi/

 

 

 

Генеральны партнёр пастаноўкі

0
0
0
s2sdefault

Партнёры