Навiны

«Рыгалета»: зоркі ў Вялікім

Гэтую оперу многія музыканты называюць самай прыгожай з усіх створаных вялікім Джузепе Вердзі. Сам геніяльны кампазітар лічыў, што з усіх сюжэтаў, на якія ён калі-небудзь пісаў музыку, лепшы – менавіта гэты. 8 красавіка на сцэне беларускага Вялікага – трагічная і выдатная опера «Рыгалета».

«Ролю Джыльды я вельмі люблю», – прызнаецца Інара Бабаева. 8 красавіка заслужаная артыстка Азербайджана паўстане ў беларускім Вялікім ў вобразе пяшчотнай, закаханай, кранальнай і самаадданай дачкі прыдворнага блазна Рыгалета. У рэпертуары салісткі Азербайджанскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя М.Ф. Ахундава - каля 30 вядучых роляў: Сюзаны ў «Вяселлі Фігара» В.А. Моцарта, Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж. Расіні, Віялеты ў «Травіяце» Дж. Вердзі, Мікаэлы ў «Кармэн» Ж. Бізэ, Адэлі ў «Лятучай мышы» І. Штрауса і многія іншыя. Інара таксама бліскуча выконвае араторыі і песні І.С. Баха, Г.Ф. Гендэля, В. Беліні, Ф. Пуленка, І. Брамса, Г. Форэ, Г. Малера, Р. Штрауса, К. Дэбюсі, К. Орфа. Хоць беларускія гледачы, сапраўдныя прыхільнікі опернага мастацтва, успомняць, што Інара Бабаева ўжо выступала на нашай сцэне – у рамках Маладзёжнага форуму опернага мастацтва вясной 2012-га. Менавіта тады ў Вялікім тэатры прайшла опера Джакама Пучыні «Багема», а маладая вакалістка з Азербайджана вышэй усякіх хвал справілася з партыяй Мюзэты. Гэта дзіўна, але Інара Бабаева, заслужаная артыстка сваёй рэспублікі, салістка вядучага тэатра оперы і балета, якая з трыумфам прадстаўляе сваю краіну ў свеце - ад Англіі, Францыі, Расіі да Кітая і Японіі, пастаянная ўдзельніца шматлікіх музычных фестываляў у Еўропе, выкладчык вакалу ва Ўніверсітэце культуры і мастацтва Азербайджана, не спыняецца на дасягнутым і не пачывае на лаўрах. Яна спрабуе сябе яшчэ і на рэжысёрскай ніве. А таксама знаходзіць час для чытання кніг і самых розных матэрыялаў аб легендарных музыкаў свету. І гэта, па прызнанні самой спявачкі, таксама дапамагае лепш разумець вобразы гераінь, якія ёй неабходна сыграць на сцэне.

Мелодыю з «Рыгалета» La Donna е Mobile («Сэрца прыгажуні схільна да здрады...») ведаюць, здаецца, усё. І цяжка ўявіць, што калісьці яна здавалася цэнзарам залішне вольнай і непрыстойнай, а значыць - небяспечнай. 8 красавіка гэтая песенка прагучыць у выкананні саліста Львоўскай Нацыянальнай оперы Міхаіла Малафія. Украінскага тэнара ў вобразе легкадумнага Герцага Мантуанскага на беларускай сцэне мы ўбачым ўпершыню. Уладальнік Першай прэміі і Прыза глядацкіх сімпатый Другога мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў ўжо тройчы выходзіў да беларускай публіцы ў ролі Рычарда ў оперы «Баль-маскарад» Джузэпэ Вердзі, спяваў найскладаную партыю Альфрэда Жэрмона ў пары з бліскучай Надзеяй Паўлавай у галоўнай ролі ў «Травіяце» усё таго ж геніяльнага кампазітара, а таксама пышна ўвасобіў у нас вобраз Уладзіміра Ленскага ў «Яўгене Анегіне» Пятра Чайкоўскага. Атрымліваецца, 8 красавіка беларускай публіцы трэба будзе адкрыць Міхаіла Малафія з новага боку. Да гэтага ўкраінскі тэнар выходзіў да гледачоў Вялікага тэтра выключна ў вобразах высакародных, нават ахвярных герояў. У «Рыгалета» ж Герцаг Мантуанскі - разбэшчаны тыран, які злоўжывае сваім становішчам. Але адначасова гэта - цудоўная партыя для спевака: Герцаг «прыбраны у зіготкае чароўнымі фарбамі вакальнае адзенне». Менавіта таму вельмі цікава паглядзець і паслухаць, наколькі Малафію будзе камфортна ў гэтым «уборы» і ці зможа ён пераўвасобіцца з героя ў распуснага злыдня.

За дырыжорскім пультам увечары 8 красавіка - выпускнік Музычнай акадэміі Фларэнцыі Джанлука Марчано. У 20 гадоў, пышны піяніст, ён зразумеў, што хоча не проста іграць, але і ствараць музыку. «Так, музыка - мой запал, - кажа маэстра. - Магчыма, у мяне ёсць захапленні, але музыка - адзінае, што мяне пажырае знутры. Безумоўна, важныя і кантракты, і грошы, але самае галоўнае для дырыжора - рабіць сваю працу з павагай да самога сябе, да калег і да публікі. І рабіць яе на «выдатна»! А без фанатычнай адданасці да музыкі гэта наўрад ці магчыма…” Зараз Джанлука - адзін з самых вядомых маладых дырыжораў у свеце. А на Трэцім мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў у снежні 2016-га Марчано быў адным з 16-ці членаў журы, строгім, але справядлівым. Маэстра супрацоўнічае як з беларускім Вялікім, так і з опернымі тэатрамі свету: ад Англіі, Італіі, Чэхіі, Харватыі, Грузіі да Японіі. У розныя гады ён галоўны дырыжор Харвацкага опернага тэатра ў Заграбе, музычны кіраўнік і галоўны дырыжор Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Закарыя Паліяшвілі (Грузія), запрошаны дырыжор Румынскага філарманічнага аркестра, ансамбля салістаў «Кіеўская камерата». Маэстра прымаў удзел у фестывалях «Лонгбара» (Вялікабрытанія), працаваў са знакамітымі аркестрамі свету ў Англіі, Кітаі, Расіі, Арменіі, Італіі. Сёння ён вядомы перш за ўсё як мастацкі кіраўнік фестывалю «Аль Бустан» у Бейруце. У яго рэпертуары оперы В.А. Моцарта, Дж. Расіні, Г. Даніцэці, Р. Леанкавала і многія іншыя, але Джанлука прызнаецца: «У маёй крыві цячэ музыка Джакама Пучыні і Джузепе Вердзі. Гэта абсалютна дакладна!”

Застаецца дадаць, што 8 красавіка на сцэну выйдуць бліскучыя салісты Вялікага тэатра - заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь: у галоўнай партыі прыдворнага блазна Рыгалета - Уладзімір Громаў, Андрэй Валенцій ўпершыню выканае ролю бандыта Спарафучыле, а Аксана Волкава паўстане ў вобразе яго сястры Маддалены.

8 красавіка опера “Рыгалета” прысвечана памяці народнага артыста Беларусі Юрыя Бастрыкава.

 

СМІ пра будучую падзею:

Беларусь, Азербайджан, Украіна - оперу «Рыгалета» праспявае зборная каманда артыстаў: http://minsknews.by/blog/2017/03/23/belarus-azerbaydzhan-ukraina-operu-rigoletto-spoet-sbornaya-komanda-artistov/

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры