Навiны

Аркестр. Гастролi

У красавіку музыканты беларускага Вялікага вярнуліся з грандыёзнага тура па найбуйнейшых гарадах Германіі і Швейцарыі. У рамках гэтых гастроляў нашы артысты на велізарных арэнах Брауншвейга, Гановера, Берліна, Гамбурга, Цюрыха, Штутгарта, Лейпцыга, Аберхаўзена, Мюнстэра, Кіля ігралі музыку легендарнага Джона Ўільямса, якую кампазітар напісаў для самых вядомых галівудскіх фільмаў: «Сківіцы», «Парк Юрскага перыяду», «Спіс Шындлера», «Зорныя войны», «Гары Потэр», «Індыяна Джонс» і многіх іншых.

– Праграму мы ігралі практычна кожны дзень, што, пагадзіцеся, нялёгка, і ўсё-такі эмоцыі ад гэтага праекта выключна пазітыўныя! – прызнаецца артыстка аркестра групы альтоў Вольга Пільневіч. Дарэчы, у мінулым годзе Вольга прымала ўдзел у не менш грандыёзным туры Ханса Цымера «Музыка кіно». – Вельмі прыгожыя еўрапейскія гарады нас сустракалі сонцам, цяплом і першымі вясновымі кветкамі. Апынуцца ў такой атмасферы было вельмі прыемна. І хоць часу было катастрафічна мала, я старалася выкройваць гадзіну-другую, каб пахадзіць па гэтых вуліцах і плошчах.

Цяпер, як мне здаецца, вельмі папулярны падобныя музычныя праекты, на якіх можна пачуць мелодыі з любімых фільмаў. Але калі на цябе глядзіць і слухае шматтысячная арэна – ўражанні неверагодныя! Гледачы не проста сядзелі і слухалі музыку! На велізарным экране праецыравалі відэашэраг самых цікавых момантаў з таго ці іншага фільма. А гэта зусім іншыя эмоцыі! Прычым не толькі для публікі. Мы, музыканты, ігралі па-іншаму! Калі сядзіш у аркестравай яме тэатра, не бачыш, што адбываецца на сцэне. Тут жа яркія кадры дарылі табе больш магутныя адчуванні! На што не маглі не рэагаваць гледачы – прымалі бурнымі авацыямі. Нягледзячы на тое што слухаецца музыка Ўільямса вельмі лёгка, трэба адзначыць, што партыі тут досыць складаныя. Але дырыжор Клаўдыё Вандэлі заўсёды казаў, што спраўляемся мы добра – прафесійна і віртуозна.

Дарэчы, італьянскі маэстра і сам не раз здзіўляў нас сваім майстэрствам. Напрыклад, на музычнай тэме з «Гары Потэра» у яго руках адкуль ні вазьміся з'яўлялася... чароўная палачка юнага вучня Хогвартса. І так ён спрытна з яе дапамогай кіраваў аркестрам, што не заставалася і сумнення: гэта сапраўдная магія, няйначай! Гледачы былі ў вялікім захапленні ад такога цуду! .. У фінале шматтысячная зала заўсёды ўставала – і раздаваліся гучныя апладысменты. Вядома, без твора «на біс» мы не маглі пакінуць публіку. Як правіла, гэта была тэма Дарта Вэйдара – «Імперскі марш» з «Зорных войнаў». І ў гэты самы момант дырыжор прасіў гледачоў стаць удзельнікамі дзейства – тупаць і пляскаць у такт усім добра знаёмага рытму. Безумоўна, людзі ахвотна, з радасцю і задавальненнем адгукаліся. Зала радавалася!

Іграючы кожны твор Уільямса, я атрымлівала каласальнае задавальненне, бо мне знаёмая кожная мелодыя. І ўсё ж такі асабліва кранала тэма кахання Энакіна з «Зорных войнаў» – кампазіцыя «Скрозь зоркі».\

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры