Навiны

Марыя Шабуня – Марфа

 

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна Марыя Шабуня заваявала першую прэмію I Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, скарыўшы гледачоў і журы дзіўным голасам, артыстызмам і абаяннем. Улетку 2016-га Маша скончыла з чырвоным дыпломам Акадэмію музыкі і стала салісткай Вялікага тэатра Беларусі. У мінулым і гэтым тэатральных сезонах Марыя прыняла удзел у многіх спектаклях Гамбургскай дзяржаўнай оперы. Яшчэ нядаўна яна толькі марыла праспяваць на роднай сцэне партыю Марфы. Але 4 мая яе мара споўніцца: Шабуня ўпершыню выйдзе ў гэтым вобразе на сцэну беларускага Вялікага ў оперы "Царская нявеста" Мікалая Рымскага-Корсакава.


– У мяне не было ніводнага шанцу пайсці па іншым шляху – толькі музыка! – усміхаецца Марыя Шабуня. – Мама заўсёды кажа, што музыка жыла ва мне з дзяцінства. Яна часта ўспамінае, што, калі мне было гады тры, я, слухаючы, як займаецца на скрыпцы мая старэйшая сястра Насця, проста называла ноты: «Гэта «до», гэта «фа», а гэта – «соль». Хоць мяне ніхто не вучыў. Так яна зразумела, што ў мяне абсалютны слых. У 5 гадоў я стала займацца сальфеджыа, і гэтыя ўрокі наўрад ці калі-небудзь забуду. Таму што ў нас быў надзвычайны выкладчык! Абаяльны чалавек, які вельмі моцна любіў дзяцей. Ён кожны раз выдумляў нам нейкія гульні, і складалася ўражанне, што сальфеджыа – гэта не сумныя заняткі, а нешта вясёлае і пацешнае. У 7 гадоў я саліравала ў хоры і ўжо разумела, што спяваць мне падабаецца нашмат больш, чым гуляць на фартэпіяна... Магу сказаць, што сама музыка нараджае ва мне самыя розныя пачуцці і эмоцыі, менавіта ў ёй я чэрпаю натхненне. Спадзяюся, гэта бачаць гледачы. Бо публіка ёсць публіка. Усё залежыць ад таго, што адбываецца на сцэне. Калі ты захапляеш гледача, захопліваеш яго ў свой палон, калі кожны чалавек у зале сядзіць у напрузе, у чаканні таго, што ж адбудзецца зараз, – паверце, абсалютна ўсё роўна, у якім горадзе гэта здараецца...


Застаецца дадаць, што 4 мая на сцэну беларускага Вялікага выйдуць: заслужаныя артысты рэспублікі Уладзімір Громаў (Рыгор Гразны), Аляксандр Кеда (Васіль Сабакін), Алег Мельнікаў (Малюта Скуратаў), а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў Крыскенція Стасенка (Любаша), Віктар Мендзелеў (Іван Лыкаў) і дыпламант міжнароднага фестывалю Янаш Нялепа (Бомелий). За дырыжорскім пультам – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры