Навiны

Дзень адчыненых дзвярэй!

25 мая з 12.00 да 16.00 Вялікі тэатр Беларусі запрашае прыхільнікаў опернага і балетнага мастацтва адзначыць свой 84-ы дзень нараджэння. У гэты ўрачысты дзень супрацоўнікі тэатра правядуць экскурсіі па фае і глядзельнай зале тэатра і раскажуць гісторыю беларускага Вялікага, майстры бутафорыі і грымёры прадэманструюць сваё майстэрства і падзеляцца тонкасцямі стварэння рэквізіту і сцэнічнага грыму. Аматараў гісторыі парадуе архіў Вялікага тэатра: наведвальнікам прадставяць рэдкія архіўныя фотадакументы, тэатральныя афішы і публікацыі пра тэатр за ўсю яго шматгадовую гісторыю, а таксама новы прэзентацыйны фільм.

Вялікі тэатр Беларусі для юных гледачоў таксама падрыхтаваў сюрпрызы: маленькія артысты з Дзіцячага музычнага тэатра-студыі сумесна з дзецьмі нашых супрацоўнікаў прымуць удзел у прымеркаваным да дня нараджэння Вялікага тэатра Беларусі дэфіле-паказе аўтарскіх касцюмаў па матывах оперы "Кармэн". Усе дзеці атрымаюць падарункі ад нашых спонсараў: сеткі супермаркетаў для дзяцей "Буслік", рэдакцыі дзіцячых часопісаў "Нязнайка" і "Трыдзевятае царства", Мінскага мастацкага каледжа імя. А.К. Глебава.

Акрамя таго, спецыяльна для аматараў фота арганізаваны фотазоны, прысвечаныя прэм'ерам цяперашняга сезону – оперы "Чароўная флейта» (цмок Царыцы ночы чакае вас!) і «Вяселле Фігара», а таксама спектаклю-ўладальніку Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь «Сівая легенда». Ну а прыхільнікі сэлфі змогуць прымерыць вобраз пушкінскай Таццяны ў сэлфі-зоне оперы «Яўген Анегін».

Таксама ў фае тэатра будуць размешчаны выставы творчых работ. Госці ўбачаць малюнкі нашых маленькіх тэатралаў, якія дасылалі работы на конкурс «З днём нараджэння, Вялікі тэатр!», падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу адбудзецца ў рамках Дня адчыненых дзвярэй. Больш за тое, у гэты святочны дзень будуць адзначаны і таленты супрацоўнікаў тэатра, чые творчыя хобі і захапленні сталі аб'ектам пільнай увагі членаў журы конкурсу «Сузор'е талентаў».

Але і гэта яшчэ не ўсё! Вялікі тэатр Беларусі запрашае гасцей у сваё закуліссе! Той, хто паспее пакінуць заяўку на ўдзел, зможа наведаць майстар-класы па балету, акцёрскаму майстэрству пад кіраўніцтвам рэжысёра тэатра Наталлі Кузьмянковай, оперным спевам, атрымаць урок ігры на ўдарных інструментах у музыкантаў аркестра.

Больш за тое, у гэты дзень у камерным зале ім. Л.П.Александроўскай адбудуцца творчая сустрэчы з прадстаўнікамі мастацкага кіраўніцтва тэатра і зоркамі оперы і балета: галоўным дырыжорам заслужаным артыстам Украіны Віктарам Пласкінай, мастацкім кіраўніком балета народным артыстам Беларусі Юрыем Траянам, галоўным мастаком уладальнікам медаля Францыска Скарыны, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Касцючэнка, балетмайстарам-пастаноўшчыкам уладальнікам медаля Францыска Скарыны Аляксандрай Ціхаміравай, якія адкажуць на пытанні прыхільнікаў і раздадуць аўтографы ўсім жадаючым. На працягу ўсяго свята ў камернай зале ім. Л.П.Александроўскай таксама будуць праходзіць тэатралізаваныя міні-канцэрты з удзелам вядучых салістаў опернай трупы тэатра.

У завяршэнні свята а 19.00 на сцэне Вялікага тэатра Беларусі па традыцыі гледачы пачуюць знакамітую оперу "Кармэн" з удзелам запрошанай артысткі – франка-мараканскай мецца-сапрана Алімы Мамдзі. Паказ менавіта гэтай оперы Жоржа Бізэ азнаменаваў урачыстае адкрыццё тэатра 84 гады таму.

 

Нашы парнёры:

Кандытарская фабрыка «Спартак» http://promo-spartak.by/

 

Крамы для дзяцей "Буслік"

Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава

Рэдакцыя дзіцячых часопісаў ПП "Я МЕДЫЯ"

  

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры