Навiны

Брава, Карант!

Яго вельмі рана сталі называць Георгіем Аляксеевічам, бо ён выкладае з 19-ці гадоў. Цяпер зоркі беларускага Вялікага, якія працуюць з Карантам не адзін дзясятак гадоў, усё часцей звяртаюцца да яго... Герачка. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь у мінулым годзе адзначыў творчы юбілей – 40 гадоў у тэатры. А 1 чэрвеня Георгію Аляксеевічу споўніцца 70 гадоў. У яго гонар 15 чэрвеня ў Камернай зале пройдзе унікальны канцэрт.

Даўно гледачы Камернай залы не бачылі на адной сцэне такую плеяду зорак Вялікага тэатра! Народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Пятроў, Васіль Кавальчук, заслужаныя артысты рэспублікі Алена Шведава, Алена Бундзелева, Аксана Якушэвіч, Алена Сало, Уладзімір Громаў, Станіслаў Трыфанаў, Андрэй Валенцій, Алег Мельнікаў, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Таццяна Траццяк, Алена Золава, Ала Губа-Пласкіна, Кацярына Галаўлёва, Ганна Гур'ева, Наталля Акініна, Юрый Гарадзецкі, Васіль Мінгалёў, Аляксей Мікуцель, Аляксандр Жукаў, Аляксандр Міхнюк, Віктар Мендзелеў, Аляксандр Гелах, Ілля Сільчукоў, Аляксандр Краснадубскі, Дзмітрый Капілаў, Дзмітрый Трафімук – збяруцца 15 чэрвеня, каб сказаць маэстра: «Брава, Карант!»

– Я б задзейнічаў усю трупу, – усміхаецца Георгій Аляксеевіч, – але, баюся, глядач не вытрымае такой насычанай праграмы, бо тады, мяркую, канцэрт доўжыўся б цэлы дзень. Таму запрасіў артыстаў, з якімі больш працую і над рэпертуарнымі спектаклямі, і над камернымі вечарамі. Канцэрт будзе нагадваць музычны калейдаскоп: хтосьці праспявае арыю або арыёзо, возьме сцэну са спектакля, выканае песню або раманс. Вядома, прагучаць дуэты і нават трыо. Галоўнае – нашы салісты праспяваюць тое, што падабаецца ім і публіцы, каб дастукацца да сэрца кожнага гледача. А я ім у гэтым абавязкова дапамагу.

Калісьці я дапамагаў Леначцы Бундзелевай увайсці ў партыю пані Яноўскай у выдатнай беларускай оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”. І яна выказала жаданне абавязкова выканаць нешта з яе. Бо мала хто ведае, што дзявочае прозвішча нашай артысткі – Яноўская. Вось так часам сыходзяцца зоркі... Цяпер цяжка ўявіць рэпертуар Лены Шведавай без «Салаўя» Аляксандра Алябьева. Зноў жа ў свой час мы з ёй доўга працавалі над гэтым рамансам перад яе дэбютам у нашым тэатры. Вядома, і на гэтым вечары без «Салаўя» не абыдзецца. Выйдзе на сцэну любімае шматлікім гледачам трыо маладых тэнараў – Міхнюк, Гелах і Мендзелеў. Ну а ў фінале абавязкова прагучыць Застольная песня з «Травіяты» Джузэпэ Вердзі ў выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта. Усіх карт раскрываць не буду, але мяркую, гледачоў чакае цудоўны вечар. Адно абяцаю дакладна: мы будзем старацца! Дарэчы, рэжысёрам і вядучым канцэрта выступіць мой аднадумца, з якім мы ствараем вечары «Легенды беларускай оперы», – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры