Навiны

Аркестр. Гастролі

Хельсінкі, Стакгольм, Осла, Капенгаген, Лейпцыг, Вена, Франкфурт, Цюрых – вялікія арэны гэтых гарадоў з нецярпеннем чакаюць «Музыку кіно» легендарнага Ханса Цымера. Прыемна, што ў гэтым грандыёзным туры прымаюць удзел музыканты аркестра і артысты хору Вялікага тэатра Беларусі.

– Вядома, я глядзеў усе гэтыя галівудскія фільмы: «Чалавек-павук», «Гладыятар», «Бэтмэн», «Піраты Карыбскага мора», «Чалавек дажджу», «Кароль-леў», «Код да Вінчы», «Цёмны рыцар»,«Пачатак» і многія іншыя, – ведаю і захапляюся музыкай, напісанай спецыяльна для іх, але ніколі і падумаць не мог, што змагу ўбачыць Ханса Цымера, больш за тое – папрацаваць з кампазітарам, уладальнікам прэміі «Оскар», двух «Залатых Глобусаў” і чатырох узнагарод «Грэмі»! Паверце: аўра гэтага чалавека – неверагодная! – распавёў загадчык трупы аркестра Дзмітрый Гарбачук (труба). Ён разам з музыкантамі беларускага Вялікага ўжо другі раз едзе ў гэты тур. А вось артысты нашага хору дакрануцца да геніяльнай музыцы Цымера ўпершыню. – Будзе прыемна зноў сустрэцца і з самім кампазітарам, якому ў гэтым годзе спаўняецца 60 гадоў, і з яго выдатнымі музыкантамі.

Як патлумачыў Дзмітрый, велізарная сцэна арэны любога з вышэй пералічаных еўрапейскіх гарадоў ўяўляе сабой такую ступеністую канструкцыю: унізе знаходзіцца сам Ханс Цымер, ледзь вышэй размяшчаюцца яго музыканты, яшчэ вышэй – артысты аркестра, далей – хору Вялікага тэатра Беларусі. І ўсё гэта дзейства суправаджаецца дзіўна прыгожым светлавым шоў. «Паверце, – працягнуў Гарбачук, – калі ўсё зроблена на такім годным узроўні, а побач з табой працуюць высакакласныя музыканты, ты сам па-іншаму іграць не можаш – гэтак жа працуеш на ўсе 100 адсоткаў».

Запрасіў нашых артыстаў у гэты тур маэстра Вільгельм Кайтэль. Дырыжор, піяніст, імпрэсарыа, адзін з найбуйнейшых арганізатараў культурных мерапрыемстваў у Германіі ўжо больш за 15 гадоў супрацоўнічае з нашым тэатрам і як ніхто ведае, наколькі прафесійныя нашы артысты. Таму менавіта музыканты беларускага Вялікага зноў атрымалі прывабную прапанову ўдзельнічаць у такім магутным шоу нямецкага генія – кампазітара Ханса Цымера.
– На працягу столькіх многіх гадоў я працую з Вялікім тэатрам Беларусі і яго артыстамі, што сумленна магу сказаць: калі прыязджаю ў Мінск, у мяне ствараецца адчуванне, што я дома. А сустрэча з музыкантамі, якіх я сапраўды ведаю па імёнах, – гэта нібы сустрэча з сям'ёй, – прызнаўся Вільгельм Кайтэль. Перад гастролямі маэстра прыязджаў у тэатр, каб адрэпеціраваць праграму «Музыка кіно». Яна ў прынцыпе засталася той жа, але для некаторых тэм былі зробленыя іншыя аранжыроўкі. – Высокі прафесіяналізм, узровень выканання, музычная падрыхтоўка, дысцыплінаванасць... Магу выказаць выключна словы захаплення беларускімі артыстамі!

0
0
0
s2sdefault

Партнёры