Навiны

"Травіята". Прэм'ера!

Новая "Травіята" латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса адкрые юбілейны, 85-ы сезон беларускага Вялікага 8 верасня. Для нашага тэатра гэта будзе ўжо 6-я пастаноўка легендарнай оперы Джузепе Вердзі.

Беларускія прыхільнікі опернага мастацтва, безумоўна, успомняць, як некалькі гадоў таму Андрэйс Жагарс, яшчэ ў статусе дырэктара Латвійскай Нацыянальнай оперы, быў адным з членаў журы міжнароднага конкурсу Competizione dell'Opera, што праходзіў у Вялікім тэатры. Далей, у 2013-м, у межах гастроляў Нацыянальнай оперы «Эстонія» у Менску нашы гледачы змаглі ацаніць рэжысёрскі талент Андрэйса Жагарса на пастаноўцы «Манон Леско» Джакама Пучыні. А на IV Калядным оперным форуме Жагарс прадставіў яшчэ адзін свой спектакль – оперу Джузэпэ Вердзі «Баль-маскарад» Санкт-Пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра. І вось ён зноў у Мінску, хоць яго даўно чакаюць у Арменіі, Расіі і краінах Балтыі. Для Жагарса мінская пастаноўка «Травіяты» будзе трэцяй па ліку: яго оперы не першы год з поспехам ідуць у Рызе (Латвія) і Тэль-Авіве (Ізраіль). Дарэчы, спектакль Латвійскай Нацыянальнай оперы таксама маглі бачыць беларускія меламаны: менавіта гэтую «Травіяту» Жагарс прывозіў на Першы Калядны форум у Вялікі.

– Не буду сцвярджаць, што «Травіята» - самая любімая мая опера, - кажа Жагарс, - але ўзяцца за яе пастаноўку - гэта нібы кінуць выклік самому сабе. Бо існуе столькі версій гэтага найвядомага твора Джузэпэ Вердзі. І здаецца, што ўсе даўно ўсё сказалі. Для мяне як рэжысёра важна не толькі паказаць сваю інтэрпрэтацыю оперы, але і стварыць яркі спектакль, распавесці гісторыю так, каб публіка паверыла героям на сцэне і перажывала за іх! Можна доўга гаварыць пра сваю трактоўку і інтэрпрэтацыю, але калі глядач прыходзіць у залу і не бачыць ні-чо-га, таму што ў спектаклі няма узаемаадносін, энергетыкі, пачуццяў, - то пара задумацца: ці варта наогул займацца мастацтвам. Я не хачу, каб пасля маіх спектакляў публіка выходзіла з тэатра і на пытанне знаёмых «Ну як?» адказвала: «Ну... Так... Нічога... Нядрэнна... Нармальна...» Не! Я хачу, каб людзі хваляваліся за герояў літаральна да мурашак! А гэтага трэба дамагацца. Бо чалавек можа спачуваць героям ў адзіным выпадку: калі верыць таму, што адбываецца на сцэне. Вось і цяпер я дапамагаю салістам стварыць дакладныя і выразныя вобразы.

На мінскай сцэне ў «Травіяце» гледачы ўбачаць сваіх сучаснікаў - дзеянне гэтай оперы перанесена ў Парыж XXI стагоддзя. Адпаведна, «зменіцца» і хвароба галоўнай гераіні Віялеты. У наш час медыцына лёгка спраўляецца з сухотамі, але вось анкалогія дагэтуль перапыняе жыццё ў тым ліку маладых і прыгожых людзей.

- Але галоўнае, пра што я хачу сказаць, - гэта аб праблеме публічнай адзіноты, - працягвае Андрэйс. - Людзі ствараюць ўражанне добрага, шчаслівага, камфортнага жыцця. Але ў рэчаіснасці яны бязмерна самотныя. За радасцю і шчасцем хаваецца неверагодная боль - ад неразумення, няшчырасці, адсутнасці сяброў і каханых. Як рэдка можна сустрэць сапраўднае каханне. А сустрэўшы яго - страціць назаўсёды. Вось сапраўдная трагедыя.

Так і Віялета Валерыі не верыць у сапраўднае каханне, пакуль аднойчы не сустракае на балю маладога Альфрэда. Але шчасце не доўжыцца доўга: супраць закаханых паўстае шэрае грамадства з яго падвойнай мараллю і смяротная хвароба Віялеты.

- Чым больш вядома опера, тым складаней яе ставіць, - упэўнены дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, які вельмі дакладна параўнаў працу над "Травіятай" Джузепе Вердзі з працай драматычнага рэжысёра над шэкспіраўскім "Каралём Лірам". - Паверце: значна спакайней ставіць малавядомую оперу. А знайсці сябе ў музыцы, якую ўсе ведаюць, вельмі няпроста, бо паўтарацца ой як не хочацца ... Мне вельмі падабаецца, як працуе запрошаны рэжысёр Андрэйс Жагарс, таму што сам люблю дэталёвую працу. Але самае галоўнае - ён звяртаецца да чалавечых узаемаадносін, дзякуючы чаму спектакль ажывае. І не важна, што Андрэйс перанёс час дзеяння. Гэтая гісторыя актуальная і ў наш час, а змены абсалютна не супярэчаць задуме кампазітара.

Застаецца дадаць, што над прэм'ерай працуе міжнародная група: дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, рэжысёр-пастаноўшчык Андрэйс Жагарс (Латвія), хормайстар-пастаноўшчык - Ніна Ламановіч, мастакі-пастаноўшчыкі - Рэйніс Суханоўс (сцэнаграфія, Латвія) і Крысціне Пастэрнака (касцюмы, Латвія), мастак па святле - Кевін Він Джонс (Вялікабрытанія), а таксама салісты, артысты хору і аркестра Вялікага тэатра Беларусі. Балетмайстры-пастаноўшчыкі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў працуюць над харэаграфічным нумарам у сцэне «Баль у Флоры».

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры