Навiны

Бэтмэн ў Вялікім

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі з'явіцца Бэтмэн! Такі вобраз проста абавязаны быць у новай пастаноўцы «Лятучая мыш», лічыць венгерскі рэжысёр Габар Міклаш Керэньі, вядомы як Керо. Менавіта Керо, мастацкі кіраўнік Будапешцкага Тэатра аперэты і мюзікла, разам з італьянскім маэстра – галоўным запрошаным дырыжорам нашага тэатра Джанлукай Марчано – і ўзначаліць пастановачную групу. Аперэта караля вальсаў Іагана Штрауса з'явіцца ў афішы беларускага Вялікага ў красавіку 2019-га. Першыя рэпетыцыі запланаваны на пачатак сакавіка.

Керо разам са сваёй камандай у чарговы раз прыехаў у Мінск у жніўні, каб на гэты раз прадставіць тэатру канчатковую канцэпцыю свайго спектакля, правесці дадатковыя праслухоўванні салістаў і вызначыць, хто з артыстаў балета прыме ўдзел у новай пастаноўцы.

Габар Міклаш Керэньі нарадзіўся ў Будапешце ў 1951 годзе, скончыў аддзяленне оперных спеваў у мясцовай кансерваторыі і працягнуў адукацыю ў Венгерскай тэатральнай акадэміі, атрымаўшы дыплом «рэжысёра музычнага тэатра». У Венгерскім дзяржаўным оперным тэатры, дзе Керо прапрацаваў 10 гадоў, рэжысёр паставіў класічныя оперы: «Лятучы галандзец» Р. Вагнера, «Дон Карлас» і «Макбет» Дж. Вердзі, «Фауст» Ш. Гуно і інш. А ўжо ў ролі мастацкага кіраўніка, дырэктара і рэжысёра Будапешцкага тэатра аперэты і мюзікла, Габар Міклаш дадаў у афішу такія спектаклі, як: «Каралева чардаша» і «Графіня Марыца» І. Кальмана, «Краіна ўсмешак» Ф. Легара, «Рамэа і Джульета» С. Левая, «Лятучая мыш» І. Штрауса і інш.

Яго спектаклі ідуць у Зальцбургу, Санкт-Пецярбургу, Празе, Вене, Тэль-Авіве, Бухарэсце, Мюнхене... А зараз – і ў Мінску!.. Сам Керо абяцае, што на беларускай сцэне гледачы ўбачаць унікальную пастаноўку: «Мы ствараем спектакль, які захавае традыцыі першай аперэты 1874 года, але таксама возьме ў сабе ўсё самае лепшае з таго, што існуе на сёння». Складаныя лабірынты, паваротны круг, незвычайныя візуальныя эфекты, цікавая харэаграфія – усё будзе працаваць для ўвасаблення задумы рэжысёра. «І ўсё-ткі на чале кута – музыка! Яна – неверагодная!» – падкрэсліў Керэньі.

У афішы беларускага Вялікага з'явіцца аперэта, якая з поспехам ідзе на вядучых сцэнах свету, напрыклад, у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Ёрку ці ў Каралеўскім «Ковант-Гардэне» у Лондане.

Толькі факты

***
Над новай пастаноўкай аперэты І. Штрауса «Лятучая мыш» ў Вялікім тэатры Беларусі будуць працаваць: Джанлука Марчано (дырыжор-пастаноўшчык), Габар Міклаш Керэньі (рэжысёр-пастаноўшчык), Тамаш Ракаі (мастак-пастаноўшчык, сцэнаграфія), Агнеш Эва Дзярмаці (мастак-пастаноўшчык, касцюмы), Петар Шамфаі (мастак па святле), галоўны хормайстар тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч (хормайстар-пастаноўшчык), Вольга Костэль (балетмайстар-пастаноўшчык).

***
Габар Міклаш Керэньі, або Керо, шчаслівы зноў звярнуцца да такога цікавага матэрыялу. Яго «Лятучыя мышы» лётаюць на самых розных сцэнах свету. Але беларуская пастаноўка абяцае быць асаблівай. Прадстаўляючы канцэпцыю спектакля ў Мінску, Керо звярнуў увагу, што сцэнаграфія будзе складанай, але таму – цікавай гледачу.

***
Для новай пастаноўкі будзе створана больш за 200 незвычайных нарадаў. Мастак па касцюмах Агнеш Дзярмаці (Венгрыя) працавала ў оскараноснам фільме Іштвана Сабо «Мефістофель».

***
Як і ў арыгінальнай партытуры, партыю князя Арлоўскага на беларускай сцэне выканае... меца-сапрана. Арлоўскі выступіць тут адной з цэнтральных фігур. Усё, што будзе адбывацца на сцэне, ладзіцца з адзінай мэтай: пацешыць гаспадара балю.

***
У беларускім Вялікім ўжо ішла «Лятучая мыш» І. Штрауса. Над аперэтай ў далёкім 1961-м працавалі: дырыжор Т. Каламійцава, рэжысёр В. Броўкін, мастак Е. Чамадураў, хормайстар А. Кагадзееў.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры