Навiны

Не опера – феерверк!

 

Дзевяты Мінскі міжнародны Калядны оперны форум адкрыецца ярка і весела – операй «Дон Паскуале» Г. Даніцэці. Менавіта так абяцаюць пастаноўшчыкі спектакля.

Стары Дон Паскуале хоча ажаніць свайго пляменніка Эрнэста на багатай нявесце. Аднак малады чалавек не згодны з выбарам дзядзькі: ён любіць прыгожую ўдавіцу Нарыну, якая адказвае яму ўзаемнасцю. Стары пагражае: ён выганіць Эрнэста з хаты, калі той не падпарадкуецца яго волі. Дон Паскуале хоча як мага хутчэй пазбавіцца ад юнака, бо сам на схіле гадоў задумаў ажаніцца... Так пачынаецца камічная опера Г. Даніцэці «Дон Паскуале», па словах крытыкаў, «самае выдатнае тварэнне кампазітара». Прэм'ера оперы-буфа адкрые Калядны оперны форум-2018 13 снежня.

«Наш прэм'ерны спектакль створаны для моладзі тэатра, – падкрэсліў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка. – Першапачаткова мы рыхтавалі яго для групы стажораў, цяпер многія з іх –салісты тэатра. Але галоўнае – гэта моладзь, на якую мы і зрабілі спектакль. Цяпер выносім яго на Форум – на суд гледачоў».

«Вельмі важна, каб наш фестываль прайшоў у выключна святочнай атмасферы і быў афарбаваны эмацыйна і ярка. Таму першы спектакль Форуму – «Дон Паскуале» Г. Даніцэці – вясёлая, жывая опера, якая дасць імпульс усяму фестывалю. А пачатак – гэта ж самае галоўнае! І гэты звонкі, радасны, пазітыўны пачатак будзе!» – сказаў дырыжор-пастаноўшчык Віктар Пласкіна. А рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ дадаў: «Сапраўды, вельмі хочацца, каб настрой фестывалю быў святочным, таму адкрываем оперны форум вясёлай камедыяй».

Дадамо, што над пастаноўкай у беларускім Вялікім працуюць: галоўны рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, уладальнік медаля Францыска Скарыны; галоўны дырыжор Віктар Пласкіна, заслужаны артыст Украіны; галоўны мастак Аляксандр Касцючэнка, уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь; галоўны хормайстар Ніна Ламановіч, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальніца Ордэна Францыска Скарыны; мастак па касцюмах Кацярына Шымановіч.

У спектаклі занятыя маладыя салісты тэатра: Андрэй Сялюцін, Андрэй Кліпо, Дзяніс Янцэвіч, Андрэй Мацюшонак, Аляксандр Міхнюк, Вікторыя Красінская (стажор), Анастасія Храпіцкая (стажор) і інш.

Трэба сказаць, што ўпершыню на сцэне Вялікага тэатра Беларусі опера Г. Даніцэці «Дон Паскуале» з'явілася ў 1977 годзе. (Дырыжор-пастаноўшчык І.Абраміс, рэжысёр-пастаноўшчык Ю. Аляксандраў.) Тады ў галоўных ролях бліскалі: А. Кеда, В. Чарнабаеў, А. Саўчанка, В. Скорабагатаў, В. Экнадзіосаў, Л. Колас і інш.


***

Даследчыкі да гэтага часу не могуць прыйсці да адзінага меркавання з нагоды часу напісання кампазітарам оперы «Дон Паскуале», адны сцвярджаюць, што гэта заняло ў аўтара 10 дзён, іншыя – тры тыдні. Але крытыкі аднадушныя ў адным: гэта самае выдатнае тварэнне Гаэтана Даніцэці.

«Свежасць натхнення кампазітара здавалася першароднай, і публіка з вялікім задавальненнем слухала сольныя партыі і вельмі удалыя ансамблевыя сваркі, якія працягвалі традыцыю камічнай оперы і якія адрозніваліся вакальнай дасканаласцю і глыбокім псіхалагізмам – выразныя следства эвалюцыі стылю і жыццёвага попыту. Опера амаль пазбаўлена відавочна карэкатурных, кідкіх вобразаў, будучы разам з тым вельмі сакавітай. Дакладней, карыкатура вырабляе супрацьлеглае ўражанне. Дзеянне разгортваецца ў сценах дома, без асаблівых здарэнняў або адхіленняў у бок, у пакоях, дзе разам са смуткам штодзённасці пануюць жаночае уладалюбства, юнацкая лёгкасць і старэчая непаваротлівасць, дзе назойлівы пах кухні разрэджвае толькі востры водар касметычных сродкаў... » Г. Маркезе (у перакладзе Е. Грачанай)

 

 


 

 

 

 

Генеральны партнёр

 

ПАРТНЁРЫ ПРАЕКТА

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Партнёры