Навiны

Герман з Масквы

Зноў на беларускай сцэне - заслужаны артыст Расіі Міхаіл Губскі, запрошаны саліст маскоўскага Вялікага, артыст тэатра «Новая опера» імя Я.У. Колабава. Менавіта за гэтую партыю - Германа ў оперы П. Чайкоўскага «Пікавая дама» - Міхаіл Губскі быў намінаваны на прэстыжную тэатральную расійскую прэмію «Залатая маска».
29 студзеня Міхаіл Губскі прыме ўдзел у спектаклі беларускага Вялікага - оперы П. Чайкоўскага «Пікавая дама», дзе зноў выканае партыю Германа. Аб Губскім-Германе крытыкі пішуць: «Вобраз Германа - глыбокі і трагічны. Гэтая роля сыграна артыстам з поўнай самааддачай. Яго герой адначасова агідны, варты жалю і ў той жа час - закаханы і спустошаны... Спявак ўжо даўно набыў любоў публікі, дзякуючы рэдкаму сцэнічнаму абаянню і высокаму прафесіяналізму. Пранікнёнасць і шчырасць выканання а, галоўнае, яго аксамітны «ап'яняльны» голас не можа пакінуць абыякавым ніводнага гледача ў зале...»

Міхаіл Губскі прымаў удзел у шматлікіх міжнародных праектах у ЗША, Канадзе, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Японіі, Фінляндыі, Славеніі, Польшчы, Расіі і на Кіпры. Ён працаваў разам з сусветна вядомымі дырыжорамі, такімі як: М.Растраповіч, М.Плятнёў, У.Співакоў, Я.Колабаў, Ф.Мансураў, А.Вядзернікаў, М.Эрмлер, Ю.Кочнеў, В.Каваленка.

У рэпертуары Міхаіла Губскага больш за 60 партый, у тым ліку ў операх Дж. Вердзі (Альфрэд, «Травіята», Герцаг, «Рыгалета»), Г. Даніцэці (Немарына, «Любоўны напой», Гульельма, «Viva la Mamma!») , П. Чайкоўскага (Ленскі, «Яўген Анегін», Вакула, «Чаравікі», Вадэмон, «Іяланта»), М. Рымскага-Корсакава (Моцарт, «Моцарт і Сальеры», Берандзей, «Снягурка», Лыкаў, «Царская нявеста»), С. Рахманінава (Паола, «Франчэска ды Рыміні», Малады цыган,«Алека»), Дж. Пучыні (Рудольф, «Багема»), С. Манюшкі (Пан Дамазы, «Страшэнны двор») і многіх іншых.
Шмат хто кажа, што Чайкоўскі напісаў сваю «Пікавую даму», і яна - нашмат больш пераканаўча, чым пушкінскі арыгінал. Вырашыць, ці так гэта, вы, дарагія гледачы, зможаце 29 студзеня.

У гэты вечар на сцэне Вялікага тэатра Беларусі галоўныя партыі таксама выканаюць: лаўрэат міжнародных конкурсаў Марыя Галкіна (Ліза), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава (Паліна), Марына Аксёнцава (Графіня), народны артыст Беларусі Ўладзімір Пятроў (Граф Томскі). За дырыжорскім пультам – маэстра Андрэй Галанаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры