мастацкае кіраўніцтва

Мастацкі кіраўнік тэатра

Валянцін Елізар'еў

Народны артыст СССР
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь

Творчая дзейнасць В.Н.Елізар'ева пачалася ў Ленінградскім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы імя Ваганавай (скончыў у 1967 г.) і затым у Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава (скончыў у 1973 г.). У 1970 г. стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў у Маскве. У 1973 г. запрошаны ў Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на пасаду галоўнага балетмайстра.

Ужо сваімі першымі працамі харэограф заявіў пра сябе як мастак, чыя творчасць, талент непарыўна звязаныя з вечнымі праблемамі, хвалюючымі чалавецтва. Пастаўленыя В.Н.Елізар'евым на беларускай сцэне балеты «Кармэн-сюіта» (1974), «Стварэнне свету» (1976), «Тыль Уленшпігель» (1978, 2004) «Спартак» (1980, абнаўленне ў 2017), «Шчаўкунок» (1982), «Карміна Бурана» (1983), «Балеро» (1984), «Вясна святая» (1986, 1997), «Рамэа і Джульета» (1988), «Дон Кіхот» (1989), «Страсці (Рагнеда)» (1995), «Жар-птушка» (1998), «Спячая прыгажуня» (2001) сфармавалі новы тып балетнай драматургіі, заснаванай на скразным развіцці дзеяння, паліфаніі музычна-харэаграфічных вобразаў, на метафарычнасці і разнастайнасці пластыкі, супастаўленні, контрасце і гармоніі асобных сцэн, на адзінстве ўсіх кампанентаў спектакля. Спектаклі В.Н.Елізар'ева ацэнены спецыялістамі і музычна-тэатральнай грамадскасцю як з'явы, значэнне якіх выходзіць далёка за рамкі нацыянальнага мастацтва. Яны вывелі харэографа ў лік найбольш цікавых дзеячаў еўрапейскага балетнага тэатра ХХ стагоддзя і сталі класікай сучаснай харэаграфіі.

У 1993 г. на VII Міжнародным конкурсе артыстаў балета ў Маскве балетмайстар удастоены спецыяльнай прэміі за лепшую сучасную харэаграфію.

Падзеяй, якая атрымала сусветны грамадскі рэзананс, стала ўзнагароджанне В.Н.Елізар'ева ў 1996 годзе званнем «Лепшы харэограф года» і прызам «Benois de la Danse», які ўстанавіла Міжнародная асацыяцыя танца, і ўручэнне ў Парыжы.

В.Н.Елізар'еў ставіў спектаклі ў Ленінградзе («Тыль Уленшпігель» у Ленінградскім акадэмічным тэатры оперы і балета імя Кірава), Маскве («Настрой» у Вялікім тэатры Саюза ССР; «Класічная сімфонія», «Паэма» ў Дзяржаўным канцэртна-харэаграфічным ансамблі «Класічны балет»), Любляне («Жызэль» у тэатры оперы і балета), Стамбуле («Дон Кіхот» у тэатры оперы і балета), Варшаве (харэаграфічны трыпціх «Балеты Валянціна Елізар'ева» ў Варшаўскім Вялікім тэатры), Токіо («Эсмеральда» ў балетнай трупе NBA, «Дон Кіхот» і «Лебядзінае возера» ў Japan Ballet Association), Анкары («Спартак» у Тэатры оперы і балета), Каіры («Спартак» у Каірскім оперным тэатры) і інш.

На працягу многіх гадоў В.Н.Елізар'еў з'яўляецца старшынёй журы Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, членам журы міжнародных конкурсаў балета ў Варне (Балгарыя), Маскве, Сочы, Казані, Новасібірску (Расія), Нагое (Японія), Кіеве (Украіна), Джэксане (ЗША), Шанхаі і Пекіне (Кітай).

В.Н.Елізар'еў абраны акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996), акадэмікам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1997). Двойчы ўдастоены (1998, 2001) Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне харэаграфічнага мастацтва і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь, у 2001 г. атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўдзел тэатра ў Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У 1997 г. узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, у 2003 – ордэнам Айчыны III ступені, у 2007 – ордэнам Айчыны II ступені.

В.Н.Елізар'еў з'яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, больш за чатыры дзесяцігоддзі ўзначальвае беларускую харэаграфічную школу падрыхтоўкі кадраў.

З 2003 г. з'яўляецца чальцом Рады Еўропы па культуры.
У 2007 г. В.Н.Елізар'еву прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Мінска».
У 2011 г. удастоены Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у 2012 – галоўнага прыза Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі «Хрустальная Паўлінка».
У 2017 г. стаў Чалавекам года ў сферы культуры.
У 2016 г. удастоены медаля ЮНЕСКА «Пяць кантынентаў».
Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017-2018 гады.

Валянцін Елізар'еў у 1992-1996 узначальваў балетную трупу ДАВТ оперы і балета Беларусі, у 1996-2009 быў дырэктарам-мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

З верасня 2018 года – мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі.

Партнёры