дырэкцыя

Генеральны дырэктар

Грыдзюшка Уладзімір Паўлавіч

 

Грыдзюшка Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся ў 1958 годзе. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім.А.М.Горкага, Беларускі дзяржаўны універсітэт і Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Настаўнік, палітолаг, менеджэр-эканаміст. Працаваў у камсамольскіх органах. Прайшоў шлях ад сакратара камітэта камсамола факультэта педагагічнага інстытута да сакратара ЦК ЛКСМ Беларусі. Быў Старшынёй Цэнтральнага Савета Беларускай піянерскай арганізацыі.

 
У 1987-1988 гадах знаходзіўся ў Рэспубліцы Афганістан у якасці саветніка ЦК УЛКСМ.
З 1992 па 2001 год узначальваў грамадскае аб'яднанне “Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў "Мы-дзецям".
У 2001-2003 гадах працаваў саветнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Балгарыі.
У снежні 2003 года Грыдзюшка У.П. быў назначаны на пасаду намесніка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
 
Асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці з'яўляліся: ажыццяўленне інвестыцыйнай палітыкі і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыя аб'ектаў, пытанні эканамічнага развіцця галіны культуры.

У лістападзе 2009 года Грыдзюшка У.П. назначаны на пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

З 2012 года ўзначальвае падкамітэт па Дзяржаўным прэміям у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Пад яго кіраўніцтвам тэатр ажыццявіў значныя оперныя і балетныя пастаноўкі, у тым ліку оперы «Сівая легенда» Д.Смольскага, «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Набука», «Аіда» і «Рыгалета» Дж.Вердзі, балеты «Вітаўт» В.Кузняцова, «Анюта» на музыку В.Гаўрыліна, «Жызэль, або Вілісы» А.Адана, «Лаўрэнсія» А.Крэйна, «Шчаўкунок, або Яшчэ адна калядная гісторыя» на музыку П.Чайкоўскага і інш.

Па ініцыятыве Уладзіміра Грыдзюшкі рэалізаваны маштабныя культурныя праекты: Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, Маладзёжны оперны форум краін СНД, фестываль опернага і балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», «Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры», «Балетнае лета ў Вялікім». З'яўляецца членам журы міжнародных конкурсаў вакалістаў у Германіі, Францыі, Балгарыі.

Партнёры