Андрэй Мдзівані

Страсці (Рагнеда)

балет у 2 дзеях

Рэкамендаваны ўзрост 12+

Даты спектакля

Кампазітар – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь Андрэй Мдзівані
Лібрэта, харэаграфія і пастаноўка – народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Елізар’еў
Дырыжор-пастаноўшчык – народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генадзь Праватораў
Мастак-пастаноўшчык – народны мастак Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Окунеў
Хормайстар – народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч
Працягласць – 2 гадзіны 10 хвілін з адным антрактам
Прэм’ера – 28 ліпеня 1995 года

12

У год 980 у землях Полацкіх валадарыў князь Рагвалод. Ён меў прыгожую дачку Рагнеду, заручаную з Яраполкам, князем Кіеўскім, сынам Святаслава. Другі Святаславіч, Уладзімір, княжыў тады ў Ноўгарадзе. Ён вырашыў адняць у брата дзяржаву кіеўскую, жадаў пазбавіць яго і нявесты. Праз паслоў сваіх загадаў ён сказаць князю Полацкаму:
- Хачу ўзяць дачку тваю сабе за жонку.
Той жа спытаў у дачкі сваёй:
- Ці хочаш за Уладзіміра?
Яна ж сказала:
- Не хачу разуць рабыніча, але Яраполка хачу (бо быў Уладзімір сынам рабыні).

І прыйшлі юнакі Уладзіміра, і паведамілі яму ўсю прамову Рагнедзіну, дачкі Рагвалода, князя Полацкага. Уладзімір сабраў тады мноства ваяроў, варагаў і славян, чудзі і крывічоў, і пайшоў на Рагвалода. У той жа час хацелі Рагнеду весці за Яраполка. І прыйшоў Уладзімір на Полацк, і забіў Рагвалода і двух яго сыноў, і дачку яго сілай ўзяў за жонку.

У той жа год расправіўся Уладзімір з братам сваім Яраполкам і зацвердзіў сваю ўладу над Кіевам.

Рагнеда ж, названая па яе няшчасцях Гарыславаю, не даравала мужу забойства бацькі і братоў, гэтак жа як і здраду ў шлюбе: бо Уладзімір аддаваў перавагу іншым жонкам перад ёю і выслаў няшчасную са свайго палаца.

Аднойчы, у час наведвання яе самотнага жылля на беразе ракі Лыбедзі, каля Кіева, ён заснуў там моцным сном, і Рагнеда хацела нажом забіць яго. Князь прачнуўся і адвёў удар. Нагадаўшы бязлітаснаму князю пра смерць сваіх блізкіх і праліваючы слёзы, у роспачы Рагнеда скардзілася, што ён ужо даўно не любіць ні яе, ні іх няшчаснае дзіця Ізяслава. Уладзімір хацеў уласнаруч пакараць Рагнеду. Тады юны Ізяслаў падаў яму меч і сказаў: “Ты не адзін, о мой бацька! Сын будзе сведкам”. Уладзімір, кінуўшы меч на зямлю, адказаў: “Хто ведаў, што ты тут!..” Выйшаў, склікаў баяр і патрабаваў іх парады. “Уладар! – сказалі яны, прабач вінаватую дзеля гэтага дзіцяня і дай ім у долю былую вобласць бацькі яе!” Уладзімір пагадзіўся: пабудаваў новы горад і, назваўшы яго Ізяслаўлем, адправіў туды маці і сына…

У год 988 Вялікі князь Уладзімір бярэ хрысціянскі шлюб з царэўнай Ганнай Багранароднай з Візантыі і схіляе Кіеўскую Русь да хрысціянства.

Асудзі іх, Божа! Няхай адмовяцца ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адрынь іх, бо яны ўгнявілі Цябе. (Псалтыр, пс.5)

 

Партнёры