Карэн Хачатурян

Чыпаліна

балет у 3-х дзеях

Узрост 6+

Даты спектакля

Лібрэта – Генадзь Рыхлаў у рэдакцыі Генрыха Маёрава па казцы Джані Радары «Прыгоды Чыпаліна»
Харэаграфія і пастаноўка – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Генрых Маёраў
Дырыжор-пастаноўшык – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Леў Лях
Мастак-пастаноўшык – заслужаны мастак Расіі Валерый Левенталь
Аднаўленне – народны артыст Беларусі Юрый Траян
Дырыжоры – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай КалядкаІван Касцяхін

Працягласць – 2 гадзіны 5 хвілін з двума антрактамі
Прэм’ера – 17 лістапада 1978 года
Аднаўленне – 7 красавіка 2007 года

6

Дзея першая

Плошча казачнага горада. Гэта толькі здаецца, што на ёй стаяць кошыкі для агародніны і скрыні для фруктаў. На самой справе гэта – вялікія і маленькія домікі, дзе жывуць агародніна і фрукты, якія так нагадваюць людзей.

На плошчы сустракаецца сям’я Радысак з сям’ёй Цыбулін. Мама Чыпола і бацька Чыпалоне робяць заўвагі няўрымсліваму Чыпаліна, якому надакучыла няньчыць сястрычку Чыпалету. Тут жа майстар Вінаградзінка рамантуе абутак. Кум Гарбуз шукае цэглы, каб пабудаваць сабе домік. Прафесар Груша іграе на скрыпцы, і ўсе жыхары гэтага казачнага горада танцуюць.

Нечакана на плошчу ўрываецца сіньёр Памідор і абвяшчае, што хутка з’явіцца сам прынц Лімон, які жадае пагаварыць са сваім народам. Прынц выдаў новы закон: кожны павінен плаціць за тое, што яму свеціць сонца, што ідзе дождж, павявае вецер.

Народ абураецца. У створанай таўкатні Чыпаліна наступае Лімону на нагу. Варта ў гневе – гэта ж абразілі прынца! Бунтаўшчыка неабходна пакараць. Але ён знікае, і варта арыштоўвае старога Чыпалоне.

Бядуюць не толькі ў сям’і Цыбулін. Гарбузу таксама не проста – ён сам не можа пабудаваць сабе домік. І жыхары горада на чале з Чыпаліна дапамагаюць яму ў гэтым. Як толькі скончылася будаўніцтва, зноў з’яўляецца сіньёр Памідор. Ён амаль не лопнуў ад зайздрасці, калі ўбачыў домік: ён жа пабудаваны на зямлі графінь Вішань. Ніхто, акрамя іх, не мае права карыстацца ёю.
Гвардыя Лімона рушыць домік Гарбуза. Абездолены стары ў адчаі. Чыпаліна вырашае адпомсціць крыўдзіцелям.

Дзея другая

Чыпаліна разам з сяброўкай Радысачкай ідзе ў палац, каб знайсці падзямелле, у якое Лімон пасадзіў Чыпалоне. Па дарозе яны сустракаюць Вішанку, якому нудна і самотна жыць у палацы, і паміж імі ўзнікае сяброўства. У пошуках вязня сябры ледзь не трапляюць у рукі сіньёра Памідора, але ім пашчасціла выратавацца. Падчас балю, які графіні Вішні даюць у гонар прынца Лімона, сябры вызваляюць старога Чыпалоне.

Дзея трэцяя

Гвардыя Лімончыкаў і паліцыя паўсюль шукаюць уцекачоў. Чыпаліна хавае бацьку, а потым Радысачку, але самога Чыпаліна абкружае варта і кідае ў падзямелле.

У замку ціха. Вішанка і прыгажуня Магнолія шукаюць Чыпаліна. Магнолія сваім п’янлівым водарам усыпляе вартаўнікоў; Вішанка звязвае іх і вызваляе Чыпаліна.

Прынц Лімон спускаецца ў падзямелле пакараць нягоднага бунтаўшчыка і бачыць, што варта звязана, а падзямелле пустое. Раз’юшаны прынц загадвае паліць па гораду з пушкі. Аднак Чыпаліна з сябрамі заштурхоўваюць у пушку самога прынца Лімона.

Дым ад выбуху рассеяўся. Няма ні Лімона, ні пушкі, ні гвардыі.

З гэтага часу ў казачным горадзе ўсё будзе мірна. Пад цёплым сонцам і сінім небам вырастае новы горад. Горад сяброў!

Партнёры