.

пресса

КОЛЬКІ Ў ТВОРЧАСЦІ ПРЫСТУПАК?

Першай "прыступкай" сталася знаёмства з маладой піяністкай Вольгай Сцяжко і яе прачытаннем Канцэрта № 25 Моцарта. Першая частка атрымалася "кроплева-дажджыстай", струменістай, а некаторыя фрагменты ўвогуле гучалі з рамантычнай настальгіяй, бы ахінутыя тумановай дымкай. У другой частцы фартэпіяна ўносіла свае чорна-белыя адценні-цені ў вязь драўляных духавых, у трэцяй - уплятала сярэбраныя ніткі ў пасажныя карункі. Такое змяшчэнне Моцарта на мяжы класіцызму і рамантызму высвеціла саму лінію мацарціянства, што вядзе і да Шапэна. А менавіта шапэнаўскія творы прынеслі Вользе Гранпры на І Еўрапейскім конкурсе піяністаў імя Г.Чэрні-Стэфаньскай, музыку польскага класіка выконвала яна і ў час свайго ранейшага прыезду ў Мінск з Лондана, дзе апошнім часам працягвае навучанне. На далейшых "прыступках" змясціліся оперныя салісты. Аксана Волкава працягнула нітку ад Моцарта да Вердзі, з напалам эмоцый апошняга выканаўшы мужчынскую арыю Раміра з моцартаўскай "Уяўнай садоўніцы". У іншых нумарах яе мецца-сапрана, як заўсёды, прыцягвала таямнічай глыбінёй і пачуццёвасцю.
У Канцоне Эбалі з "Дон Карласа" да знанай салісткі далучылася Алена Калягаева. Склаўшы ідэальны ансамбль з прызнанай прымадоннай, яна ў чарговы раз даказала найвышэйшы ўзровень нашага опернага хору, артысткай якога з'яўляецца. Настасся Масквіна, увасабляючы Леанору з "Трубадура", бліскала россыпам сапранавых феерверкаў. У "Русалцы" ж Дворжака яе голас загучаў надзвычай мякка, песенна, па-славянску. З асаблівай нецярплівасцю чакалі слухачы Іллю Сільчукова з яго вельмі прыгожым, мяккім барытонам, які ліецца настолькі свабодна, быццам яго ўладальнік не спявае, а "гаворыць" на вакальнай мове. Гэты малады саліст заняты далёка не ва ўсім рэпертуары тэатра, таму кожны яго выхад на сцэну ўспрымаецца нечаканым падарункам. Шмат прыемных нечаканасцей было і гэтым разам. Знакамітая Каваціна Фігара з "Севільскага цырульніка" Расіні цалкам змяніла ўстойлівы вобраз гэткага хітрага, усюдыіснага "праныры", які робіць сотню спраў адначасова. Перад намі, наадварот, паўстаў спакойны, разважлівы чалавек, і менавіта азначаныя якасці дапамагаюць яму паспяваць рабіць усё і паўсюль. Ягоны Фігара настолькі запатрабаваны, што яго літаральна разрываюць на часткі. Але сам ён не любіць мітусні, яму больш па душы размераная праца, таму галоўнае, да чаго ён імкнецца, - гэта выстраіць сваіх заказчыкаў "у чаргу".

А далей - як кажуць, справа тэхнікі (дакладней, прафесіяналізму). Чым не новая трактоўка? Прычым пададзеная так ярка ўсяго праз адзін (да таго ж, канцэртны) выхад героя. Такое ж уменне раскрыць характар персанажа і, што вельмі важна, выбудаваць дынаміку далейшых трансфармацый вобраза І.Сільчукоў прадэманстраваў у арыі Жэрмона з "Травіяты". Гэты оперны "хіт" стаў своеасаблівым "каньком" спевака яшчэ пяць гадоў таму, на Першым Міжнародным конкурсе імя Л.Александроўскай. Тады Ілля быў студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, займаўся ў класе Пятра Рыдзігера і, увасабляючы бацьку, занепакоенага закаханасцю сына, атрымаў не толькі лаўрэацкае званне, але і спецыяльны прыз "За высокае акцёрскае майстэрства і яркую тэатральную выразнасць". Але ж як паглыбілася цяперашняе разуменне салістам гэтай музыкі! У адну арыю ён быццам уклаў і "перадгісторыю" свайго персанажа, і трагічны фінал оперы, спалучыўшы тэмбравую прыгажосць спеваў з унутраным драматызмам, амаль "бясконцую" працягласць фразіроўкі - з жывым "дыханнем" чалавека, якому вельмі складана далося ў душы прыняцце бескампраміснага рашэння. Таму, суцяшаючы сына, ён "угаворвае", найперш, сябе самога ў сваёй праваце.
Падобная "шматслойнасць", неадназначнасць героя, што трапіў у палон сваіх душэўных ваганняў, чыталася і ў сільчукоўскім выкананні арыі князя Кізгайлы з оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча. Увогуле, асобную "прыступку" ў канцэрце па праве заняла беларуская музыка. Вячаслаў Воліч, выступіўшы не толькі дырыжорам, але і музычным кіраўніком праекта, уключыў у праграму таксама сімфанічны Кант-гімн Вячаслава Кузняцова і надаў партытуры папраўдзе "кантаўскае" гучанне. У выніку ўсё другое аддзяленне аказалася "акантаваным" строгай, узнёслай харальнасцю, бо завяршаўся канцэрт Малітвай Сантуцы з оперы Масканьі "Сельскі гонар", прычым з удзелам хору (галоўны хормайстар - Ніна Ламановіч). Дарэчы, харал і кант ужо самі па сабе асацыіруюцца з мернай, зладжанай хадой па прыступках, што можа працягвацца да бясконцасці. Чым не сімвал упартага скарэння вяршынь?

Источник:
Газета "Культура"
№ 51 / 919 за 2009-12-19
Колькі ў творчасці прыступак?

ПАРТНЕРЫ