.

пресса

УБАЧЫЦЬ ПАРЫЖ І…

 

Калі ўсё задуманае ўвасобіцца ў жыццё, увосень мы ўбачым "Шахразаду" і "Жарптушку" - акурат у тым рарытэтным выглядзе, як гэтыя аднаактовыя балеты былі паказаны стагоддзе таму, пад час "Рускіх сезонаў" у Парыжы, здзейсненых Сяргеем Дзягілевым.

Калі тыя дзягілеўскія сезоны былі накіраваны на папулярызацыю тагачаснага рускага авангарда, у тым ліку балетнага, дык цяперашнія "сезоны па-ліепаўску"- гэта праект адраджэння лепшых здабыткаў, у тым ліку ў галіне балетнага прадзюсіравання. Працягваючы творчыя запаветы свайго бацькі, Андрыс узначальвае Дабрачынны фонд імя Марыса Ліепы. Ідэя аднавіць "Рускія сезоны" нарадзілася яшчэ ў 1992 годзе, калі М.Ліепа рэканструяваў адзін з тых "руска-сезонных" балетаў - "Уяўленне ружы". Паўплывалі і асабістыя стасункі з нашчадкамі легендарных творцаў. Прыехаўшы ў Нью-Йорк, Марыс пазнаёміўся з сынам балетмайстра Міхаіла Фокіна, а Андрыс танцаваў з ягонай унучкай Ізабэль.

 

У адноўленых пастаноўках захоўваецца аўтарская сцэнаграфія і касцюмы, што вырабляюцца па тагачасных эскізах Л.Бакста і А.Галавіна. Харэаграфія ж ці вывучваецца "з нагі ў нагу", непасрэдна ад носьбітаў традыцыі і далей з пакалення ў пакаленне, ці, у асобных выпадках, прыдумваецца наноў - па ўспамінах, а таксама фотаздымках пачатку ХХ ст.

 "Рускія сезоны ХХІ стагоддзя" стартавалі ў 2007 г. у Парыжы, аб'ехалі іншыя еўрапейскія краіны, Расію, Украіну, Латвію. Нарэшце, 22 кастрычніка яны распачнуцца і ў Беларусі. Праект плануецца зрабіць доўгатэрміновым, паступова знаёмячы мінчан і гасцей сталіцы з іншымі дзягілеўскімі спектаклямі. Існуе ідэя прывезці адначасова выстаўку, прысвечаную "Рускім сезонам". Асабіста ж М.Ліепа быў бы рады зноў сустрэцца і пасупрацоўнічаць з нашым Валянцінам Елізар'евым, які калісьці паставіў для яго і Ніны Ананіяшвілі харэаграфічную мініяцюру, што прынесла ім Гран-пры на конкурсе ў Амерыцы. А яшчэ - правесці творчую сустрэчу ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы, папрацаваць з нашымі артыстамі балета, эстрады, можа, нават паставіць у нас оперу: "Я многім абавязаны вашаму тэатру. Прыспеў час аддзячыць. Мяне вельмі ўразіла, як прайшла яго рэканструкцыя. Цяпер тут хочацца марыць і спяваць".


Источник: http://www.kimpress.by

ПАРТНЕРЫ