.

пресса

ЛЕТНІ ВЕЧАР У ЗАМКУ

 

 
 Вечар усё больш насычаўся таямнічасцю: калі цемра яшчэ не пакрыла ўсё наўкола, неверагодныя ў змроку абрысы замка, дрэў у парку, людскіх постацей ператвараліся ў фантастычныя здані. Без цяжкасцей уяўленне магло намаляваць прывіды і Чорнай панны, і Блакітнай жанчыны, і жудаснай пагоні караля Стаха — варта толькі было аб гэтым падумаць.

Нязмушанае далучэнне  да мастацтва
І толькі салодкі водар ліпы, што час ад часу даносіў вецер, вяртаў у рэчаіснасць: гэта Нясвіж, гэта фестываль Вялікага тэатра ў фармаце open-air, гэта адпачынак. Адпачынак-шпацыр, бестурботнасць, сяброўская кампанія. І разам з тым — далучэнне да высокага мастацтва, натуральнае і нязмушанае для вялікай колькасці наведвальнікаў Нясвіжскага комплексу. Усяго на вечарах Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў пабывала каля 3,5 тысячы гледачоў.

 

Вечар усё больш насычаўся таямнічасцю: калі цемра яшчэ не пакрыла ўсё наўкола, неверагодныя ў змроку абрысы замка, дрэў у парку, людскіх постацей ператвараліся ў фантастычныя здані. Без цяжкасцей уяўленне магло намаляваць прывіды і Чорнай панны, і Блакітнай жанчыны, і жудаснай пагоні караля Стаха — варта толькі было аб гэтым падумаць.

Нязмушанае далучэнне  да мастацтва
І толькі салодкі водар ліпы, што час ад часу даносіў вецер, вяртаў у рэчаіснасць: гэта Нясвіж, гэта фестываль Вялікага тэатра ў фармаце open-air, гэта адпачынак. Адпачынак-шпацыр, бестурботнасць, сяброўская кампанія. І разам з тым — далучэнне да высокага мастацтва, натуральнае і нязмушанае для вялікай колькасці наведвальнікаў Нясвіжскага комплексу. Усяго на вечарах Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў пабывала каля 3,5 тысячы гледачоў.

На пачатку прадстаўлення оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”, што была паказана ў першы з трох вечароў, міністр культуры Павел Латушка, звяртаючыся да публікі, выказаў надзею, што калі ў Нясвіжы адродзіцца традыцыя, якая існавала ў ХVІІ—ХІХ стагоддзях, традыцыя буйнейшага культурнага цэнтра Еўропы, тут будуць ладзіцца імпрэзы сусветнага маштабу.

На ўрачыстым адкрыцці вечароў прысутнічалі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Шчэцька і старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко.



І сам фестываль Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь стаў магчымым дзякуючы падтрымцы з боку Мінаблвыканкама, Міністэрства культуры, мясцовай улады.

Вячэра сярод фрэсак
Неўзабаве ў Нясвіж можна будзе запрашаць і зорак сусветнага ўзроўню: выдатная акустыка імправізаванай залы ўнутранага дворыка, што нагадвае “каменны мяшок”, — высокія мураваныя сцены, брукаваны пляц, таму тут зусім не паглынаецца гук, натуральны антураж даўніны, новыя выяўленчыя магчымасці — усё гэта надзвычай прыцягальнае.
Удасканальваецца і турысцкая інфраструктура. Ужо абсталяваны VIP-апартаменты, гатэль на 50 месцаў на тэрыторыі музея-запаведніка. “На падыходзе” яшчэ 4 гасцініцы ў райцэнтры, будаўніцтва якіх хутка завершыцца.

Рэстаран наогул размешчаны ў зале з унікальнымі фрэскамі ХVІІІ стагоддзя: калі праектавалі — не ведалі аб гэтым, а пачалі здымаць стары тынк — і ўбачылі сапраўдныя артэфакты: такога роспісу на сценах наогул нідзе больш не сустракаецца ў Еўропе.

— Тут вельмі дэмакратычна, выдатная рэканструкцыя, выглядае ўсё надзвычай святочна, эфектна, — не хаваў сваіх эмоцый адзін з ініцыятараў правядзення вечароў дырыжор і музычны кіраўнік праекта Вячаслаў Воліч. — З трох­дзённага фестываль можа стаць Летнімі сезонамі Вяліка­га — такія імпрэзы ладзяць многія знакамітыя тэатры.
Белы баль

— Падобныя канцэрты — гэта не толькі прыцягненне ўвагі да запаведніка, але і новая музейная канцэпцыя, падчас увасаблення якой мы вяртаем функцыі замка, — разважае дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў. — Акрамя ўнутранага дворыка, ёсць яшчэ тры сцэнічныя пляцоўкі: заканчваюцца работы па аднаўленню тэатральнай залы, гэтае памяшканне “Пане Каханку” пабудаваў спецыяльна для прыёму польскага караля Станіслава Панятоўскага ў канцы ХVІІІ стагоддзя, і паводле архіўных дакументаў, пасля там быў тэатр. Чакаецца асвячэнне капліцы, дзе будзе ўстаноўлены арган, там выдатнае месца для правядзення музычных вечароў. І, нарэшце, ёсць так званая Белая бальная зала, дзе таксама могуць праводзіцца камерныя вечарыны. На лужку аднаго з валоў — самае месца для “зялёнага тэатра”. Як было і ў часы Радзівілаў.

Гарадская ж Ратуша ўжо палюбілася гледачу за ўтуль­насць. Як і папулярныя рамансы, што прагучалі тут у першы дзень у выкананні дыпламанта і лаўрэата міжнародных конкурсаў Таццяны Траццяк і Станіслава Трыфанава, струннага квінтэта “Серэнада”.

А месяц таму музей-запаведнік паспрабаваў стварыць у сценах замка рэканструкцыю балю 1811 года. І небеспаспяхова. Саюз беларускай шляхты ўжо зрабіў заказ на балі і надалей.

Ды і многіх творцаў прыцягнуць сюды новыя гармоніі гуку, колеру і святла.

Эпоха барока ў сценах касцёла
Наступны дзень фэсту, субота, быў пазначаны 410-годдзем з дня асвячэння касцёла Божага Цела. І менавіта там адбылася прэм’ера першай беларускай пасьён-араторыі “Жальбы” Ігара Хадоскі.

Сапраўды ўнікальны музычны твор нібы злучыў мінулае і сучаснасць. Перад тым як прагучалі першыя акорды, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь лаўрэат Дзяржпрэміі Віктар Скорабагатаў, які падчас рэпетыцыі хадзіў узад і ўперад па касцёле, удумліва прыслухоўваючыся да кожнага гуку, падказаў, як слухаць “Жальбы”.  Наладзіць гэтую прэм’еру — для хору, аркестра, салістаў і чытальніка — яго ідэя. Дагэтуль напісаная год сем назад араторыя гучала фрагментамі. Жалобныя галашэнні на раскрыжаванне Хрыста (“Страсці”), жанр, народжаны на пачатку эры, уласцівы храмавай музыцы. Аднак вельмі папулярным стаў у эпоху барока. Вяршыняй жанру лічацца  шэдэўры Баха. Нашы навукоўцы доўга збіралі фрагменты, што захаваліся ў беларускіх касцёлах, у храмах ад Любліна да Яраслаўля.

— Мы аднаўлялі напачатку асобна ўзятыя нумары (дзесьці для фагота і голасу, дзесьці для дзвюх скрыпак і двух галасоў і г.д.), а потым зразумелі, што назбіраўся матэрыял, каб зрабіць паўнацэнную араторыю, — расказаў Віктар Скорабагатаў. — За гэта ўзяўся кампазітар Ігар Хадоска, аўтарства лібрэта належыць Рыгору Барадуліну, Уладзіміру Мархелю і Васілю Сёмуху. У адрозненне ад бахаўскіх пасьён-араторый, дзе сюжэт пачынаецца з падзей за два дні напярэдадні яўрэйскай Пасхі, а заканчваецца пахаваннем Езуса, твор Хадоскі распавядае толькі пра падзеі на Галгофе.
Кампазітарам быў абраны метад рэканструкцыі духоўнага помніка ў адпаведнасці з сучаснымі ведамі пра традыцыйныя формы і музычную мову эпохі барока. Ён дазволіў сабе толькі некалькі “пазнак сучаснасці” ў тэксце барочнай партытуры. Дарэчы, у музычных помніках адчуваецца ў аднаго аўтара, а прозвішчы ведаем толькі двух ― Катовіча і Германоўскага, уплыў Баха, у другога — Гендэля.

У “праграмцы” значацца салісты, але на самай справе мецца-сапрана адлюстроўвае вобраз Маці Хрыста (Наталля Акініна), сапрана (Алена Золава) — Марыі Магдалены, тэнар (Юрый Гарадзецкі) — малодшага з апосталаў Яна і барытон (Сяргей Лазарэвіч) — апостала Пятра. Чытальнік (артыст радыё Алег Вінярскі) расказвае пра падзеі ўзыходжання на Галгофу.

Такім чынам, вялікая праца атрымала ў Нясвіжы прыгожы вянец. Увечары да поўначы ў дзівосным святле сафітаў і сучасных спецэфектаў ва ўнутраным дворыку паўстала веліч класічнага балета. Гледачы, а гэта ў асноўным местачкоўцы і госці з суседніх раёнаў, змаглі пабачыць мастацкі апломб беларускіх зорак.

У нядзелю ж на завяршэнне адбыўся Гала-канцэрт. З французскай мовы слова “гала” перакладаецца як “урачыстасць”, “свята”. Менавіта такім і стаў заключны акорд вечароў.

Алена КЛІМОВІЧ.
Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА.

28 июня 2011  №119
Источник: http://minpraud.by/articles.php?id=11665&current_date=2011-06-28

 

ПАРТНЕРЫ