Большой театр Беларуси Большой театр Беларуси Национальный академический большой театр оперы и балета республики беларусь

пресса

“…ПАЛЯВАННЕ” Ў НЯСВІЖЫ

Летні оперны фэст - ідэя цудоўная. Асабліва калі гэтаму спрыяюць акустычныя ўмовы. Сёлета ў Нясвіжы, ва ўнутраным дворыку палаца, дзе ўжо другі год запар выступалі артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, стала канчаткова зразумела: у такіх вечароў - вялікая будучыня.

Улічыўшы мінулагодні вопыт, калі аркестр знаходзіўся паміж збудаванай сцэнай і глядзельнай "залай", сёлета зладзілі адразу дзве сцэнічныя пляцоўкі: большую - для ўласна спектакляў і канцэртных выступленняў, і меншую, крыху збоку,- для аркестра. Але ў час рэпетыцыі артысты і дырыжор Вячаслаў Воліч хутка прызвычаіліся да новых умоў. Па-новаму пачувалі сябе і гледачы, бо чым далей ад сцэны, тым больш моцным і насычаным было гучанне. Няўжо законы фізікі хтосьці ўзяў ды адмяніў? Ажно не! Менавіта па тых самых законах акурат гэткі эфект даюць каменныя збудаванні, замкнёныя ў кола. Гук не паглынаецца ні драпіроўкай, ні іншымі тэатральнымі прыладамі, адштурхваецца ад сцен і застаецца ўнутры. Чым не ідэальныя ўмовы?

Дый натуральныя дэкарацыі старадаўняга палаца аказаліся да месца, тым больш - у оперы Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха": гледачы быццам пачувалі сябе сапраўднымі сведкамі сучасна-гістарычнага дэтэктыва. Ва ўмовах сціснутай прасторы (сцэна ў нашым тэатры куды большая па памерах) і змяшчэння ў ёй далёка не ўсіх дэталей інтэр'ера ад колішняй рэжысуры Вячаслава Цюпы (1989 год, як-ніяк!) нічога, бадай, не засталося. А вось музыка заззяла новымі фарбамі.

Ледзь не ўпершыню можна было пачуць у гэтай оперы цудоўную дыкцыю. І ўзрадавацца не толькі добраму беларускамоўнаму маўленню, але і добра складзенаму лібрэта Святланы Клімковіч. Можна толькі здагадвацца, як няпроста было ператварыць у сціслыя оперныя радкі ўсю бяздонную глыбіню караткевічаўскай прозы. Але ж наколькі актуальна гучаць сёння, напярэдадні Дня Незалежнасці, узрушаныя, напоеныя цудоўнай мелодыяй словы пра Беларусь і любоў да радзімы!

З'явіліся і новыя акустычныя спецэфекты: "дзікае паляванне" з яго гукамі старадаўніх сурмаў даносілася не з-за сцэны, а з расчыненых вокнаў той часткі палаца, дзе яшчэ працягваецца рэканструкцыя. Можа, здані і сапраўды ажылі? Бо адчуванне было - мароз па скуры. Нават не ад полымя відэапраекцыі, што вар'явалася ў фінале на супрацьлеглай сцяне палаца, а ад самой музыкі і яе аркестравых фарбаў, дзе на адным полюсе- мелодыя вальса ў гучанні казачнага гадзінніка, што адлічвае імгненні вечнасці, на другім- тая ж тэма ў цяжкім поступе няўмольнай чорнай навалы, а над усім- яна ж у лірычным разгорце ўзнёслых пачуццяў. І гэта толькі адзін фрагмент нясвіжскіх дзівосаў! Былі ж яшчэ і два запар "Вяртанні раманса", калі Таццяна Траццяк і Станіслаў Трыфанаў спявалі ў гарадской Ратушы пад струнны квінтэт. Была і прэм'ера араторыі "Жальбы" Ігара Хадоскі, бацькі "раскручанага" кампазітара Алега Хадоскі, у Фарным касцёле. Адметнасць гэтага твора ў тым, што ў аснову яго былі пакладзены мелодыі ХVII- ХVIII стагоддзяў, якімі ў касцёлах ад Любліна да Яраслаўля

(а менавіта там шукалі і знаходзілі пакладзеныя ў аснову твора музычныя матэрыялы) аплакваліся пакуты Хрыста. Жалобныя галашэнні былі выдадзены ў Польшчы пад назвай "Планкты". Іх асобныя нумары гучалі і ў нас, у тым ліку - у апрацоўцы для салістаў і ансамбля "Класік-Авангард". Нарэшце, Ігар Хадоска прапанаваў свой погляд на эпоху барока, аздобіўшы яе некаторымі прыкметамі музычнай сучаснасці.

Як і летась, была ў Нясвіжы і балетная класіка, і фінальны гала-канцэрт. І- ніводнага вольнага месца! Білеты ад 7 да 20 тысяч рублёў набываліся і мінчанамі, якія дзеля тых імпрэз ехалі ў Нясвіж, і, пераважна, мясцовымі жыхарамі. Застаецца спадзявацца, што праз нейкі час на палацаванясвіжскія оперна-балетныя баляванні-паляванні будуць гэтак жа збірацца і замежнікі, прывабленыя магчымасцю далучыцца адразу да ўсяго: да радзівілаўскіх мясцін, нашай культурнай спадчыны ды сучаснасці.

Сапраўды, не адно ж ім нашых артыстаў у сябе ў замежжы слухаць! Акурат у апошні дзень нясвіжскага свята ў Кёльне адбыўся фінальны канцэрт працяглых двухмесячных гастролей аркестра нашага тэатра з нямецкай спявачкай і артысткай Хеленай Фішэр па гарадах Германіі, Даніі, Швейцарыі. Для ўдзелу ў гэтым турнэ дырыжор і імпрэсарыа Вільгейльм Кайтэль адабраў каля 40 беларускіх музыкантаў - самых маладых ды прыгожых. Бо яны не толькі акампаніравалі салістцы, якая спявала ды танчыла, а яшчэ і станавіліся паўнавартаснымі ўдзельнікамі шоу. Крытыкі параўналі наш "маладзёжны оперны аркестр" з Берлінскім сімфанічным. А публіка сустракала іх кожны выхад кветкамі і авацыямі.

Вярнуўшыся дадому (хто - з Нясвіжа, хто - з Германіі), артысты пайшлі ў адпачынак. Але хутка зноў збяруцца на рэпетыцыі! Бо 79-ы сезон распачнецца 1 верасня. А 9-га тэатральны бамонд збярэцца на прэм'еру сезона - новую пастаноўку "Севільскага цырульніка".

 

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ

№ 27 (998) / 2 - 8.07.2011г., Культура

ПАРТНЕРЫ