.

пресса

“КНЯЗЬ ВІТАЎТ” ДЫ ІНШЫЯ, АБО У БАЛЕТНАЙ “ЗАЛЕ ЧАКАННЯ”



Кожная прэм'ера - гэта не толькі падвядзенне вынікаў, але і крок да чарговай прыступкі: уверх ці ўніз - у залежнасці ад абранай мэты і магчымасці яе рэалізацыі. Пра далейшыя творчыя планы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь распавядае першы намеснік генеральнага дырэктара ў с т а н о в ы Уладзімір РЫЛАТКА:

 

- Прэм'еры балетаў "Тамар" і "Шахразада" адбыліся шумна, з вялікай зацікаўленасцю з боку публікі. Сапраўды, традыцыі шанавання балетнага жанру і нашай трупы ўжо вельмі ўстойлівыя - і гэта, безумоўна, радуе. Білеты на такія "візітоўкі" харэаграфічнай класікі, як "Лебядзінае возера" і "Спячая прыгажуня", разыходзяцца літаральна за два дні, хаця мы пачынаем іх прадаваць ажно за тры месяцы да спектакля. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады ўстойліва запрацавалі нашы, так бы мовіць, "філіялы" ў Магілёве, Гомелі, Нясвіжы. У перспектыве - Віцебск, дзе нядаўна быў адрамантаваны Палац культуры і дзе ўвогуле назапашаны глыбокія харэаграфічныя традыцыі. Так што выступаем мы не толькі ў Мінску і ў замежжы, але і ездзім па рэспубліцы, і гэта таксама дае плён. Пачалі сумяшчаць у вечары аднаактовак балет з операй: тое ж "Балеро" Равэля ў нас нядаўна ішло пасля рахманінаўскай оперы "Алека". Такія эксперыменты мы будзем працягваць. Але публічнае прызнанне - толькі адзін бок медаля. Не можа не хваляваць стратэгія развіцця нашага балета.

 

- Пытанне, пэўна, - рытарычнае, бо пакуль тэатр заўважна рушыў у бок музея- да калекцыянавання копій рарытэтаў. "Сільфіда", пастаўленая Мікітам Далгушыным, пазнаёміла гледачоў з раннерамантычным балетам пачатку ХІХ стагоддзя. "Шахразада", адноўленая Андрысам Ліепам, - з творчым почыркам Міхаіла Фокіна і дзягілеўскімі "Рускімі сезонамі" ў Парыжы стогадовай даўніны. Але ж калі такі аўтэнтычны вектар стане пераважаць, мастацтва спыніць сваё развіццё. І гэта добра разумеюць у тым жа Віцебску: там першымі на ўсёй постсавецкай прасторы сталі ладзіць Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі...

 

- Па-першае, творчасць Фокіна, Бакста, Бенуа - не музейныя рарытэты. Гэта жывая, актуальная сёння творчасць, памножаная на талент харэографаў і нашых артыстаў. Па-другое, уявім на секунду, што мы аб'яўляем "музейным" рэпертуар усіх сімфанічных аркестраў, оперных тэатраў, таму што яны выконваюць Моцарта, Чайкоўскага, Пракоф'ева. Класічная спадчына ХІХ- ХХ стагоддзяў - аснова і сутнасць жыцця харэаграфічнага мастацтва, аснова глядацкай цікавасці і фарміравання ўзроўню творчай моладзі. Вядома, гэта датычыцца, у першую чаргу, вялікіх рэпертуарных тэатраў. Існуюць аўтарскія тэатры, трупы. З часам найбольш выбітныя з'явы - такія, як Баланчын, Фокін, Робінс, МакМілан і шэраг іншых, - заваёўваючы сусветную харэаграфічную прастору, становяцца таксама класічнай спадчынай, як паветра неабходнай для паўнавартаснага фарміравання балетных труп, эстэтычнага выхавання моладзі і, калі хочаце, харэаграфічнага прэстыжу. На жаль, у нас, за рэдкім выключэннем, іх пастановак у рэпертуары не было. Таму сёння мы працуем з фондамі Баланчына, Робінса, МакМілана, прадстаўнікамі Іржы Кіліяна - жывога класіка ХХ і ХХІ стагоддзяў - над фарміраваннем сумесных пастановачных праектаў на перспектыву. Таксама мы беражліва захоўваем харэаграфічны даробак Валянціна Елізар'ева, створаны ў нашым тэатры. Безумоўную карысць у фарміраванні майстэрства адыграюць сустрэчы беларускага балета з выдатнымі харэографамі: Мікітам Далгушыным - у сакавіку, на пастаноўцы "Жызэлі", - і з Уладзімірам Васільевым, які разам са сваёй творчай групай паставіць "Анюту" на музыку цудоўнага кампазітара Валерыя Гаўрыліна. Нашым салістам для гэтага трэба будзе вырашыць вельмі складаныя драматургічныя задачы, а значыць - зрабіць яшчэ адзін крок наперад.


- А ці існуе небяспека, што хтосьці з харэографаў можа "пераманіць" артыстаў?

- Сыходзяць тады, калі адчуваюць незапатрабаванасць. А ў нас, наадварот, моладзі будзе прыходзіць усё больш і больш. Сёння мы пачалі працэс павелічэння балетнай трупы. І гэта можна зрабіць толькі за кошт маладых артыстаў - выпускнікоў нашага харэаграфічнага каледжа. Дзякаваць богу, мы маем моцны педагагічны патэнцыял у каледжы. Вядома, патрэбна далейшае інтэграцыйнае ўзаемапранікненне вучэбнага і творчага працэсаў, большае метадычнае адзінства, сумесная выхаваўчая праца. Пра ўсё гэта гаварылася на сумесным пасяджэнні мастацкага савета тэатра і педагагічнага савета каледжа. Сёння старэйшае артыстычнае пакаленне з настальгіяй узгадвае тыя часы, як яны дзяўчынкамі ды хлопчыкамі бегалі па тэатры, як у сябе дома. Яны і сапраўды тут практычна жылі! У тэатры праходзілі заняткі, інтэрнат знаходзіўся ў суседнім будынку - вуліцу перайсці. Яны змалку глядзелі ўсе рэпетыцыі і спектаклі, самі ўдзельнічалі ў іх, таму момант пераходу "з навучэнцаў у артысты" быў абсалютна неадчувальны. У каледжа ёсць свой будынак, абсталяваны для заняткаў, рэпетыцый, вучэбных пастановак, але да нас павінны прыходзіць і пачынаць жыць у тэатры. Менавіта таму ў студзені наступнага года будзем паказваць балет "Шчаўкунок" у выкананні навучэнцаў каледжа.


- Наколькі я ведаю, у трупе ёсць і заўсёды былі стажоры. Такая форма, пэўна, прызначана для адаптацыі моладзі ў творчым калектыве...

- З бягучага года стажорская група набывае ў нас юрыдычны статус. Стажорамі залічваюцца навучэнцы апошняга курса. А трэба, каб гэта пачыналася раней: стажорамі павінны станавіцца найлепшыя навучэнцы, як толькі яны пераходзяць у старэйшыя класы. Тады гэта будзе папраўдзе асобная стажорская група, і маладыя танцоўшчыкі стануць паступова ўваходзіць у рэпертуар. Да заняткаў у каледжы далучацца заняткі з нашымі педагогамі-рэпетытарамі над канкрэтнымі балетнымі партыямі непасрэдна ў тэатры. Але гэта - толькі частка таго, што трэба здзейсніць. Бо таму ж харэаграфічнаму каледжу, каб набіраць і надалей выхоўваць папраўдзе самых таленавітых, а не проста тых, хто сам прыйдзе, неабходны рэспубліканскія агляды-конкурсы харэаграфічных школ краіны. Чаму б не вярнуць такую практыку? Яшчэ адна сур'ёзная задума - пашырыць трупу. Гэта патрабаванне часу! Сёння, да прыкладу, балет Вялікага тэатра ў Кіеве налічвае 120 чалавек. І гэта прытым, што ва Украіне свае тэатры оперы і балета ёсць у кожным абласным цэнтры. Такая вялікая трупа дазваляе ездзіць на гастролі, што называецца, "без адрыву" ад стацыянарнай сцэны: спектаклі паралельна ідуць і там, і тут. Тэатр зарабляе грошы - і пры гэтым не крыўдзіць айчыннага гледача. У нас пакуль такой магчымасці, на жаль, няма. У выніку ўжо колькі гадоў запар нашы дзеці не бачаць пад Новы год "Шчаўкунка", бо яго ў гэты час мы паказваем у замежжы... Увогуле, гастролей у нашага балета становіцца ўсё больш, і гэта вельмі добра. 23 - 28 лістапада і напрыканцы мая - у Іспаніі. З сярэдзіны снежня да сярэдзіны лютага 2012-га - Германія, Швейцарыя, Аўстрыя. Ёсць прапановы па Францыі, Бельгіі, іншых краінах Еўропы. Такая запатрабаванасць - найлепшы паказчык прафесіяналізму балетнай трупы. І, адначасова,- цудоўны сродак зарабіць грошы, вельмі неабходныя для новых пастановак.


- Перанос найлепшых замежных спектакляў, безумоўна, пашырыць рэпертуар. Але ж - не вырашыць праблему ўласных пастановак, звязаную з падрыхтоўкай балетмайстарскіх кадраў...

- У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, як вядома, такая падрыхтоўка вядзецца. Удала працуе над сучаснай харэаграфіяй і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Пастаноўшчыкі, як правіла, без працы не сядзяць: усе яны запатрабаваны, маюць уласныя праекты. У Гродне працуе найталенавіты Дзмітрый Куракулаў, у Мінску ўсё ярчэй заяўляе пра сябе Дзмітрый Залескі. Але сапраўдных лідараў сярод маладых беларускіх балетмайстраў я не бачу. Мы ўзялі да сябе Аляксандру Ціхаміраву, якая вучылася ў Санкт-Пецярбургу. Яна ўжо ставіла танцы ў "Снягурцы" і мае колькі арыгінальных праектаў, што будуць ажыццёўлены ў наступным сезоне. Яшчэ адзін малады харэограф, які ў нас працуе, - Вольга Костэль. Скончыўшы наш Харэаграфічны каледж, яна прадоўжыла навучанне ў Берліне, а цяпер вярнулася. Пасля рамонту ў тэатры з'явілася добрая рэпетыцыйная сцэна - у яе ёсць усё, каб стаць Маладзёжным эксперыментальным тэатрам сучаснай харэаграфіі. Нашы салісты Юлія Дзятко, Канстанцін Кузняцоў і кампазітар Алег Хадоска - уладальнік нядаўняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі- ужо ў красавіку прадставяць там філасофскі балет "Зала чакання". А па завяршэнні сезона мы правядзём Першую Міжнародную сесію маладых харэографаў у рэжыме он-лайн. За кошт тэатра будуць пастаўлены прыблізна шэсць аднаактовых балетаў, лепшыя з іх застануцца ў рэпертуары. Наш Вялікі павінен стаць цэнтрам развіцця сучаснага харэаграфічнага мыслення і быць даступным для маладых таленавітых людзей, якія стануць, магчыма, новым словам у харэаграфіі, будучымі класікамі беларускага балета.


- Як вядома, Вячаслаў Кузняцоў нядаўна завяршыў партытуру балета "Князь Вітаўт", над якой працаваў па просьбе тэатра...

- Так, мы слухалі твор на мастацкім савеце. А цяпер завяршаем фарміраванне творчай групы. Аўтарам харэаграфіі стане мастацкі кіраўнік балета, народны артыст Беларусі Юрый Траян. Мастаком-пастаноўшчыкам пагадзіўся выступіць уладальнік "Залатой маскі" Эрнст Гейдэбрэхт, які ў другой палове 1980-х працаваў у нашым тэатры. Так што ўжо пасля Новага года можна будзе паглядзець эскізы. Але ж адной гэтай новай беларускай назвай справа не абмяжуецца. Работа з кампазітарамі над новымі сачыненнямі павінна весціся пастаянна, і мы хочам, каб гэта былі беларускія сюжэты. У нас хапае і сваіх паданняў, і сваіх герояў - іх і трэба ўвасабляць на нашай сцэне.


- Калі ад балета мы перайшлі да оперы, дык узгадаю і найбліжэйшую падзею- Мінскі міжнародны Калядны оперны форум...

- Афішы, пэўна, бачылі ўсе. Гэта адзін цалкам "гасцявы" спектакль - нашумелая "Травіята" ў пастаноўцы Аляксандра Цітэля, адзін цалкам наш - прэм'ерны "Севільскі цырульнік", два "сумесныя" - "Аіда" і "Снягурка", дзе разам з нашымі артыстамі выступяць замежныя, і гала-канцэрт сусветных зорак. Запаляцца, упэўнены, і новыя маладыя імёны. 15 снежня, акурат у дзень адкрыцця нашага форуму, у Маскве завершыцца ХХIV Міжнародны конкурс вакалістаў імя Глінкі, і яго пераможцы, паводле дамоўленасці, выступяць у нас. Такую практыку мы будзем выкарыстоўваць і надалей. Як і летась, на свята запрошаны і замежныя госці, і крытыкі. А напрыканцы сезона адбудзецца яшчэ адзін Міжнародны оперны форум - маладзёжны. Ён пройдзе пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін- удзельніц СНД. Працяглыя майстар-класы і рэпетыцыі завершацца выступленнем удзельнікаў форуму ў нашых спектаклях і гала-канцэрце. Але пра оперу- гаворка асобная: там падзей запланавана не менш, чым у балеце...


Фотa Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ


№ 48 (1019) / 26.11 - 2.12.2011г.

ПАРТНЕРЫ