пресса

ВЯЛІКІ Ў ВЯЛІКІМ: ПА ВЯЛІКІМ РАХУНКУ



“Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры”, што прайшоў сёлета трэці раз, канчаткова замацаваўся як добрая традыцыя, прычым не адно гэтага тэатра, але і ўсёй краіны: сустракаць свята па-еўрапейску — не толькі каляднымі скокамі, але і шыкоўным балем з урачыстым паланэзам, рамантычна вытанчаным вальсам ды вясёлым галопам.

Нарадзіўшыся з імкнення ўбачыць публіку ў фраках і доўгіх вячэрніх сукенках, з жадання “каб народ танцаваў”, а не толькі нервова “дыскатэчыў”, баль за гэтыя тры гады паступова набіраў абароты. І набраў-такі! Прага да прыгажосці, што ўзмацняецца, як заўважана гісторыкамі, на пачатку кожнага новага стагоддзя, узяла сваё. Нават у параўнанні з мінулымі балямі, на цяперашнім было куды больш густоўных убранняў, адпаведных заяўленаму дрэс-коду. І, галоўнае, куды больш жадаючых танцаваць! Калі на першым такім свяце Галоўны Танцмайстар Наталля Фурман з цяжкасцю збірала пары хаця б на пачатковае шэсце “a la паланез”, дык сёлета ад ахвотных не было адбою. Яшчэ і таму, што пакупнікі білетаў на гэтае баляванне атрымлівалі права на бясплатныя заняткі.

І гэта адразу абвастрыла праблему непрыстасаванасці нашага тэатральнага фае для такіх вечарын. Замест прасторнай залы, дзе нішто не перашкаджала б вольным рухам “па зададзенай траекторыі” (і шматлікіх імправізацыйных кірунках), — выцягнутая “дарожка”, што ахінае глядзельную залу, ды яшчэ падзеленая па шырыні прыступкамі, з “адсекамі” для сталавання. Дзе ж тут разгарнуцца? На жаль, традыцыі сапраўдных “класічных” баляў, а не проста маладзёжных танцполаў, у нас былі страчаны. Але — патроху пачынаюць аднаўляцца. Сведчаннем таму — узроставы склад аўдыторыі, дзе было надзвычай шмат моладзі. Прыходзілі і “карпаратывамі”, і вясельнымі групамі і проста шлюбнымі парамі — адпачыць, спрычыніцца да высокага мастацтва, у тым ліку бальнага.

Магчымасцей для гэтага сёлета было яшчэ больш. Да такіх ужо традыцыйных “салонаў”, як мастацкі (дзе можна атрымаць свой партрэт), музычна-паэтычны (паслухаць камерна-вакальную музыку) і фотасалон (зрабіць здымак у гістарычным антуражы і асяроддзі легендарных персанажаў у выкананні артыстаў), сёлета ўпершыню далучыліся рыцарскі, са старадаўнімі танцамі ды рыцарскімі турнірамі, дзе дэманстравалася валоданне красамоўствам, мячом ды лукам са стрэламі, і ювелірны — з выстаўкай-продажам эксклюзіўных вырабаў сербскага дызайнера Алены Мандзіч і дабрачынным аўкцыёнам “Адкрытае сэрца”, сродкі ад якога былі накіраваны ў Ждановіцкую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху. Фае (зноў-такі ўпершыню) упрыгожылі “Ажылыя карціны” Андрэя Смаляка. Гэты праект неаднойчы станавіўся часткай мастацкай экспазіцыі, прэзентаваўся ён і ў Гомелі — леташняй Культурнай сталіцы Беларусі і СНД, і на некалькіх фестывалях, уключаючы “Славянскі базар у Віцебску”. Цяпер, у оперна-балетным асяроддзі, у ім была дадаткова падкрэслена ідэя пераўвасаблення і сінтэзу мастацтваў: карціны “ажывалі” не толькі як фота знакамітасцей, але і як манекены ў “пазычаных” з палотнаў касцюмах.

Узяўшы больш высокую, чым раней, мастацкую і арганізацыйную планку, баль выявіў і некаторыя праблемныя моманты. Беларускі рэпертуар быў прадстаўлены на ім… двума рамансамі (з пераблытаным аўтарам у адным з іх) у рамках тэатралізаванага канцэрта-жарта “Сярэбранае стагоддзе”, прэм’ера якога адбылася на леташнім балі. Спісаць усё на праславутае “традыцыі страчаны”? Можна і так. А можна — мэтанакіравана аднаўляць іх!

Увогуле, канцэртныя праграмы Вялікага балю (і найперш — дзве камерныя) сталіся цудоўнымі перлінамі балявання. Яны адкрылі публіцы новыя імёны маладых салістаў (асабліва ўразілі Марына Ліхашэрст, Алена Таболіч, Дзіяна Трыфанава), прыцягнулі ўвагу тэатралізацыяй, наблізіўшыся да міні-спектакляў. І тым самым яшчэ раз узнялі праблему адсутнасці ва ўсёй краіне камернай эксперыментальнай опернай сцэны — такой, каб і артыстам было дзе разгарнуцца, і гледачам было б утульна. А між тым, падобныя эксперыменты, як паказвае гісторыя ды сучасная замежная практыка, сталі сапраўдным рухавіком развіцця музычна-тэатральнага мастацтва.

Большай прадуманасці ў правядзенні патрабавалі і аўкцыён (сёлета госці балю былі да яго не гатовы), і размеркаванне “падзей” (то некалькі цікавых паказаў адбывалася паралельна, то ўзнікалі недарэчныя паўзы — адначасова на ўсіх бальных пляцоўках), і жанравая паслядоўнасць канцэртных праграм (самым “правальным” аказаўся звыклы оперна-балетны гала-канцэрт а другой гадзіне ночы), і цырымонія ўзнагароджання лепшых бальных пар. Традыцыя ж выключна “тэатральных узнагарод” — запрашальнікаў на спектаклі — павінна быць прадоўжана. І, можа, не толькі на такіх балях.


Источник: http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=6891
№ 3 (1026) / 21 - 28.01.2012г.


ПАРТНЕРЫ