Большой театр Беларуси Большой театр Беларуси Национальный академический большой театр оперы и балета республики беларусь

пресса

ВЫ ПАДАРЫЛІ НАМ — БАЛЕТ!

Учора і сёння Тбіліскі дзяржаўны тэатр оперы і балета імя З.Паліяшвілі на чале з непераўзыдзенай Нінай Ананіяшвілі ў якасці мастацкага кіраўніка і салісткі дорыць нашай публіцы ажно сем аднаактовых балетаў.

Ніна АНАНІЯШВІЛІ - сусветна вядомая зорка, імя якой не патрабуе дадатковых каментарыяў і прадстаўленняў. Аднойчы ўбачыўшы яе на сцэне, не забудзеш аніколі. Як гэта ні дзіўна для балета, але першае, на што звяртаеш увагу, - вялізныя выразныя вочы на элегантна-хударлявенькім тварыку, бачныя з любога раду балкона. То пранікнёна-трапяткія, то графічна-вытачаныя рукі - яшчэ адна выява душы. Абсалютная тэхнічная бездакорнасць і, галоўнае, пранізлівая эмацыйнасць, асаблівая асэнсаванасць кожнага руху...

Мы яшчэ толькі шукаем у фае тэатра ціхі, утульны куточак, а яна ўжо пачынае размову:

- Ой, я такая гаспадарлівая! Мае сябры ў Маскве жартам называюць мяне «загадчык гаспадаркі». Я ў сваім тэатры заўсёды за ўсім сачу, каб усё было чыста, прыбрана, на сваіх месцах - каб паўсюль і ва ўсім быў парадак. І калі прыязджаю да вас, дык з такім задавальненнем, нават непрыхаваным захапленнем гляджу на адрэстаўраваны тэатр: як акуратна ўсё зроблена! Так што, відаць, няблага будзе сабраць беларускую брыгаду будаўнікоў - і адвесці яе ў Грузію, каб рамонт у нашым Тбіліскім тэатры скончыўся хутчэй!

- Няўжо ў вас планы на адных будаўнікоў? А на нашых артыстаў, на абменныя гастролі? Пэўна, ужо штосьці намечана на будучыню?

- Літаральна сёння ўжо абмяркоўваліся магчымасці гастролей вашага Вялікага тэатра ў Тбілісі. Плануецца, што рамонт у нас завершыцца напрыканцы 2013 года, праз сезон, і мы будзем рады бачыць вашу трупу на нашай сцэне. Але ж з асобнымі беларускімі артыстамі мы ўжо супрацоўнічалі.

- З Ігарам Артамонавым, я ведаю, вы рыхтавалі два спектаклі, ездзілі з ім на гастролі...

- Гэтыя пастаноўкі вы ўбачыце і зараз. Нам вельмі хацелася прадставіць штосьці сумеснае. Але спектакль «Падарунак да дня нараджэння» з харэаграфіяй Фрэдэрыка Эштана, у якім удзельнічаў ваш Дзяніс Клімук і ездзіў з намі ў Італію, мы, на жаль, паказаць не зможам, бо не зроблена фанаграма. Дарэчы, некаторыя спектаклі, прывезеныя цяпер, пойдуць у суправаджэнні вашага аркестра, але з нашым дырыжорам Давідам Мукерыя.

- Сімвалам сяброўства можна лічыць і тое, што сёлета Міжнародны дзень тэатра вы сустракаеце ў нас, - яшчэ адна, можна сказаць, сумесная «дзея». Як увогуле адзначаеце гэтае свята?

- Працай. І вельмі радуюся, калі яго адзначаюць не толькі артысты, але і астатнія: значыць, надаюць тэатру ўвагу. Сёння вельмі складана заставацца ў мастацтве. І ўсе, хто прысвячае яму жыццё, - героі, бо гэта штодзённая цяжкая праца, пастаянныя сумневы, перажыванні... Ёсць шмат іншых прафесій, дзе куды лягчэй і дзе нават можна рэалізаваць свой творчы патэнцыял не горш, чым у мастацтве, а плацяць там нашмат больш. Таму тыя, хто ўсё ж застаецца, - гэта папраўдзе адданыя людзі, якія без таго ж тэатра папросту не пражывуць...

Артыст балета - вельмі мужная прафесія. Аднойчы мяне запрасілі на тэлебачанне - паўдзельнічаць у праграме пра балет. І я прапанавала: «Давайце я зраблю вам шоу». «Сям'ю, мабыць, сваю прыведзяце?» - «Не, артыстаў». Запрасіла некалькіх салістаў свайго тэатра - і алімпійскага чэмпіёна па барацьбе. Ён увесь такі «напампаваны», мускуламі грае. А мае балетныя - бы трасцінкі-чарацінкі. Я прашу алімпійца: «Узніміце мяне, як у балеце». Ён на рукі ўзяў, а каб над галавой узняць, папацець давялося. Нашы ж артысты - у імгненне вока закідваюць. І адной рукой трымаюць! Дык хто насамрэч дужэйшы?.. Таму дзякуй усім, хто нам дапамагае. Я не стамляюся паўтараць: кожны глядач, які купляе білет і прыходзіць на спектакль, - гэта наш «спонсар». Без публікі і яе апладысментаў мы не зможам існаваць. Гэта тыя хвіліны шчасця, за якія мы і працуем...

- А сам тэатр для вас - гэта што: трупа, рэпертуар, глядач, другая сям'я?..

- Гэта жыццё. Нават не ведаю, чым я займалася б, каб не тэатр. Пэўна, рабіла б што-небудзь - мабыць, стала б геолагам, як бацька. Ці, можа, «гаспадарнікам» на якім-небудзь прадпрыемстве, бо люблю парадак. Але тэатр падпарадкоўвае сабе тваё жыццё. Мы праводзім у ім больш часу, чым дзе. За ўсё жыццё я свайго педагога Раісу Стручкову бачыла, бадай, часцей, чым родную маці. І мая дачка "гадавалася" ў тэатры: я бачыла яе тут часцей, чым дома. Калі была маленькай, брала яе з сабой на гастролі. Цяпер яна ўжо школьніца, водзіць у тэатр аднакласнікаў. І вельмі засумавала, што я не ўзяла яе з сабой у Мінск...

Па маёй просьбе Ніна перадае віншаванні з Міжнародным днём тэатра чытачам «К». І ў імгненне вока малюе ў маім нататніку фігурку балерыны - «аўтапартрэт»?

- Вы так цудоўна малюеце!

- Мая дачка малюе лепш! Ёй шэсць гадоў, яна займаецца музыкай і малюе. Вельмі любіць дарыць свае работы: «Мамачка, можна, я падару гэта табе?» А праз нейкі час прыходзіць муж, і яна - зноў да мяне: «Мамачка, ты ж не пакрыўдзішся, калі я той малюнак падару цяпер тату?» Потым нечакана прыходзяць госці: «Вы ж з татам не пакрыўдзіцеся, калі я падару ім? Бо намаляваць штосьці новае не паспею...»

- Затое вы, кажуць, паспяваеце і сцэнічныя строі прыдумляць...

- Люблю прыходзіць у тэатральныя майстэрні, памацаць тканіну, паглядзець, як там швачкі працуюць, - і разам мы штосьці прыдумляем. На «Дон Кіхоце» я публіку ўжо так «прывучыла» да таго, што кожны чарговы спектакль танцую ў новым ці хаця б абноўленым, удасканаленым строі, што, баюся, калі раптам давядзецца выйсці ў старым, мяне «не зразумеюць». А цяпер, да 30-годдзя маёй творчай дзейнасці, Тбіліскі тэатр зрабіў мне падарунак: арганізаваў выстаўку касцюмаў, у якіх я танцавала. Разам сабралі 40 касцюмаў розных мастакоў, і зробленыя па маіх эскізах - сярод іх.

- Гэта, пэўна, найлепшы падарунак, які вы калісьці атрымлівалі?

- Не, самы арыгінальны, самы каштоўны для мне - зрабіў муж. Я прачынаюся, а ён мне кажа: «Я дару табе... балет».

- Але ж ён не харэограф і не кампазітар: раней быў дыпламат, а цяпер міністр замежных спраў Грузіі Грыгол Вашадзэ...

- У Фондзе Баланчына ён набыў мне ліцэнзію на пастаноўку «Мацарціяны». Звычайна Фонд супрацоўнічае з тэатрамі, іншымі арганізацыямі, а тут - прадаў правы прыватнай асобе. Бо мяне там ведалі...
/i/content/pi/cult/370/7171/1-2.jpeg
- ...І ў выніку не сумняваліся. Ігар Артамонаў расказваў, з якой прынцыповасцю там ставяцца да кожнага чарговага пераносу той або іншай пастаноўкі майстра...

- Калі «Мацарціяна» ставілася ў Маскве, са мной працавала знакамітая Сьюзан Фарэл - апошняе каханне Баланчына, на якую і ствараўся гэты спектакль. А ў Грузію ставіць яго прыязджала яшчэ адна балерына баланчынскага перыяду - Марыя Калігары. Гэты балет вельмі мне дарагі! І не толькі з асабістых прычын. Гэта апошняя работа Баланчына, ягоны «рэквіем»: праз два гады пасля пастаноўкі ён памёр. Пачынаецца спектакль з «малітвы», а фінал - светлы і шчаслівы. Для мяне гэта - шлях да святла, нейкая праекцыя на маё асабістае жыццё.

- Ваша жыццё - гэта 30 гадоў у тэатры. Ды не ў драматычным ці оперным, а ў балетным. І заўсёды - у цудоўнай форме, якой і дваццацігадовыя могуць пазайздросціць! Вы і цяпер танцуеце цэнтральныя партыі ў такіх найскладаных класічных балетах, як «Лебядзінае возера», «Жызэль». У чым сакрэт? Гэта пэўная методыка харэаграфічнай падрыхтоўкі, ці прырода-матухна, ці - проста жаночая таямніца?

- Мне часта задаюць падобныя пытанні, але я не ведаю, што на іх адказваць. Мабыць, нешта далі бацькоўскія гены. Можа, і без Госпада не абышлося: проста так падобнага не бывае. Але галоўнае, вядома, - школа, а гэта значыць - дысцыпліна і працаздольнасць. Бо мне і цяпер даводзіцца вельмі шмат працаваць - над сабой, над балетнай формай - і не даваць сабе палёгкі, не ісці на ўступкі. Як толькі ты сабе гэта дазваляеш - усё скончана. Цяжка, вельмі цяжка! Бо ў мяне шмат і іншых нагрузак...

- ...Кіраўніцкіх, гаспадарчых, грамадскіх, педагагічных: пад вашай апекай - і падрыхтоўка будучых артыстаў балета...

- Я пачала набіраць дзяцей не з дзесяці гадоў, як гэта прынята ў харэаграфічных вучэльнях, а з шасці - спачатку ў падрыхтоўчую групу. Увяла такую абавязковую дысцыпліну, як акцёрскае майстэрства. Гэта не толькі дапамагае ў танцы, але і дае выбар прафесіі: хтосьці потым ідзе ў дыктары, хтосьці вядзе аўтарскія тэлепраграмы - і расказвае, і танцуе ў прамым эфіры. Але навучэнцаў нашай школы, што ўдзельнічаюць у «Мацарціяне», мы з сабой не бралі. Іх заменяць вашы юныя артысты, якія вучацца ў харэаграфічнай гімназіі-каледжы. Як зарука нашага далейшага сяброўства.

Фота Юрыя ІВАНОВА



ПАРТНЕРЫ