пресса

ЖЫРАНДОЛЯ

 


07 красавiка 2012 года
№ 12 (141)


Танец са смерцю,альбо Жызэль ратуе ад прывідаў

Каму пагражае смерць з-за разбітага сэрца і што можна дараваць чалавеку дзеля кахання? Думкі такія прыходзяць падчас прагляду класічнага балета "Жызэль, альбо Вілісы", які прадставіў Нацыянальны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі.

 

Вясна — якраз час для такіх тэм (бо і сэрцы пачынаюць біцца больш актыўна, і для думак пра дараванне ўсім і за ўсё адведзены тэрмін). Тым больш што ў балеце, які кампазітар Адольф Адан напісаў больш за 170 гадоў таму, гэтыя пытанні вырашаюцца рамантычна: і пасля смерці закаханая душа можа дапамагаць абранніку і нават ратаваць яго. На тое ж і рамантыка, каб апяваць моц кахання! І на тое рамантычны балет, каб праз прыгажосць і ўзнёсласць паверыць, што так бывае — калі не ў жыцці, то ў мастацтве дакладна.

 

 

Ноч. Могілкі... Святло месяца пранізвае чароўную прыгажосць наваколля. Гэта час, калі абуджаюцца ўсе патаемныя сілы. З магіл паўстаюць Вілісы — прывіды прыгожых дзяўчат, якія памерлі да вяселля. Яны чакаюць ахвяр, адзінокіх падарожнікаў, каб затанцаваць іх да смерці. Дзяўчаты-духі забаўляюцца такім чынам. Жызэль, якая памерла напярэдадні з-за здрады каханага, трапляе ў гэтую прыгожую кампанію. Але, можа, не так даўно яна памерла, каб забыцца пра свае зямныя пачуцці, таму і не можа пагадзіцца з законамі свету мёртвых: яна імкнецца абараніць жыццё блізкага чалавека. Але ці здолее яго адстаяць? Пытанне, якое павінна было б быць рытарычным, у беларускім тэатры становіцца літаральным. Таму што ёсць жа варыянты...

 

Не, паводле рамантычнай традыцыі іх у прынцыпе быць не можа: каханне павінна перамагаць, бо жыццё вартае таго, каб жыць. Але гэта ж рамантызм у сучасным варыянце, тым больш з беларускім успрыманнем каштоўнасці жыцця: дух рамантыкі ў ім існуе ў пэўных межах, дзе не можа здарыцца таго, чаго ў прынцыпе не можа быць. Ну як можна зусім не пакараць чалавека, які падмануў наіўную і чыстую істоту? Непарадак...

Насамрэч за доўгае жыццё балета "Жызэль" на сусветнай сцэне яго фінал больш за ўсё інтэрпрэтаваўся: ад суцяшэння ў абдымках нявесты паступова прыйшлі да безуцешнасці закаханага Альберта. Асабліва пра рамантычнасць фіналу дбалі ў Расіі ды Савецкім Саюзе, дзе падтрымліваліся традыцыі класічнага балета, у той час як на яго радзіме (і радзіме гэтага спектакля) — у Францыі, балет мяняўся ў адпаведнасці з павевамі часу.


Праўда, мы сёння бачым "Жызэль" у рэдакцыі расійскага пастаноўшчыка, народнага артыста СССР Мікіты Далгушына, якому наш тэатр даверыў ужо другую рамантычную працу пасля леташняй "Сільфіды". Рамантыкі замнога не бывае — так, відаць, разважалі ў тэатры...

У Беларусі любілі "Жызэль" і ахвотна ставілі з 1953 года. З'яўленне гэтага спектакля ў афішы сведчыла і пра тое, што трупа тэатра здольная справіцца з харэаграфіяй, якая патрабуе майстэрства. Не дзіва, што ў розныя часы ролю Жызэлі танцавалі зоркі беларускай сцэны, такія як Людміла Бржазоўская, Таццяна Ягорава, Нані Дадзішкіліяні, Інэса Душкевіч. Ды і сучасныя танцоўшчыцы, на якіх сёння трымаецца трупа, мелі магчымасць прайсці выпрабаванне "Жызэллю": дагэтуль у тэатры ідзе спектакль у пастаноўцы колішняй зоркі "Марыінкі", балетмайстра Ірыны Калпаковай. Я як глядач узгадвала тую пастаноўку як вельмі пачуццёвую, дзе танец быў праявай чалавечых эмоцый, калі настройвалася на новую "Жызэль": сапраўды, а чаму балет, які ў тэатральнай афішы ўжо ёсць, трэба ставіць зноў?..

— Ёсць старыя спектаклі, якія мы абавязаныя прыводзіць у парадак, — патлумачыў Юрый Траян, мастацкі кіраўнік беларускага балета. — "Жызэль", якая існавала апошнія 25 гадоў, вычарпала свой рэсурс: састарэлі дэкарацыі, некалькі разоў за гэтыя гады былі зменены склады выканаўцаў, кожны з якіх прыносіў не толькі добрае ў выкананне роляў. З кожным капіраваннем ідзе страта якасці. Паступова спектакль пачынае разбурацца. Менавіта таму ўсю абойму спектакляў сусветнай класікі, якія ёсць у нашым тэатры, мы павінны падтрымліваць у належным стане, калі мы хочам працаваць на ўзроўні Вялікага тэатра. Таму што класіка заўсёды запатрабаваная гледачом. Гэта пятая пастаноўка "Жызэлі" ў нашым тэатры. І калі гаварыць пра цяперашнюю рэдакцыю, то яна найбольш блізкая да тых крыніц, калі гэты спектакль толькі з'явіўся. Артысты самі ўдзельнічаюць у стварэнні спектакля, а гэта азначае, што тады чалавек лепш ужываецца ў матэрыял. Сёння ў нас ёсць шэсць складаў на ўсе вядучыя ролі. У галоўнай ролі занятыя Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Ірына Яромкіна, Ганна Фокіна, Кацярына Алейнік, Марына Вежнавец. Яны ўсе не падобны адна на адну. Партыю Альберта танцуюць Антон Краўчанка, Ігар Артамонаў, Алег Яромкін, Аляксандр Бутрымовіч, Канстанцін Кузняцоў, Ігар Аношка. Будзе танцаваць і Ягор Азаркевіч, які аднаўляецца пасля цяжкай траўмы. У ролі Ганса ўбачыце Дзяніса Клімука, Антона Краўчанку, Івана Савянкова, таго ж Азаркевіча...

Аляксандра Ціхамірава, якая ў якасці асістэнта балетмайстра дапамагала Мікіту Далгушыну і, у прынцыпе, замяніла пастаноўшчыка, калі той перажыў інсульт, назвала спектакль "акварэльным", створаным фарбамі (маецца на ўвазе харэаграфічныя) пастэльных таноў:

— Гэта праверка на інтэлект танцоўшчыкаў. І мяне вельмі радуе, што агульны інтэлектуальны ўзровень (я зараз гавару пра здольнасць фізічна мысліць целам і танцам) дастаткова высокі не толькі ў салістаў, але і ў кардэбалета. Людзі разумеюць, якога кшталту павінен быць спектакль. Гэта складана, таму што артысты доўга танцавалі "Жызэль" у адной стылістыцы, а зараз даводзіцца цела вучыць працаваць па-іншаму.

Сапраўды, тое, што нам прапаноўвае новая "Жызэль", можна акрэсліць так: назад, у мінулае. У мінулае балетнага мастацтва. У той яго выгляд, які існаваў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Мастак спектакля Вячаслаў Окунеў, які таксама быў запрошаны з Расіі, адзначыў, што яму гэтая рэдакцыя імпануе — як чалавеку, "які захапляецца рарытэтамі". Стваральнікі звярнуліся да першай парыжскай пастаноўкі, каб вярнуць стылістыку, з часам страчаную ў гэтым спектаклі. У прыватнасці, вярнулі пантаміму, ад якой балет паступова адмаўляўся з-за развіцця харэаграфіі. Месцамі гэта і сапраўды выглядае дзіўнавата: чаго трэба рукамі паказваць на сваю нявесту, калі можна зрабіць гэта праз танец?.. Але так калісьці было — і таму ёсць у новым варыянце беларускай "Жызэлі". Нават касцюмы аднаўляліся па гравюрах аднаго з першых спектакляў. Першы акт малюе побыт вяскоўцаў і паказвае пышнасць саноўных асоб. Другі — падкрэслівае рамантычны свет нябачных істот Вілісаў. Гэтая рэдакцыя, зробленая Далгушыным для Санкт-Пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра, атрымала вышэйшую адзнаку ад лонданскай крытыкі падчас гастроляў. Тут няма чаго дзівіцца: такая "Жызэль" ілюструе гісторыю балетнага мастацтва, паказвае, якім яно было калісьці, і тады лягчэй разумець, што і чаму з ім адбывалася потым. І калі ў наш час дзякуючы трупам з былога СССР ёсць магчымасць убачыць класіку — чаму не?.. Тым больш што, як правіла, такія спектаклі дэманструюць высокае майстэрства выканаўцаў.

...Я бачыла класіку: прыгожыя рухі, прадуманыя сцэны, вытанчаныя лініі. І ў думках дадавала да іх эмоцыі з той пастаноўкі, якая існавала ў тэатры дагэтуль. І галоўнае — рамантычныя пачуцці, якія той спектакль ува мне пакінуў, адчуванне сілы і вечнасці кахання.

Сённяшняя рамантыка іншая. Хоць бы таму, што ў сучаснай рэчаіснасці чалавек настолькі рацыянальны, што часам сумняваешся ў яго... чалавечым паходжанні. Для яго важна верыць не столькі ў сілу кахання, колькі ў самую яго наяўнасць, таму ён можа і задаволіцца ілюстрацыяй кахання. Як і адноснасцю даравання: калі ахвяра сама просіць пакінуць вінаватаму жыццё, дык гэта яшчэ не азначае, што ён будзе жыць... А гэта ўжо амаль рэчаіснасць, а не рамантыка. А рэчаіснасць патрабуе сучаснага асэнсавання — у тым ліку праз балет, які змяняецца ў залежнасці ад таго, як змяняецца чалавечы свет...

Ларыса ЦІМОШЫК


Источник: http://zviazda.by/ru/pril/article.php?id=95673




ПАРТНЕРЫ