.

пресса

ОПЕРА МАЛАДАЯ, АЛЕ... НЕ ВЕЛЬМІ



26 мая 2012 года
№ 17 (146)
Опера маладая, але... не вельмі


Вакалісты-пачаткоўцы сыходзяць гандляваць на базар. Чаму? І як іх утрымаць?

Сёння опера пераўтварылася ў з'яву відовішчную, а яе партыя пераўтварылася ў ролю. Рэжысёрская задума прэвалюе над вакальным майстэрствам, якое ўсё-такі галоўнае ў "найвышэйшым з мастацтваў". У святле гэтых тэндэнцый найбольш складана маладым вакалістам. Ім цяжка прабіцца на вялікую сцэну. Многія пасля атрымання прафесійнай адукацыі сыходзяць гандляваць на базар і больш ніколі не вяртаюцца ў прафесію. Гэтыя самотныя з'явы адбываюцца і ў Беларусі, і ў суседніх краінах.
Першы моладзевы форум опернага мастацтва краін СНД, які прайшоў у Мінску 20—25 мая, створаны якраз для таго, каб падтрымаць таленавітую моладзь. У заўзятараў оперы была магчымасць не толькі паглядзець 6 пастановак беларускага Опернага тэатра з удзелам новых маладых салістаў (ва ўзросце да 35 гадоў) з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Латвіі і Грузіі. Але і параўнаць кантэксты — якое стаўленне да маладых у Беларусі і ў іншых краінах.

Пры ўсіх магчымых недапрацоўках мерапрыемства, якое ладзіцца ўпершыню, Моладзевы форум опернага мастацтва краін СНД — з'ява. Гэта культурны абмен на перспектыву. 20 вакалістаў з розных краін прыехалі ў Мінск, каб застацца. У пэўным сэнсе. Форум распачне супрацоўніцтва, магчымае паміж Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі і іншымі опернымі тэатрамі свету. Падчас опер "Рыгалета" і "Травіята" Дж. Вердзі, "Князь Ігар" А. Барадзіна, "Кармэн" Ж. Бізэ, "Багема" Дж. Пучыні, "Іаланта" П. Чайкоўскага мы пабачылі, як беларускія маладыя вакалісты працуюць з замежнымі артыстамі ўпершыню. За адну-дзве рэпетыцыі пераўтвараюць ужо звыклую для мінскай публікі пастаноўку ў нешта надзвычайнае. Бо сапраўднае мастацтва сцірае ўсе межы. А для таго, каб любое мастацтва развівалася, яму патрэбна "маладая кроў". Выдатна, што ў нашым Оперным гэта разумеюць.

— Калі за год на сцэну ніводны малады неабстрэлены не выйшаў, значыць, нешта тут не так, — лічыць Уладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. — Таму ў нас і існуе оперная і балетная стажорскія трупы маладых артыстаў. Некаторыя з іх яшчэ вучацца. Мы іх уцягваем у тэатр, у працу. Трэба заўжды мець крытэрыі, ведаць, чым дыхае свет. Таму мы і праводзім моладзевы форум. Прыехалі маладыя людзі, прычым многія з іх паказваюць найвышэйшы ўзровень мастацтва ўжо сёння. Не толькі лаўрэацкія званні, а цудоўную школу. І гэта тая моладзь, на якую мы не толькі паглядзець павінны, але і супрацоўнічаць з ёй. Гэта такая тэндэнцыя ў мастацтве — абмен творчымі кадрамі. А ў снежні будзем праводзіць конкурс маладых выканаўцаў італьянскай оперы. Гэта зусім іншы зрэз — прыедуць спевакі з Заходняй Еўропы. Мы зможам паглядзець, што адбываецца ў оперным мастацтве з іншага боку. І ўсё гэта павінна адбывацца сістэматычна. У кадравай палітыцы важна, каб самыя лепшыя традыцыі захаваліся, каб была павага да сталых майстроў, а таксама падтрымка і моладзі. Каб яна вучылася ў мэтраў, развівалася, эксперыментавала. Вельмі важна, каб для моладзі былі створаны нармальныя сацыяльныя і творчыя ўмовы працы.

Тры гады прайшло, як пасля рамонту ў Оперны тэатр засялілася творчая каманда. Здаецца, ужо шмат часу прайшло, і пра рамонт усе паспелі забыцца. Але насамрэч гэта было вельмі сур'ёзным выпрабаваннем менавіта для опернай трупы, якой патрэбна пастаянна знаходзіцца ў тонусе. Па ўсім відаць, трупа справілася з цяжкасцямі, не раз'ехалася па свеце, а нават наадварот. У гісторыі нашай оперы яшчэ не было выпадку, каб такая колькасць салістаў беларускага тэатра адначасова былі салістамі, напрыклад, Вялікага тэатра ў Маскве.

Сёння ў нас ёсць маладыя салісты, якіх мы вельмі цэнім, беражом, яны вяртаюцца сюды са сваіх замежных ваяжаў: Юрый Гарадзецкі, Ілья Сільчукоў, Аксана Волкава, Анастасія Масквіна, Эдуард Мартынюк і іншыя. Яны, дарэчы, усе ўжо салісты Вялікага маскоўскага тэатра. І пра гэта можна казаць з гордасцю. Але можна казаць і пра тое, што наша сцэна для іх — прыярытэтная.

Опернае мастацтва некалі называлі імперскім, а сёння можна смела назваць яго дзяржаўным. У тым сэнсе, што без падтрымкі дзяржавы опера не выжыве. Але без добрай оперы (як, зрэшты, і без добра развітых іншых відаў мастацтва) краіна будзе мець зусім іншы імідж у свеце. А імідж краіны перш за ўсё стварае культура. І калі на яе махнуць рукой, то нішто не ўратуе. Радуе, што ў галіне акадэмічнага вакалу ў Беларусі для моладзі спакваля з'яўляецца больш і больш магчымасцяў для развіцця. Безумоўна, гэта яшчэ зусім не той узровень, які існуе ў Маскве або Санкт-Пецярбургу, дзе пры Вялікім оперным і Марыінскім тэатрах працуюць адмысловыя навучальныя ўстановы або праграмы, якія вучаць маладых вакалістаў і "заточваюць" іх менавіта пад канкрэтны тэатр. Але вось, напрыклад, у Малдове, ва Украіне, Узбекістане, некаторых расійскіх гарадах падтрымка маладых оперных выканаўцаў — зусім на іншым узроўні. З маладымі не хочуць або не могуць працаваць.

— У Малдове ніякіх моладзевых праграм для вакалістаў-пачаткоўцаў няма, — распавядае Марына РАДЗІШ, салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Малдова, якая ў Мінску сыграла Віялету ў оперы Дж. Вердзі "Травіята". — Напэўна таму, што Малдова зараз знаходзіцца ў такім стане, калі палітыкі заняты іншым... Культура іх не цікавіць. Мы варымся ў сваім катле, моладзь нешта робіць. Вядома, ёсць старэйшае пакаленне, якое нас падтрымлівае, указвае на памылкі. Але нейкіх рэпетытараў у нас няма. Займаемся з піяністамі, дырыжоры прыходзяць, толькі калі ў нас з імі ёсць нейкія спектаклі. Цяжка моладзі яшчэ і таму, што ў нашым тэатры няма роляў, з якіх моладзь магла б пачынаць. У асноўным гэта спектаклі з магутнымі складанымі ролямі: "Аіда", "Трубадур". Я лічу, што для маладых спевакоў павінны быць прыступкі, якія будуць іх гадаваць, а не губіць. У планах стварыць на базе тэатра студыю для моладзі. Але пакуль далей размоў справа не дайшла.

Агульнасусветныя тэндэнцыі сведчаць пра тое, што опера з кожным годам становіцца ўсё маладзейшай. Маўляў, не салідна і не адпавядае першапачатковаму замыслу, калі партыі маладых хлопцаў і дзяўчат выконваюць вакалісты ў гадах. Гэта, вядома, толькі на карысць артыстам-пачаткоўцам. Але карысць ад падтрымкі маладых выканаўцаў зразумелая не ўсім.

— Мне здаецца, што ва Украіне оперы не хапае ўвагі ад дзяржавы, — гаворыць лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускнік Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта мастацтваў імя І. П. Катлярэўскага Сяргей ЗАМЫЦКІ. — Хочацца, каб моладзі ўдзялялася больш увагі, каб дзяржава вылучала на яе хоць мінімальныя сродкі. Таленавітай моладзі вельмі шмат. Але многія заканчваюць кансерваторыю і сыходзяць гандляваць на базар. І адзінкі, моцныя асобы, якім яшчэ і проста пашанцавала, застаюцца ў прафесіі і дабіваюцца нейкіх вынікаў. Многія з Украіны з'язджаюць у Маскву і Піцер. У Харкаве ёсць задума зрабіць моладзевы эксперыментальны тэатр, у якім будуць задзейнічаны як маладыя салісты оперы, так і студэнты кансерваторыі. Ідзе нейкая праца. Але ў краіне застаюцца адзінкі. Я хачу, каб у мяне была свая праца ва Украіне, я хачу працаваць на радзіме і атрымліваць за гэта нармальныя грошы, каб пракарміць сям'ю. Але я вымушаны з'ехаць: разумею, што дома ў сябе не змагу гэтага зрабіць. А добрыя галасы ў Еўропе і ў той жа Расіі вельмі цэняцца. Там ёсць перспектывы, там ты ведаеш, што не прападзеш...

Калі мы хочам, каб з Беларусі не з'язджала таленавітая моладзь і каб таленты стваралі імідж нашай краіны сваімі ўзнагародамі і творчымі дасягненнямі, мы, у сваю чаргу, павінны ствараць для гэтага ўмовы. Інакш мастацтва пакрыўдзіцца і... знікне. А тады пачнецца цемра.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Моладзевы оперны форум у асобах

На пытанне, што даюць маладым такія мерапрыемствы, як Першы моладзевы форум опернага мастацтва, адказваюць маладыя і таленавітыя.

Юрый ГАРАДЗЕЦКІ, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, лаўрэат міжнародных конкурсаў:

— Для маладых выканаўцаў гэта як найвышэйшыя курсы павышэння кваліфікацыі. Таму што прыехаць і вось так за рэпетыцыю-дзве ўвайсці ў спектакль з варыятыўнай пастаноўкай, з новым дырыжорам, з салістамі, з якімі працуеш упершыню, даволі складана. Гэта, бадай, немагчыма сёння зрабіць у замежных тэатрах. Таму што рэжысёрскаму бачанню аддаецца шмат часу і ўвагі, і, каб упісацца ў канкрэтную пастаноўку, трэба вельмі шмат рэпеціраваць. Таму наш форум — унікальны праект, вельмі сур'ёзны трэнінг! Кожны саліст прыязджае са сваім бачаннем. І, безумоўна, ідзе абмен досведам, творчай энергіяй. Гэта вельмі карысна.

Нажмідзін МАЎЛЯНАЎ, саліст Ташкенцкага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета імя А. Наваі:

— Калі ёсць магчымасць удзельнічаць у такіх мерапрыемствах — гэта вельмі добра. Глядзець, слухаць, як працуюць іншыя, бачыць іншы свет, праслаўляць сваю краіну. Гэта дае пэўныя магчымасці для росту, прафесійнага сталення. І дае магчымасць маладым "засвяціцца" на новай сцэне, "абрасці" кантактамі, каб потым пачаць супрацоўніцтва з тэатрам, які цябе запрасіў, і з іншымі замежнымі тэатрамі.

Міхаіл КАЛЕЛІШВІЛІ, саліст опернай трупы Марыінскага тэатра:

— Любая падтрымка таленавітай моладзі — вельмі высакародная і патрэбная справа. Спадзяюся, што моладзевы оперны форум у Беларусі будзе развівацца і пашырацца. Мне ў свой час таксама вельмі дапамагла падтрымка. Я вучыўся ў Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра. Там адукацыя не толькі па музычнай частцы, але і па артыстычнай. Навучэнцы, якія найлепш праявяць сябе, маюць магчымасць выступаць у спектаклях Марыінскага тэатра. Вучоба там загартоўвае артыста фізічна і маральна. Любому артысту гэта не перашкодзіць. Гэтая ўстанова паспяхова працуе ўжо больш за 10 гадоў. Чаго жадаю і астатнім моладзевым праграмам.

Источник: http://zviazda.by/ru/pril/article.php?id=97635

 

ПАРТНЕРЫ