.

пресса

РАСПРАЦОЎКА ТЭМЫ VS. "АРХЕТЫПОВАСЦЬ"



Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета спраўляе сваё 80-годдзе. Таму прэм’ера “Турандот” шмат у чым успрымаецца перадсвяточнай справаздачай: маўляў, з якімі ж поспехамі сустракаем юбілей? Пастаноўку оперы Дж.Пучыні абмяркоўваюць кандыдат мастацтвазнаўства Алена Лісава і музыказнаўца, рэдактар аддзела газеты “Культура” Надзея Бунцэвіч.

А.Л.: — Спектакль — уразіў. І яго фінал, акурат у тым месцы, дзе скончыўся аўтарскі матэрыял, пераканаў. Прытым што напярэдадні прагляду, як і многія мае калегі, я даволі скептычна ставілася да самой магчымасці такога рашэння. Ну не падабаецца музыка Франка Альфана, які пасля смерці Пучыні дапісаў любоўны дуэт і фінал, дык ёсць варыянт знакамітага Лучана Берыа, нядаўна з’явілася і кітайская версія Хао Вэйё. Калі ж хочацца эксклюзіву, дык можна было заказаць завяршэнне камусьці з беларускіх кампазітараў, паставіўшы за ўмову выкарыстанне пучыніеўскіх тэм. Бо ідэя оперы, як падавалася, — менавіта ў перараджэнні Турандот: ад жорсткай прынцэсы да закаханай жанчыны. А калі гэтага не адбываецца, дык у чым сэнс? Але акцэнты ў пастаноўцы перамясціліся да рабыні Ліу, і самаахвярнасць гэтай гераіні ўзнеслася на яшчэ больш высокую прыступку, чым гэта адбываецца ў спектаклях з традыцыйным фіналам.

 

Н.Б.: — Слова “эксклюзіў”, што ў вас прагучала, невыпадковае. Менавіта так пазіцыянавалася будучая прэм’ера ў СМІ, бо на прэс-канферэнцыі, распісваючы перавагі свайго прачытання, рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ не згадаў, што ўжо паспеў апрабаваць незвычайны фінал, паставіўшы “Турандот” летась у верасні ў Казані. Мяркуючы па ягоных выказваннях у тамтэйшай прэсе, такі варыянт спачатку не планаваўся, узнік у ходзе рэпетыцый — і быў замацаваны.

 

А.Л.: — Мяркуючы па прэсе ды фота ў Сеціве, змяніліся дэталі сцэнаграфіі Ігара Грыневіча, які, зрабіўшы эскізы, пайшоў з жыцця яшчэ да першай прэм’еры, і некаторыя касцюмы Юліі Мацкевіч... Да таго ж, любы перанос спектакля бывае з “папраўкамі” на трупу.

 

Н.Б.: — Крыўднай, прынцыпова няправільнай здаецца сама тэндэнцыя: маўляў, толькі ў нас і для вас. Такое імкненне падкрэсліць “немагчымасць параўнання”, “абранасць” таго або іншага творчага метаду, шляху развіцця вядзе, насамрэч, толькі да крызісу. У Казані, мяркуючы па тамтэйшых публікацыях, — той жа “местачковы” сіндром: мы — “адзіныя”, “абраныя”, для нас ставіць “рэжысёр з Масквы” (гэта пра Панджавідзэ, які ўжо тры гады — галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі). Я паглядзела казанскую “Турандот”, праўда, у відэазапісе, і магу засведчыць: у нас — не перанос яе, а далейшая распрацоўка заяўленай тэмы. Ці ж не так, да прыкладу, працуюць навукоўцы, выпускаючы шэраг артыкулаў на адну тэму? У кожным — нейкія новыя аспекты, ёсць аўтацытаты, але кірунак думкі не змяняецца на супрацьлеглы. Такі ж прынцып можна знайсці і ў рэжысёраў. Леташняя прэм’ера “Князя Ігара” ў нашым Вялікім тэатры — такая ж “далейшая распрацоўка” пецярбургскага рэжысёра Юрыя Аляксандрава, які ўвасабляў гэтую оперу Барадзіна безліч разоў, у тым ліку ў нас у 1990-я, па-рознаму даказваючы адзін і той жа тэзіс: перад намі менавіта трагедыя рускага народа.

 

А.Л.: — Цяперашняя “Турандот” таксама вырашана не як “гімн каханню”, а як трагедыя народа. Падставы для гэтага ёсць у самой музыцы: партыя хору ў дадзеным творы — адна з самых складаных і развітых у оперным жанры. І наш калектыў на чале з Нінай Ламановіч бліскуча спраўляецца з ёй — і ў вакальным плане, і ў артыстычным.

/i/content/pi/cult/429/8863/8-3.jpeg

 

Н.Б.: — У казанскай пастаноўцы больш сувязей з расійскай гісторыяй розных часоў: там і бронетранспарцёр, з якога “вяшчаюць” у вельмі многіх класічных лібрэта. Іншая справа, што, пры агульнай удалай працы, бачныя і некаторыя рэжысёрскія паўторы, “пазычаныя” з іншых пастановак Панджавідзэ...

 

Н.Б.: — Гэта ўжо “аўтарскі почырк”, бо ці не ў кожным спектаклі Панджавідзэ жанчыну кідаюць долу.

 

А.Л.: — Але калі ў фінале падае Турандот, нібыта страчваючы прытомнасць, — гэта ўжо штамп. І зусім не пераканаўчы. Дый перазовы з “Аідай” у другой дзеі — залішнія, бо ўзнікаюць яны не з-за лесвіцы, якую пры цяперашнім абсталяванні тэатр будзе выкарыстоўваць часта, а з-за надта сіметрычнага руху па ёй. Замінала бясконцае “кулянне” адсечаных галоў: гэтага прыёму хапіла б аднойчы. А вось дынамічная, агрэсіўная першая дзея і, як арка да яе, трэцяя — выбудаваны цудоўна.

 

Н.Б.: — У нашым спектаклі, у адрозненне ад казанскага, больш візуальных кантрастаў. Затое, на жаль, бракуе кантрастаў музычных. Дырыжор Віктар Пласкіна (пэўна, пайшоўшы за трагічным напалам эмоцый, што прапанаваў рэжысёр) акцэнтуе ў партытуры экспрэсіянізм. А ў Пучыні хапае і імпрэсіянізму, і кітайскай “лялечнасці” — усё пабудавана на рэзкіх перападах ад аднаго полюса да другога, дзе складаныя акордава-поліфанічныя напластаванні, спалучэнні сімфанічнага аркестра з духавым сцэнічным раптам саступаюць месца строгім унісонам, “сухому” аднагалоссю.

 

А.Л.: — За салістаў — душа радуецца! Так званыя цвёрдыя дэкарацыі палепшылі акустыку, лесвіца “адбівае” галасы, скіроўваючы гук у залу. Таму чуваць абсалютна ўсіх, нават Віктара Стральчэню (Імператар), які спявае ў глыбіні сцэны на самым версе. Надзвычай роўны, аб’ёмны голас у Ніны Шарубінай (Турандот), якім яна выцягвае ўсе складанасці “смяротнай” партыі.

 

Н.Б.: — Тамара Глаголева малюе гэтую гераіню яшчэ больш бязлітаснай, без аніякіх ваганняў, якія “падрыхтоўвалі” б далейшы пералом у ейным характары ды ўчынках. Розныя і Ліу: у Настассі Масквіной — моцная духам дзяўчына, своеасаблівае “адлюстраванне” Турандот, якая, у адрозненне ад прынцэсы, усю сілу свайго характару накіроўвае не на помсту, разбурэнне ды нянавісць, а на спагаду і каханне. Ліу Таццяны Гаўрылавай — наадварот, антыпод Турандот: мяккая, самаахвярная. Сяргей Франкоўскі цудоўна перадаў імпульсіўнасць, апантанасць Калафа.

 

А.Л.: — А якім Цімурам паўстаў Станіслаў Трыфанаў! Нават у самім тэмбры голасу з’явіліся новыя адценні. Дый у акцёрскай ігры — ніякай тэатральнасці.

 

Н.Б.: — Што ў нас, што ў Казані аб’яднаны партыі Мандарына і Пінга — аднаго з неразлучнай тройцы “масак”. І там, і тут іх спявае (і “танцуе”) наш Уладзімір Громаў — бляск, віртуознасць, вышэйшы пілатаж! Ужо з-за аднаго гэтага варта было згадаць пра ранейшую пастаноўку, дзе быў сабраны інтэрнацыянальны зорны склад. У нашым спектаклі ў “тройку” ўваходзяць таксама Янаш Нялепа і Аляксандр Жукаў. Ансамблевая тэхніка — папраўдзе зайздросная. Вось толькі каб яшчэ аркестр ім не “зайздросціў”, набіваючыся ў галоўныя салісты! Не, усіх спевакоў чуваць добра, але сімфанічнае гучанне аркестра ў гэтых сцэнах магло б быць больш “утульным”, “звончата-празрыстым”, як спалучэнні кітайскіх інструментаў. Трэба спадзявацца, паляпшэнне санорнай аўры спектакля (як і яго камп’ютарнай графікі, якая часам толькі перашкаджае) яшчэ наперадзе. Увогуле ж, атрымалася ўдалая, папраўдзе канцэпцыйная оперная пастаноўка, што вымушае задумацца над існасцю быцця.

 

А.Л.: — І адначасова — масавая, візуальна прыцягальная, у лепшых традыцыях відовішчнай “вялікай оперы”.

 

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

ПАРТНЕРЫ