Большой театр Беларуси Большой театр Беларуси Национальный академический большой театр оперы и балета республики беларусь

Новости

Ад Полацка да Прагі

У Камернай зале прагучыць музыка адразу некалькіх эпох, пачынаючы аж з Сярэднявечча і Рэнесанса, такіх рэдкіх для сцэны Вялікага тэатра. Больш таго – некаторыя згубленыя ў вірах гісторыі старадаўнія творы «ўваскрэснуць» і будуць выкананы ўпершыню пасля шматвекавога забыцця. «Мне падаецца, что гэты канцэрт мы зрабілі для інтэлектуальнай публікі, якая не толькі цікавіцца гісторыяй, культурай і мастацтвам, але нават «распешчана» рэгулярнымі «изысками», – падзяліўся Аляксей Фралоў, аўтар і вядучы гэтай праграмы.

– Гэты вечар мы ладзім у гонар некалькіх юбілеяў, бо так адбылося, што ў гісторыі ў 1517 годзе спалучылася некалькі важных з’яў адначасова, – гаворыць Аляксей Фралоў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, артыст аркестра Вялікага тэатра (фагот), мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў «Вытокі». – Па-першае, Францыск Скарына дае шырокаму колу чытачоў на беларускіх землях магчымасць адкрыць надрукаваную Кнігу, якая і зараз застаецца самай важнай, – Біблію – на зразумелай мове. Старабеларускія элементы расквечваюць старажытны царкоўна-славянскі тэкст, набліжаючы мову Кнігі да народнай. У гэтым відавочна выявіліся асветніцкія і рэфармацыйныя погляды нашага генія Рэнесанса. І якраз роўна 500 год назад пачалася адна з пераломных падзей у еўрапейскай гісторыі – шырокая царкоўная Рэфармацыя, што стала каталізатарам для шматлікіх працэсаў як у духоўным жыцці, так і ў грамадскім.Акурат у гэтыя дні Германія і ўвесь адукаваны свет успамінае вялікага нямецкага генія Рэнесанса – Марціна Лютэра... Усё адбывалася фантастычна сінхронна, і гэтыя паралелі вельмі цікавыя. Наша радасць, наш гонар і наша шчасце, што ў нас быў, ёсць і будзе Францыск Скарына, асоба надзвычайна высокай вучонасці і празорлівасці, светач, якіх у цэлым свеце адзінкі! Вось на вечары 24 лістапада мы і  пастараемся ўзгадаць летапіс жыцця і ўвесь фантастычны размах дзейнасці Скарыны. Вобразы Полацка, Вільні, Кракава, Караляўца, Падуі, Венецыі, Прагі, Чэскага Крумлёва – знакавых для Францыска еўрапейскіх гарадоў ярка праявяцца ў нашых вербальных і музычных «вітражах». Але ў сваёй праграме нам хацелася б узгадаць не толькі, дзе ён быў, але каго вучыў і лячыў, з кім дыскутаваў, на каго паўплываў, каго любіў, што завяшчаў…

Чэшскі харал XVстагоддзя, італьянскія танцы і канцоны XVI-га, музыка з Полаччыны эпохі Рэнесанса, барока, класіцызма, а нават і рамантызма – усё гэта будзе перавязана чырвонай ніткай жыццяпісу Скарыны і яго ўплыву на цывілізацыю. З айчынных, з полацкіх музычных артэфактаў чакаецца і раскошная арыя Апалона з оперы «Апалон-Заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», і старонкі «Полацкага сшытка», вернутага ў Беларусь прафесарам Адамам Мальдзісам, фрагменты «Забельскай нотнай калекцыі», знойдзенай мной з калегай Святленай Немагай падчас архіўнай працы, і творы нашага геніяльнага Станіслава Манюшкі (які іграў на полацкім аргане… далёк ад Полацка!), і невядомая яшчэ іншая цудоўная «старая-новая» беларуская музыка, пра якую будзе аб’яўлена непасрэдна ў Камернай зале 24 лістапада… Прыемна, што музыказнаўства не стаіць на месцы, і пасля «Полацкага Сшытка» з’яўляюцца ўсё новыя і новыя вяршыні беларускай музычнай Атлантыды, сцэнічнымі адкрыццямі якіх мы стараемся рэгулярна радаваць нашу публіку.

А мне з маёй калегай Святленай Немагай пашчасціла адкрыць сапраўдны Кландайк, залатую жылу нашай музыкальнай спадчыны – беларускую музыку эпохі Моцарта! Больш за 10 невядомых дагэтуль беларускіх сімфоній! І на вечары мы працягнем адчыняць гэтую каштоўную скарбонку – тут упершыню прагучаць некаторыя творы аўтарства самаго Восіпа Казлоўскага, класіка XVIII стагоддзя, славутага кампазітара не толькі Беларусі! І на гэтым сюрпрызы не скончацца. Прэм’ера будзе не адна, а многія элементы праграмы перанясуць нас у XVI стагоддзе – Залаты век нашай гісторыі.

Спадзяюся, нішто не перашкодзіць пачуць у гэты вечар цудоўныя галасы нашых салістаў – Ірыны Кучынскай, Юрыя Гарадзецкага і Дзмітрыя Капілава. А за інструментальнае напаўненне будзе адказваць ансамбль «Вытокі»: Ірына Аўдзеева (фартепіяна), Дыяна Гантарэнка (флейта) і я, Аляксей Фралоў (фагот).

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ