Дзіцячы музычны тэатр-студыя

Дзіцячы музычны тэатр-студыя

Стацыянарны Дзіцячы музычны тэатр-студыя ў складзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь – унікальная з'ява не толькі для Беларусі, але і для оперных тэатраў свету.
Ён быў заснаваны ў 1989 годзе па ініцыятыве хормайстра тэатра Ніны Ламановіч. У сакавіку 1990 года адбыўся дэбют юных артыстаў – вялікі адкрыты канцэрт у суправаджэнні сімфанічнага аркестра тэатра. На заканчэнні гэтага ж года гледачам была прадстаўлена першая прэм’ера – мюзікл кампазітара А. Будзько “Пітэр Пэн”. Гэтай пастаноўкай Дзіцячы музычны тэатр-студыя зацвердзіўся як самастойная творчая адзінка, паўнапраўны і непасрэдны ўдзельнік опернага дзеяння.

Юныя артысты тэатра-студыі задзейнічаны ў оперных пастаноўках тэатра “Пікавая дама” П. Чайкоўскага, “Чароўная флейта”  В.А. Моцарта, “Багема”, “Турандот” Дж. Пуччыні, “Кармэн” Ж. Бізэ, “Барыс Гадуноў”, “Хаваншчына” М. Мусаргскага, “Травіята” Дж. Вердзі, “Князь Ігар” А. Барадзіна і шэрагу іншых, дзе паводле задумы кампазітара і рэжысёра-пастаноўшчыка неабходны ўдзел дзіцячага хору ці мімансу.
Дзіцячы хор удзельнічае ў балетных спектаклях “Стварэнне свету”, “Шчаўкунок”, “Эсмеральда”, “Карміна Бурана”.


Асноўны набор у тэатр-студыю звычайна ажыццяўляецца на пачатку тэатральнага сезона. Неабходнымі патрабаваннямі да юных артыстаў пры паступленні з’яўляюцца наяўнасць музычнага слыху, артыстызму, пластычнасці. Вітаецца  і наяўнасць пачатковай музычнай адукацыі.


Заняткі ў тэатры-студыі адбываюцца 3-4 разы на тыдзень. Выкладаецца вакал, харавыя спевы, акцёрскае майстэрства, харэаграфія, праводзяцца акцёрскія трэнінгі. Значна раней за аднагодак студыйцы знаёмяцца з лепшымі ўзорамі опернай класікі і творамі сучасных кампазітараў, у непасрэднай працы на сцэне засвойваюць нялегкую, але захапляльную прафесію акцёра музычнага тэатра.


Многія з выпускнікоў тэатра-студыі звязалі сваё жыцце з прафессійным мастацтвам. Шэраг з іх працягваюць навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага, Венскай акадэміі музыкі і тэатра, іншых навучальных установах Еўропы. Выпускнікі студыі працуюць у тэатрах Беларусі, Расіі, Чэхіі, Германіі.


Сярод вядомых выхаванцаў тэатра-студыі – беларускі акцёр, спявак, лідэр групы “Дзядзя Ваня” Іван Вабішчэвіч, салістка тэатра оперы і балета, лаўрэат міжнародных конкурсаў Таццяна Гаўрылава, рэжысёр тэатра оперы і балета Наталля Кузьмянкова, памочнік рэжысёра тэатра оперы і балета Таццяна Ераза, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Наталля Бараноўская, артыстка Маскоўскага тэатра “Гелікон-опера” Вікторыя Смірнова.

Загадчык студыі – Алена Неронская