Большой театр Беларуси

 

Большой театр Беларуси

 

Большой театр Беларуси

 

Большой театр Беларуси

 

Большой театр Беларуси

 

Станіслаў Манюшка: вяртанне на Радзіму

 Паважанае спадарства,

 Культурная супольнасць усяго свету адзначае 200-годдзе дня нараджэння Станіслава Манюшкі. Ён нарадзіўся ў Беларусі, маладыя гады правёў у Мінску, фарміруючы свой музычны талент, натхнёны культурнай спадчынай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Станіслаў Манюшка стварыў асновы нашай нацыянальнай оперы і ў значнай ступені паспрыяў фарміраванню польскага нацыянальнага стылю ў музыцы XIX ст.

Мы вельмі рады магчымасці далучыцца да гала-канцэрта, арганізаванага з нагоды гэтага юбілею, пры ўдзеле мастацкіх калектываў Нацыянальнай оперы Беларусі ў Мінску. Праграма канцэрта прадугледжвае ўдзел польскага дырыжора Рамана Рэваковіча і спявачкі Івоны Хосы – сапрана, адной з вядучых польскіх спявачак свайго пакалення. Польскія і беларускія артысты разам аддадуць даніну павагі выдатнаму кампазітару, музыка якога стваралася для ўмацавання духу ў народзе і столькі для нас усіх, як палякаў, так і беларусаў, значыла і па-ранейшаму значыць.

Манюшка – гэта не абстрактная гістарычная асоба, а чалавек, які калісьці таксама хадзіў па тых жа вуліцах, па якіх ходзяць сённяшнія жыхары сталіцы Беларусі, і для якога Мінск быў адметным і родным горадам. Яго сапраўднай радзімай.

Мы ўдзячныя за магчымасць удзелу ў багатай праграме ўрачыстых юбілейных мерапрыемстваў, і я хацеў бы з поўным перакананнем сказаць, што памяць пра вялікага кампазітара будзе звязваць польскіх і беларускіх аматараў культуры, а таксама стане падмуркам для рэалізацыі шэрагу сумесных праектаў у сферы культуры і мастацтва.

 Канд. гіст. навук Кшыштаф Алендзкі,

Тытулярны пасол, дырэктар Інстытута Адама Міцкевіча

Праграма Polska Music актыўна падтрымлівае выкананне польскай класічнай музыкі ў свеце выдатнымі замежнымі выканаўцамі. Праграма была створана ў 2011 годзе па ініцыятыве Інстытута Адама Міцкевіча – нацыянальнай культурнай установы, мэтай якой з'яўляецца пашырэнне польскай культуры ў свеце і актыўны ўдзел у міжнародным культурным супрацоўніцтве. Інстытут з'яўляецца стваральнікам сцэнічных пастановак і канцэртаў, прапагандыстам сучаснай музыкі, ініцыятарам стварэння новых заказаў, а таксама апекуном шматлікіх кніжных і фонаграфічных выдавецтваў. Праграма Polska Music рэгулярна працуе з многімі вядомымі ўстановамі ва ўсім свеце, такімі як BBC Symphony Orchestra, Berliner Philharmoniker, Bregenz Festival, Chandos Records, Chicago Symphony Orchestra, Cité de la musique – Philharmonie de Paris, Elbphilharmonie, Ensemble Musikfabrik, Huddersfield Contemporary Music Festival, Klangforum Wien, Lincoln Center Festival, London Philharmonic Orchestra, London Symphony Orchestra, Los Angeles Philharmonic, Lyric Opera of Chicago, Münchener Kammerorchester, Philharmonia Orchestra, Rambert Dance Company, Royal Opera House, Time of Music Festival, Welsh National Opera, Quay Brothers.

 Інстытут Адама Міцкевіча з задавальненнем прадстаўляе новы праект – «Карта польскіх кампазітараў», у якім інавацыйным чынам прадстаўлены дасягненні айчынных творцаў ХХ-ХХI стагоддзяў. Мультымедыйны інструмент даступны па адрасе: mapofcomposers.pl

Праект арганізованы ў супрацоўніцтве з Інстытутам Адама Міцкевіча ў межах праграмы Polska Music. Падрабязная інфармацыя аб праграме Polska Music даступная на polskamusic.iam.pl

2019 год афіцыйна абвешчаны Соймам Рэспублікі Польшча і ЮНЕСКА Годам Станіслава Манюшкі. Пятага траўня славутаму сыну двух блізкіх народаў спаўняецца 200 гадоў.

Станіслаў Манюшка – прызнаны класік польскай оперы, але вытокі яго музычнага талента варта шукаць тут, у Беларусі, на малой Радзіме кампазітара –Міншчыне. На працягу многіх гадоў ён цесна сутыкаўся з беларускай культурай, з дзяцінства палюбіў народныя звычаі, мелодыі беларускіх песень, што безумоўна адбілася на яго творчасці. Першыя музычныя ўрокі Станіслаў Манюшка атрымаў ад маці, якая захаплялася музыкай і тэатральным мастацтвам, а хатнія спектаклі на ўсё жыццё падаравалі яму любоў да тэатра. Імя кампазітара непарыўна звязана з Мінскам: тут ён вучыўся ў мінскай класічнай мужчынскай гімназіі, наведваў музычную школу пры мінскім гарадскім аркестры пад кіраўніцтвам Дамініка Стэфановіча, мінская публіка бачыла прэм'еры большасці яго опер, у Мінску склаўся творчы і сяброўскі дуэт Станіслаў Манюшка - Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Разам класікі стварылі выдатныя ўзоры нацыянальнай оперы, сярод іх: першая опера на беларускай мове – “Сялянка”, прэм'ера якой адбылася ў лютым 1852 года ў мінскім гарадскім тэатры.

У 1952 годзе на сцэне галоўнага тэатра краіны – Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (цяпер Вялікі тэатр Беларусі) адбылася прэм'ера камічнай оперы “Страшны двор” С. Манюшка. Праз шэсцьдзесят з лішнім гадоў музыка Станіслава Манюшкі зноў прагучыць са сцэны беларускага Вялікага тэатра і стане метафарычным запрашэннем на Радзіму выдатнага беларускага кампазітара.

Іван Касцяхін, дырыжор:

– У праграме канцэрта – творы розных перыядаў творчасці кампазітара. Вядома, мы закранём яго асноўныя, этапныя творы – оперы “Галька” і “Страшны двор”. Прагучаць дзве арыі Галькі (дарэчы, адна з іх заснавана на тэме беларускай народнай песні, генетычна вырасла з яе), думкі Ёнтака, вядома, прагучыць знакамітая арыя Стэфана з “Страшнага двара”, арыі Скалубы і Мечніка, цудоўны ўзор лірыка-каларатурнай арыі – арыя Ганны. Спадзяюся, што пакажам адзін-два нумары з камічнай оперы “Verbum nobile” у беларускім перакладзе Дар'і Вашкевіч, а таксама балетны дывертысмент з музыкі да спектакля “На пастоі”, некаторыя харавыя сцэны з опер “Галька” і “Страшны двор”.

Беларуская мова не была чужой для Станіслава Манюшкі, больш за тое – у яго “Сялянцы” лібрэта, як вядома, утрымлівае некалькі беларускамоўных сцэн, што ў той перыяд патрабавала грамадзянскай мужнасці. Менавіта таму беларуская мова будзе гучаць са сцэны, бо нават для тых твораў, для лібрэта якіх у якасці асноўнага разумелася польская мова, існуюць літаратурныя пераклады, напрыклад, Максіма Танка, якія не парушаюць мелодыкі і рытмікі твора.

Алег Лясун, дырыжор:

– Праграма канцэрта была складзена зыходзячы з папулярнасці твораў і нумароў, мы выбралі найбольш яскравыя арыі і дуэты са знакавых опусаў Станіслава Манюшкі: “Галька”, “Страшны двор”, “Графіня” і адзіная якая захавалася партытура балета “На пастоі”. Мы вырашылі зрабіць акцэнт на гэтым, і найбольш вядомыя нумары з гэтых опер: думка Ёнтака, арыя Галькі, песня Броні з оперы “Графіня”, арыя Стэфана і арыя Скалубы, якая стане фінальнай кропкай сцэны з оперы “Страшны двор”, якая навеяная ўспамінамі Манюшкі аб жыцці ў Беларусі, пра сваіх родных, пра месцы, дзе ён бываў. Гэта яго карані і вытокі яго творчасці: чалавек нарадзіўся на беларускай зямлі, ён атрымаў тут адукацыю, увабраў тутэйшую культуру. 

 

 

 

Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры