Кампазітар-рамантык Гектар Берліёз казаў, што музыка і каханне – гэта два крылы душы. Музыка нябачная, эфемерная і ні на што не падобная, яна выказвае тое, што нельга перадаць словамі.
2 сакавіка Камерная зала імя Л. П. Александроўскай запрашае на канцэрт лаўрэатаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і маладых артыстаў сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі «Іграюць маладыя музыканты Вялікага». Іх музыка ідзе ад сэрца і запаўняе ўсю душу. Быць лаўрэатам фонду Прэзідэнта і музыкантам аркестра беларускага Вялікага – вельмі прэстыжна: дасягнуць такіх вышынь могуць толькі лепшыя.
Канцэрт абяцае быць незабыўным: бо ў адзін вечар і на адной сцэне мы паслухаем арфу і бас-трамбон, флейту і скрыпку, габой і фартэпіяна, кантрабас і фагот – розныя групы інструментаў сімфанічнага аркестра. Паслухаць цудоўную, незабыўную музыку вас запрашаюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Дзіяна Гантарэнка (флейта), Максім Юргілевіч (габой), Міхаіл Белакурскі (кларнет), Ягор Карпачук (фагот), Андрэй Міхалевіч (трамбон), Уладзімір Кавалёў (бас-трамбон), Вераніка Грабоўская (арфа), Галіна Забышная, Ганна Тэран, Ганна Сідорчык (скрыпка) і Павел Прыемка (кантрабас).
Узнёслую фантазію для арфы на тэмы з оперы П. Чайкоўскага «Яўген Анегін» К. Вальтэр-Кюне, гарэзлівы рускі танец з балета «Пятрушка» І. Стравінскага, фрагменты са знакамітай оперы «Поргі і Бэс» Дж. Гершвіна, бліскучае «Венскае капрычыа» Ф. Крэйслера, удумлівы «Д'ябальскі Вальс» для двух бас-трамбонаў С. Верхельста – гэтыя і іншыя яркія творы прагучаць 2.03 у беларускім Вялікім. Пачатак канцэрта ў 18.30.
Партыя фартэпіяна − лаўрэат міжнародных конкурсаў Ірына Буцель.
Рэжысёр − Наталля Кузьмянкова