Жыццё. Сцэна. Лёс

 

5 лютага ў Вялікім тэатры Беларусі стартаваў новы творчы праект “Жыццё ў прафесіі”. Першай яго гераіняй стала народная артыстка краіны Ірына Яромкіна.


Падчас праекта гледачы бліжэй пазнаёмяцца з творчасцю трох вядучых балерын: народнай артысткі Беларусі Ірыны Яромкінай і заслужаных артыстак Рэспублікі Беларусь Людмілы Хітровай і Марыны Вежнавец.


Ініцыятарам праекта выступіў заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб: “Мы выдатна разумеем, што за плячыма трох балерын – вялікая прафесійная, творчая, асабістая гісторыя... А пачалося ўсё з просьбы Марыны Вежнавец станцаваць Дзяўчыну ў балеце “Ілюзіі кахання”. У той момант я настолькі быў здзіўлены, таму што гэта абсалютна не амплуа, як мне здаецца, Марыны. Але я падумаў: а чаму б не... Кожны артыст у нейкі пэўны перыяд часу сутыкаецца з праблемамі далейшага шляху ў тэатры, і выступленне ў новым амплуа дапамагае яму знаходзіць стымул рухацца наперад...”


У гэты вечар на сцэне блістала Ірына Яромкіна. Народная артыстка Беларусі выйшла ў загалоўнай партыі ў балеце на музыку П. І. Чайкоўскага “Ганна Карэніна” (пастаноўка В. Костэль). “Калі мы перачытваем кнігі па некалькі разоў, то кожны раз разумеем іх па-рознаму, і ў мяне падчас танца адбываецца сапраўды гэтак жа. Успрыманне залежыць і ад партнёра, які выступае з табой на сцэне. Сёння я ў першы раз танцую з Канстанцінам Белахвосцікам. Можна сказаць, у нас прэм'ера ў дуэце ў гэтым спектаклі, што стварае атмасферу нечаканасці”, − прызналася Ірына.


5 лютага Ірына Яромкіна распавяла драму Льва Талстога разам з цудоўнымі артыстамі: Канстанцінам Белахвосцікам, Антонам Краўчанкам, Уладзімірам Рудой, Алінай Рудэнка, Аляксандрам Місіюком, Таццянай Уласень, Лізаветай Мусорынай і інш.

У фае тэатра працавала цікавая выстаўка, дзе былі прадстаўлены фатаграфіі балерыны ў знакавых партыях. А пасля спектакля гледачы чакалі балерыну ў фае – для аўтографаў і цёплых зносін.

14 лютага пройдзе пад знакам Людмілы Хітровай: для заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь бенефісным спектаклем у рамках праекта «Жыццё ў прафесіі» стане балет С. Пракоф'ева “Рамэа і Джульета” у пастаноўцы В. Елізар'ева, дзе яна выканае загалоўную партыю.


А 23 лютага заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец прымерыць на сябе зусім новы вобраз – Дзяўчыны ў пастаноўцы І. Колба “Ілюзіі кахання” (балет на музыку Ф. Шапэна, Д. Шастаковіча і Л. Шырына). Гэта будзе бенефісны спектакль для прымы.

Фота: Т. Бервіна, таксама выкарыстаны матэрыял БелТА