Лаўрэат міжнародных конкурсаў − інструментальнае трыа “Глорыя”: Надзея Сянькевіч (скрыпка), Наталля Мурзіна (флейта), Кацярына Акавіцкая (віяланчэль) – заўсёды дорыць знатакам цудоўнага незабыўныя музычныя вечары.
Праграма 4 мая ў Камернай зале, назва якой узята з вядомага твора Аскара Строка – “Шчасце маё...", прысвечана музыцы танга...
“У канцэрце прагучаць як сусветна вядомыя кампазіцыі, так і творы, якія не ва ўсіх на слыху. Нам як музыкам прыемна дакрануцца да музыкі геніяльных Астара Пьяцолы, Карласа Гардэля. Але будзе нямала сюрпрызаў”, − кажа артыстка аркестра Вялікага тэатра Беларусі Надзея Сянькевіч, заснавальнік трыа “Глорыя”.
Сапраўды, немагчыма ўявіць сабе гэтую праграму без музыкі “караля танга” − аргенцінскага спевака, музыканта, кампазітара, акцёра Карласа Гардэля, які ўпершыню адважыўся танга... праспяваць. У канцэрце прагучаць знакамітыя танга ў выкананні вядучых салістаў оперы − заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Сало, Івана Бярэзіна і Дзіяны Трыфанавай. За раялем – лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Дубоўская.