Мінск-Манагуа

 

Гастролі Вялікага тэатра Беларусі ў Нікарагуа арганізаваны пры падтрымцы ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” і ААТ “БЕЛАЗ” – кіруючая кампанія холдзінга “БЕЛАЗ-ХОЛДЗІНГ”.

22 мая артысты Вялікага тэатра Беларусі зноў выступяць у сталіцы Нікарагуа – Манагуа. На сцэне Нацыянальнага тэатра Рубена Дарыа будзе ажыццёўлены сумесны культурны праект − Святочны Гала-канцэрт да Дня маці, у якім прымуць удзел як беларускія, так і нікарагуанскія артысты.

Творчую групу праекта ўзначальвае генеральны дырэктар тэатра, уладальнік медаля Францыска Скарыны, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава. Над пастаноўкай канцэрта працуюць: галоўны дырыжор тэатра, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў, галоўны рэжысёр тэатра, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная, галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.
З нікарагуанскага боку ў канцэрце прымуць удзел сімфанічны аркестр тэатра Рубена Дарыа, оперныя выканаўцы (артысты фонду Incanto – Нікарагуанскага інстытута вакалу) Маўрысіа Дэльгада, Лаўрэана Артэга, Карыме Вальдэс, Мішэль Эрнандэс, Нэльсан Эскабар, Эліза Пікада, Лізабет Бэрыёс, Хасэ Луіс Лейтан, Джошуа Асорна і інш.

На галоўную музычную сцэну горада Манагуа выйдуць: народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Валенцій, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Надзея Філіпава і Дзмітрый Шабеця, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ірына Паляшчук, Аляксандр Міхнюк, Аліна Рудэнка, Уладзімір Руда, Андрэй Барыеў. Дырыжыраваць канцэртам будуць тры маэстра − Арцём Макараў, Нэльсан Гуцьерэс і Габрыэль Чорэнс.

Нагадаем, гэта другая паездка артыстаў Вялікага тэатра Беларусі ў Нікарагуа, першы канцэрт на гэтай сцэне адбыўся ў ліпені 2024-га. (Тады сумесны праект быў прысвечаны дзвюм падзеям − 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 45-годдзю Рэвалюцыі ў Нікарагуа.)

Як і год таму ў канцэрце прыме ўдзел Лаўрэана Артэга − дзяржаўны дзеяч Нікарагуа, а таксама оперны спявак, выпускнік Інстытута Л.Бакерыні і кансерваторыі Дж.Вердзі ў Мілане.
Плануецца, што ў канцэрце 22 мая прагучаць самыя вядомыя арыі з опер “Рыгалета”, “Дон Карлас”, “Травіята” Дж. Вердзі, “Дон Жуан” В. А. Моцарта, “Тоска” Дж. Пучыні, “Поргі і Бэс” Дж. Гершвіна, знакамітыя неапалітанскія песні і іншыя творы. Таксама ў гэты вечар гледачоў чакае вытанчанае спалучэнне класічнага балета і сучаснай харэаграфіі.