Нясвіж-2025. Пастфактум

 

ПАРТНЕРЫ ПРОЕКТА

 

 

 

 

 

 

 

1.040 месцаў - у “галоўнай” зале - у Цэнтральным двары Нясвіжскага замка, 110 крэслаў – у Тэатральнай зале. Практычна ўсе квіткі былі распрададзены!
Традыцыйна першай у чарадзе падзей у рамках праекта стала прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел: мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Антончык, першы намеснік дырэктара музея-запаведніка “Нясвіж” Наталля Жэрка, галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расіі Ігар Колб і галоўны мастак тэатра Любоў Сідзельнікава.
Тры дні − 13 прадстаўленняў. Практычна ўсе творчыя калектывы тэатра (375 чалавек!) адправіліся ў Нясвіж, каб падарыць гледачам радасць сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. Оперы, балеты, канцэрты... Сёлета да свята ў Нясвіжы далучыліся жыхары 19 краін! Гэта − Беларусь, Расія, Германія, Балгарыя, Літва, Польшча, Францыя, Нідэрланды, Швецыя, Аўстрыя, Люксембург, ЗША, Вялікабрытанія, Чэхія, В'етнам, Бразілія, Латвія, Ірландыя, Італія.
Восем разнастайных канцэртаў у Тэатральнай зале замка, адзін - у касцёле Божага Цела. Два казачныя балеты – “Жар-птушка” І.Стравінскага і “Шэхеразада” на музыку М. Рымскага-Корсакава адкрылі “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Прэм'ера гэтага сезону − опера П. І. Чайкоўскага “Яўген Анегін” ад рэжысёра Ганны Маторнай працягнула фестываль на галоўнай пляцоўцы замка ў Цэнтральным двары. А фінальнай кропкай свята стаў феерычны Гала-канцэрт зорак оперы і балета, над пастаноўкай якога працавала Аксана Волкава.
Эмоцыі гэтых трох дзён - у фотарэпартажы.
Фестываль у лічбах
Фестываль опернага і балетнага мастацтва ў Нясвіжы ўпершыню з'явіўся ў 2010 годзе і стаў сапраўдным святам, больш за тое – падзеяй у культурным жыцці краіны. Выбар месца правядзення культурнага праекта быў невыпадковы: яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя княгіня Уршуля Радзівіл заснавала тут прафесійны тэатр, дзе ставіліся оперныя і балетныя спектаклі. Прайшло тры стагоддзі − замак Радзівілаў у Нясвіжы зноў збірае аматараў оперы і балета.
Калі ў 2010 годзе партэр Цэнтральнага двара палаца налічваў 600 месцаў, то праз 15 гадоў правядзення фестывалю іх больш за 1 000! Па статыстыцы на тры дні “Ввечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” вось ужо каторы год з'язджаецца каля 4 000 (!) гледачоў, прычым не толькі беларусаў. Зрэшты, вельмі хутка фестываль заняў некалькі сцэнічных пляцовак: акрамя Цэнтральнага двара замка − тэатральная зала (110 месцаў) і Касцёл Божага Цела (на канцэрты, якія тут праводзіць тэатр, уваход заўсёды вольны).

Пачынаючы з самага першага фестывалю, яго асноўная форма правядзення ўжо склалася: на працягу трох вечароў гледачы могуць убачыць балетны і оперны спектакль, а таксама гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра. Калі ў 2010-м годзе ў рамках “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” прайшло чатыры мерапрыемствы, то сёлета, праз 15 гадоў, іх было трынаццаць.
У 2012-м Вялікі тэатр ужо прывозіў у Нясвіж оперу “Яўген Анегін”, сёлета была прадстаўлена прэм'ера гэтага геніяльнага твора П. І. Чайкоўскага − у рэжысуры Ганны Маторнай.
Цікава, што ў 2015-м “Вечары Вялікага тэатра Беларусі ў замку Радзівілаў” адкрываліся балетамі “Шехеразада” і “Жар-птушка” – гэтымі ж спектаклямі адкрыўся і цяперашні, юбілейны фестываль у Нясвіжы − праз 10 гадоў. Такі юбілей у юбілеі.
Другі год запар сімвалам фестывалю стаў... суслік.
У 2005 годзе ў Чырвоную кнігу Беларусі быў занесены суслік крапчаты − мілы, абаяльны звярок, які жыве... у Нясвіжы! Менавіта таму своеасаблівым сімвалам нашага фестывалю “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” стаў менавіта гэты сімпатычны грызун.
Існуе легенда, што камусьці з уплывовага сямейства Радзівілаў − ці Сіротцы, ці Пане Каханку – так спадабаўся гэты звярок, што ён і прывёз яго да сябе дадому – у Нясвіж. У хуткім часе суслікаў стала вельмі шмат – “як зорачак на небе”. Але цяпер на нясвіжскіх палях жыве толькі некалькі калоній крапчатых. Цяпер актывісты прыкладаюць усе магчымыя намаганні, каб захаваць беларускіх суслікаў. Да гэтай высакароднай місіі далучыўся і тэатр.