“Танцы” у верасні

 

 

Зачаравальнае “Балеро”, пранізлівы “Танец смерці”, гарачая “Кармэн”... На Вечар аднаактовых балетаў “Танцы” 7 верасня запрашае галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб. Гэтыя спектаклі адкрыюць балетны сезон у Вялікім. У гэты вечар будзе гучаць Марыс Равель, Каміль Сен-Санс і Жорж Бізэ.


Нагадаем, над пастаноўкай “Танцаў” працавалі: аўтар ідэі і лібрэта, балетмайстар-пастаноўшчык Ігар Колб, музычны кіраўнік і дырыжор-пастаноўшчык народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, мастак-пастаноўшчык Вольга Мельнік-Малахава, мастак па святлу Яўген Лісіцын, мастак па камп'ютарнай графіцы і відэараду Вікторыя Злотнікава, аўтар арыгінальнай музычнай версіі балета “Кармэн” на музыку Ж. Бізэ – кампазітар Алег Хадоска, галоўны хормайстар – народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.


7 верасня галоўныя партыі ў балеце “Балеро” выканаюць Аліна Рудэнка, Уладзіслаў Каляда, Марыя Музалеўская, Дзяніс Шпак, Дыяна Багатава, Канстанцін Белахвосцік; у “Танцы смерці” – Уладзіслаў Каляда, Антон Краўчанка; у “Кармэн” – Людміла Хітрова, Андрэй Барыеў, Іван Камышоў. У вобразах Лёсу і Року − салістка оперы Дар'я Гаражанка і Антон Краўчанка.


Цела, душа, смерць... Зварот да гэтых трох вымярэнняў у балетах нагадвае: жыццё не чарада разрозненых момантаў, а цэласная траекторыя, дзе кожная кропка напоўнена сэнсам…

 

Лейтматывам сцэнаграфіі спектакля стаў вобраз чартапалоху. Ён нібы сімвал супярэчлівай прыгажосці − калючай, але зачаравальнай. Як нарастаючы рытм “Балеро” гэта кветка, нібы жывы персанаж, прарастае скрозь дзеянне, адлюстроўваючы гісторыю Гульца ў “Танцы…” і трагедыю Кармэн: чартапалох вабіць і раніць, а яго завяданне ў фінале становіцца метафарай гібелі страсці. Мастак-пастаноўшчык Вольга Мельнік-Малахава нібы пераносіць на сцэну шыпы і пялёсткі кветкі – у іх закладзена трагічная гармонія – прыгожае і асуджанае.