28 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі − доўгачаканая прэм'ера − балет П. Чайкоўскага “Шчаўкунок” у новай харэаграфіі − галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба. Гэта падзея адкрые новую старонку ў гісторыі 93-га сезона: гэта першая прэм'ера новага тэатральнага года.
Свет “Шчаўкунка” ажыве на сцэне Вялікага тэатра Беларусі дзякуючы камандзе таленавітых пастаноўшчыкаў: балетмайстру, харэографу, аўтару лібрэта Ігару Колбу; дырыжору-мастацкаму кіраўніку тэатра, народнаму артысту Рэспублікі Башкартастан Арцёму Макараву; мастаку Вользе Мельнік-Малахавай; мастаку па святлу заслужанаму работніку культуры Расійскай Федэрацыі Ірыне Вторнікавай; мастаку па камп'ютарнай графіцы і відэараду Вікторыі Злотнікавай.
“Шчаўкунок” будзе “прачытаны” нанова − дзякуючы смелай і цікавай харэаграфіі Ігара Колба. Нагадаем, для яго гэта будзе чацвёртая вялікая балетмайстарская праца і трэці аўтарскі балет на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Першай пастаноўкай для галоўнага балетмайстра стала містычная драма А. Адана “Жызэль”, затым з'явіліся “Ілюзіі Кахання” на музыку Дз. Шастаковіча, Ф. Шапэна, Л. Шырына і Вечар аднаактовых балетаў “Танцы” (“Балеро” М. Равеля, “Танец смерці” на музыку К. Сен-Санса і “Кармэн” на музыку Ж. Бізэ).
І вось ужо 28 лістапада нас чакае новая харэаграфічная версія самай вядомай казкі – пра Каляды, чароўны час, калі адбываюцца цуды, пра смелую дзяўчынку Мары, пра зачараванага прынца, арэх Кракатук, Караля мышэй… І вядома – пра сапраўднае Каханне… У гэты вечар пачынаецца новае жыццё аднаго з самых вядомых балетаў свету – цяпер у аўтарскай ітэрпрэтацыі Ігара Колба.
Дададзім, што галоўныя партыі рыхтуюць вядучыя салісты балета Людміла Хітрова, Аліна Рудэнка, Дыяна Багатава, Лізавета Мусорына, Надзея Філіпава, Аляксандра Чыжык, Вольга Гайко, Таццяна Уласень, Канстанцін Белахвосцік, Андрэй Барыеў, Юрый Кавалёў, Антон Краўчанка, Дзяніс Шпак, Іван Камышоў, Уладзіслаў Каляда, Дзмітрый Уксуснікаў, Аляксандр Місіюк, Уладзімір Руда і інш.