«Жыццё ў прафесіі» Юрый Траян

 

«Існуе нямала пытанняў, на якія я не ведаю адказу. Магчыма, менавіта гэта і прымушае жыць далей. Мы ўвесь час спрабуем знайсці адказы: хто я, навошта жыў, навошта жыву... Як правіла, гэта рытарычныя пытанні. Надыходзіць новы дзень − і мы працягваем ствараць сябе, уладкоўваць прастору вакол, вучымся ў тых, каго мы самі вучым. Гэта бясконцы працэс. А потым прыходзяць іншыя − і ўсё працягваецца...»


6 кастрычніка 2025 г.народнаму артысту Беларусі – харэографу Юрыю Траяну спаўняецца 75 гадоў. Нарадзіўся Юрый Антонавіч у 1950 годзе ў Мінску. У верасні 1968 года, пасля заканчэння харэаграфічнага вучылішча, быў прыняты ў трупу балета беларускага Вялікага. Хоць упершыню на гэтую сцэну ён выйшаў у 1958-м − як зусім юны артыст міманса.


− Мая маці пачала працаваць касцюмерам у беларускім Вялікім у 1957 годзе, таму нядзіўна, што я з 8 гадоў ужо бегаў па нашым тэатры і засынаў у кулісах, – кажа Юрый Антонавіч. − Але мяне даволі хутка «завербавалі» на самыя розныя дзіцячыя ролі, нават давяралі прамаўляць са сцэны словы, толькі, як правіла, у оперным рэпертуары (усміхаецца), чамусьці ў балеце такія «вялікія артысты» былі не патрэбныя, таму танцоўшчыкам трохі зайздросціў. Ну а паколькі оперу я да 10 гадоў ужо практычна асвоіў – яна была для мяне проста адкрытай кнігай, вырашыў паступіць у харэаграфічнае вучылішча, якое і размяшчалася ў Вялікім. Усё ж такі балет для мяне заставаўся таямніцай, якую вырашыў разгадаць. Я быў надзвычай самастойным хлопчыкам. Сабраўся і пайшоў на ўступныя экзамены, з поспехам вытрымаў усе выпрабаванні − і мяне прынялі. Але першы дзень заняткаў, калі мне вывернулі ступні і прымусілі стаяць нерухома ля станка, апынуўся і апошнім: мне ўсё гэта настолькі не спадабалася, што я кінуў урокі.


Практычна да вясны дырэктар харэаграфічнага вучылішча Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская ўгаворвала маю маму вярнуць якім-небудзь чынам мяне на заняткі, і мама, трэба адзначыць, знайшла спосаб: паабяцала купіць мне веласіпед. Я здаўся. Пасля кідаў балет яшчэ два разы, па самых розных прычынах.


З Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча мяне адлічылі за хуліганскія паводзіны. Дакладней, папярэдзілі: давучышся да канца навучальнага года – і ўсё, едзь у Мінск. Я не стаў чакаць, сабраў рэчы − і дадому. «Ніякага балета!» − сказаў я і паўтараў гэта сабе ўсё лета, а 31 жніўня ногі самі прывялі мяне да легендарнай Клаўдзіі Фёдараўны, якая, зацягваючыся папяросай, сказала: «А я ведала, што ты вернешся...» А ў 25 гадоў, ужо будучы заслужаным артыстам, я атрымаў вельмі сур'ёзную траўму ахілавага сухажылля. Але зноў вярнуўся…


Увогуле, лічу, лёс быў вельмі спрыяльны да мяне, грэх скардзіцца. У вучылішчы сумленна займаўся і ўжо атрымліваў нейкія ролі на тэатральнай сцэне. А калі прыйшоў у Вялікі, тут як раз адбылася змена пакаленняў, і мне вельмі пашанцавала, што тэатру патрабавалася новая хваля артыстаў. Мне далі станцаваць нешта сур'ёзнае − і ў мяне атрымалася, ад спалоху, напэўна (усміхаецца). Праз паўтара гады я ўжо быў салістам. А потым з вялікім поспехам на нашай сцэне прайшоў нацыянальны спектакль «Пасля балю» Генрыха Вагнера паводле аднайменнага апавядання Льва Талстога. Вось «Пасля балю» я і атрымаў званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Мне быў 21 год. І дагэтуль мой «узроставы цэнз» не пабіты: яшчэ ніхто ў гэтым узросце не ўдастойваўся такога ганаровага звання.


На жаль, цяпер балет для мяне ўжо не таямніца. Гэта сур'ёзная прафесія, якая патрабуе намаганняў, нерваў, напружання, вялікай самааддачы і любові да мастацтва, у прыватнасці – да танца. Каб чагосьці дасягнуць, неабходна неверагодна шмат працаваць. Напэўна, і дасягае чагосьці ў гэтай прафесіі той, хто балетам жыве. Я дакладна ведаю: той, хто спыніўся, перастаў укладваць усяго сябе ў танец, ніколі не ўтрымаецца – абавязкова ўпадзе ўніз. І вельмі важна, каб пякельная праца злучалася з нейкай доляй шанцавання, пад руку са шчаслівым лёсам, натуральна, рухацца нашмат лягчэй і прыемней.


Больш за паўстагоддзя Юрый Траян служыў тэатру, прайшоў творчы шлях ад артыста балета да мастацкага кіраўніка балетнай трупы Вялікага. (На працягу 20 гадоў – з 1968 па 1988 гг.быў вядучым салістам балета тэатра, з 1988 па 1989 гг. – дырэктар Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага вучылішча, з 1990 года − намеснік дырэктара Вялікага тэатра Беларусі. З 2008 года – галоўны балетмайстар, з 2009 па 2019 год – мастацкі кіраўнік балета, з 2020 года − галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі. Рашэнне сысці з тэатра прыняў у лютым 2022 года).


Першымі буйнымі працамі маладога танцоўшчыка сталі партыі Рамэа, Зігфрыда, Дэзірэ ў класічных балетах сусветнага рэпертуару. Яны прынеслі Юрыю Траяну першы поспех і першае прызнанне. На працягу сваёй танцавальнай кар'еры Юрый Траян увасобіў на сцэне Вялікага тэатра некалькі дзясяткаў разнапланавых вобразаў.


Сярод найбольш яркіх партый у выкананні артыста: Юнак («Пасля балю» Г. Вагнера); Машэка, Тыль («Выбранніца», «Тыль Уленшпігель» Я. Глебава); Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага); Жан дэ Брыен («Раймонда» А. Глазунова); Альберт («Жызэль» А. Адана); Джэймс («Сільфіда» Х. Левенскольда); Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева); Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж. Бізэ-Р. Шчадрына); Адам («Стварэнне свету» А. Пятрова); Паэт («Карміна Бурана» на музыку К. Орфа); Прынц («Папялушка» С. Пракоф'ева); Базыль («Дон Кіхот» Л. Мінкуса); Спартак у аднайменным балеце А. Хачатурана. Гастрольная дзейнасць артыста ахоплівае больш за 80 краін, сярод якіх дзяржавы Еўропы, Азіі і Афрыкі.


У 1979 годзе Юрыю Траяну было прысвоена званне народнага артыста Беларусі. У 2009 годзе за выдатныя творчыя дасягненні, высокае прафесійнае майстэрства і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У 2014 годзе стаў лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Юрый Антонавіч уладальнік ордэна «Знак Пашаны», ордэна «Дружба народаў», В'етнамскага медаля «Дружба», медаля «Ветэран працы», лаўрэат прэміі Беларускіх прафсаюзаў.


«Адзін з самых інтэлектуальных танцоўшчыкаў, здольны падпарадкаваць волі і розуму ўсе магчымыя тэхнічныя сродкі і без шкоды для эмацыйнага складніка вобразу ўвасобіць на сцэне задуманае, Юрый Траян належыць да тых незабыўных майстроў, якія сфарміравалі аблічча нацыянальнай харэаграфічнай школы і вывелі яе на новы творчы ўзровень...» – пісалі пра Юрыя Траяна тэатральныя крытыкі.


Юрый Траян − стваральнік балетаў «Крылы памяці» Ул. Кандрусевіча, «Трыстан і Ізольда» на музыку Р. Вагнера, «Вітаўт» і «Анастасія» В. Кузняцова.


8 кастрычніка ў гонар Юрыя Антонавіча на беларускай сцэне – балет В. Кузняцова «Анастасія». За дырыжорскі пульт ўстане маэстра Мікалай Калядка, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.


«Ствараючы нацыянальны праект, мы прыцягваем увагу да нашай гісторыі, да таго, што адбывалася да нас. А гэта вельмі важна... − прызнаваўся ў інтэрв'ю Юрый Антонавіч. − Гісторыя Анастасіі Слуцкай − складаная і заблытаная, а для тэатральнай сцэны гэта як раз і цікава. Але, безумоўна, неабходна разумець: балет − гэта не гістарычнае даследаванне. Мы стварылі харэаграфічную легенду і пастараліся ўкрапіць туды, як мага больш арганічна, факты, якія адбываліся ў лёсе галоўных герояў. Так, Анастасія кіравала абаронай Слуцка. Гэта гістарычны факт. Але мне было цікава паказаць перадгісторыю. Праз што давялося прайсці гэтай далікатнай жанчыне, што яна змагла сабраць войска і павесці яго за сабой. Вось што мяне цікавіла...»


У гэты вечар 8 кастрычніка галоўныя партыі ў балеце В. Кузняцова «Анастасія» выканаюць народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна (Анастасія), Антон Краўчанка (Сямён), заслужаны артыст рэспублікі Юрый Кавалёў (Міхаіл Глінскі), уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык (Заіра), Уладзімір Руда (Хан Ахмат), Дзяніс Шпак (Іван).


Нагадаем, творчы праект «Жыццё ў прафесіі», у рамках якога і пройдзе паказ харэаграфічнай легенды 8 кастрычніка, быў ініцыяваны галоўным балетмайстрам тэатра, заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі Ігарам Колбам у мінулым сезоне. У гэтым тэатральным годзе праект працягнецца: гледачоў чакаюць сустрэчы ў Вялікім з народнымі артыстамі краіны − Юрыем Траянам, Вольгай Гайко і Антонам Краўчанкам.